Пошук

04.04.2026 20:47   Паводле: pinskdiocese.by

Віншаванні з Вялікаднем кіруе духавенству, кансэкраваным асобам і вернікам біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

«Я — уваскрасенне і жыццё.
Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць»
(Ян 11, 25).

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Людзі добрай волі!

З радасцю і надзеяй увесь хрысціянскі свет сустракае урачыстасць Уваскрасення нашага Пана Езуса Хрыста. Адным з першых дароў Змёртвыхпаўсталага Божага Сына для Яго вучняў быў дар супакою. Калі Ён прыйшоў у дзень Пасхі да апосталаў, сказаў ім знамянальныя словы, якія глыбока замацаваліся ў літургічнай традыцыі Касцёла: «Супакой вам!» (гл. Ян 20,19). Гэтыя першыя велікодныя словы Уваскрослага Збавіцеля гучаць рэхам над бурлівымі хвалямі гісторыі гэтага свету, якому так неабходныя Божыя дары прымірэння і паяднання. Таму ў святле Пасхі з асаблівым даверам мы ўслухоўваемся ў поўныя ўсепераможнай моцы словы Езуса Хрыста: «Супакой вам!.. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца!» (пар. Ян 14,1; 20, 21).

Дарагія браты і сёстры! З нагоды ўрачыстасці Хрыстовага Уваскрасення хачу пажадаць усім нам, каб дар пасхальнага супакою, які прыносіць Божы Сын, напоўніў кожнае сэрца і кожны дом. Няхай сузіранне таямніцы трыумфу жыцця ўмацуе нашую веру, надзею і любоў. Жадаю, каб радасць нязгаснага святла велікоднай раніцы раз’ясняла кожны шлях, кожную сям’ю і месцы працы. Няхай нашыя сустрэчы і адносіны будуць напоўненыя пасхальным цяплом згоды і дабразычлівасці.

Схіляючыся перад таямніцай Уваскрасення Божага Сына, просім Яго благаслаўлення, каб кожны чалавек мог знайсці дарогу да сапраўднага і вечнага шчасця. Няхай міласэрны і поўны збаўчай любові позірк Хрыста-Пераможцы прынясе супакой і надзею асабліва туды, дзе яны найбольш неабходныя. А ззянне пасхальнага светача дабра, праўды і жыцця няхай стане для кожнага з нас невычэрпнай крыніцай аптымізму ў рэалізацыі нашых штодзённых заданняў і планаў на будучыню.

Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! Аллелюя!

+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Пінск, Вялікдзень 2026 г.

Абноўлена 04.04.2026 23:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.