Пошук

03.04.2026 12:32   Catholic.by

2 красавіка ў Вялікі чацвер — дзень устанаўлення Панам Езусам сакрамэнтаў святарства і Эўхарыстыі — святары Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі канцэлебравалі святую Імшу Хрызма разам са сваімі біскупамі ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, падчас якой аднавілі свае святарскія абяцанні.

На пачатку святой Імшы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі прывітаў святароў архідыяцэзіі прысутных і тых, хто з розных прычынаў не змог удзельнічаць у цэлебрацыі, грэміяльных і ганаровых канонікаў, ксяндзоў прэлатаў, а таксама кансэкраваных асобаў, семінарыстаў Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Гродне, міністрантаў, прадстаўнікоў касцёльных рухаў, парафіян і гасцей катэдральнай парафіі.

Таксама арцыпастыр прывітаў і падзякаваў за прысутнасць Генеральнаму вікарыю Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупу Юрыю Касабуцкаму, арцыбіскупу эмэрыту Тадэвушу Кандрусевічу, сакратару Апостальскай нунцыятуры мансеньёру Кшыштафу Сэроку, які прадстаўляў Апостальскага нунцыя арцыбіскупа Іньяцыё Чэффаліа, протасінкелю айцу Яўгену Усошыну, прадстаўніку архімандрыта Сяргея Гаека, Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў у Беларусі.

Выразы духоўнай лучнасці Мітрапаліт перадаў біскупу Аляксандру Яшэўскаму SDB і святарам магілёўскай часткі архідыяцэзіі, якія ў гэты дзень цэлебравалі Імшу Хрызма ў магілёўскай конкатэдры.

Арцыпастыр павіншаваў з 25-гадовым юбілеем святарства прысутных на Імшы ксяндза каноніка Пятра Шарко, ксяндза Віктара Шчучко, а таксама ксяндза Уладзіміра Русака, ксяндза Уладзіслава Лазара, ксяндза Канстанціна Караку.

Віншаванні таксама прагучалі ў адрас ксяндза каноніка Ігара Лашука з нагоды яго 60-годдзя, галоўнага рэдактара часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера» спадарыні Крыстыны Лялько з нагоды яе 70-годдзя, дырэктара выдавецтва «Pro Christo» спадарыні Аліны Новікавай з нагоды дня нараджэння.

У гаміліі арцыбіскуп Станеўскі адзначыў, што сёння ў сэрцых сабраных «гучыць гімн падзякі і хвалы Таму, хто ў гэты час выбраў сваіх слугаў і паклікаў быць часткай Яго Паўсюднага і лакальнага Касцёла ў Беларусі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі». Святая Імша Хрызма гэта выраз еднасці прэзбітэрыя з біскупам, пацвярджэнне, што ў сабраных «адно сэрца і адна душа».

«"Дух Пана на Мне, бо Ён намасціў Мяне абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім"» (Лк 4,18). Гэтыя словы сёння можам паўтараць і мы, святары, бо мы атрымалі таго ж Духа, які сышоў на нас і асвяціў нас, выціскаючы непазбыўную пячаць (пар. ККП, кан. 1008) якая набываецца дзякуючы намашчэнню святым хрызмам, як тое, якое мы благаслаўляем у гэтай урачыстасці разам з алеем хворых і алеем катэхуменаў. Гэта Дух Пана асвяціў нас, каб мы належалі Хрысту і, такім чынам, былі падобнымі да Яго, вечнага Першасвятара. Аднак у той жа час Ён асвяціў нас для місіі, гэта значыць абвяшчаць Евангелле ўсім — без выключэння, без вызначэння колькасці вернікаў і адлегласці ад курыі»,

навучаў арцыпастыр.

Мітрапаліт нагадаў, што 2026 год абвешчаны Папам Львом XIV Годам святога Францішка з Асізі, і гэта з'яўляеццца заахвотай для кожнага святара «адбудаваць або пабудаваць Касцёл, што здзяйсняецца праз евангелізацыю, перадачу веры». Паводле прамоўцы, гэта нялёгкая справа, аднак, удзячныя сваім продкам за захаванне веры і Богу за 35 год Мінска-Магілёўскай мітраполіі і архідыяцэзіі, «мы не павінны паддавацца страху, смутку, расчараванню або дазваляць стомленасці апанаваць нас».

Адзначыўшы, што ў месяцы красавіку вернікі моляцца ў папскай інтэнцыі за святароў, якія перажываюць крызіс, арцыбіскуп Станеўскі параіў шляхі «прафілактыкі» крызісаў: штомесячныя дні засяроджання, навуковыя канферэнцыі, рэкалекцыі, духоўныя разважанні і літаратуру своеасаблівы «духоўны допінг» для святара, каб ён не стаміўся ў працэсе пошуку чалавека і Бога.

«"Дзе радасць — будзе шчасце, дзе малітва — будзе Бог, дзе Бог — будзе бласлаўленне”. Таму яшчэ адна ўмова нашага актыўнага служэння — гэта радасць, бо радаснага даўцу любіць Бог (пар 2 Кар 9, 8). Мы не можам перадаваць радаснае пасланне Евангелля з сумным тварам: радасць Евангелля ў тым, што Хрыстус жыве!»

заклікаў прэзбітэраў да радаснага служэння арцыбіскуп.

Звяртаючыся да досведу Папы Льва XIV, Мітрапаліт акцэнтаваў таксама неабходнасць асабістых, а не дыстанцыйных святарскіх сустрэч, каб дзяліцца радасцямі і цяжкасцямі жыцця, і важнасць будавання сувязяў, пачынаючы з семінарыі.

«Найбольшай небяспекай, мне здаецца, з'яўляецца зайздрасць, гэта значыць няздольнасць радавацца талентам брата»,

— працытаваў словы Папы Льва XIV арцыбіскуп.

Напрыканцы гаміліі ўсім, хто праз хрост удзельнічае ў святарстве Хрыста, гэта значыць усім прысутным: і святарам, і кансэкраваным асобам, і міністрантам, і вернікам, арцыбіскуп выказаў самыя шчырыя віншаванні, пажаданні і словы ўдзячнасці.

Затым былі асвечаныя алеі хрызма, катэхуменаў і хворых.

Пасля святой Імшы словы віншавання біскупам і святарам выказалі прадстаўнікі кансэкраваных асобаў і апостальскага руху «Маргарытка», які асаблівым чынам малітоўна падтрымлівае святароў.

У знак удзячнасці і павагі да служэння, устаноўленага Хрыстом, кожны з прэзбітэраў атрымаў белую ружу.

Абноўлена 03.04.2026 15:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.