
Ва ўрачыстасць Звеставання Пана 25 сакавіка ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыўся дзень засяроджання.
Праходзіў ён адметным чынам — у цішыні, што надавала гэтай сустрэчы адмысловы характар у кантэксце Вялікага посту. Дзень засяроджання даваў удзельнікам магчымасць вучыцца слухаць тое, што рыхтуе для кожнага Бог, а прыкладам для іх была Панна Марыя, якая прыняла волю Бога ў цішыні свайго дома ў Назарэце, — гэтая падзея якраз і ўспамінаецца ва ўрачыстасць Звеставання Пана.
Удзельнікі дня засяроджання адзначылі, што ён стаў для іх «асаблівым часам сустрэчы з Богам»:
«Калі змаўкае знешні шум, пачынае гучаць голас сумлення і Божае слова» .
«Сапраўдная малітва заўсёды вядзе да канкрэтных учынкаў», — дадалі ўдзельнікі ў сувязі з тым, што ў гэты дзень многія з іх далучыліся да справы абароны зачатага жыцця, узяўшы на сябе абавязак на працягу дзевяці месяцаў штодня маліцца за дзіця, якому пагражае смерць ва ўлонні маці.
Такім чынам, па іх словах, гэты дзень стаў «часам не толькі маўчання, але і адказнасці за самае каштоўнае — дар жыцця».
«Гэта наша fiat Богу, які ёсць Жыццё»,
— патлумачылі семінарысты.





















