Пошук

25.03.2026 07:32   Тэкст: Philip Kosloski, Aleteia / Пераклад і адаптацыя: Catholic.by
Выява ілюстрацыйная

У самым сэрцы Вялікага посту Касцёл адзначае ўрачыстасць, прысвечаную ўцелаўленню Езуса Хрыста ва ўлонні Дзевы Марыі. Гэтая ўрачыстасць перарывае пост і пакаянне, каб адсвяткаваць прыйсце Езуса ў свет.

У Евангеллях не згадваецца дакладная дата ўцелаўлення Езуса, а таксама яго нараджэння. У выніку раннія хрысціяне былі вымушаны вызначыць канкрэтныя дні ў календары для гэтых святкаванняў, улічваючы як вусныя, так і пісьмовыя традыцыі.

Пасля дбайных разважанняў і шматлікіх дыскусій Касцёл у рэшце рэшт вызначыў дату Звеставання — 25 сакавіка. Яна адносіцца да ІІІ ці IV стагоддзя і была ўстаноўлена так, каб супала з днём смерці Езуса. Каталіцкая энцыклапедыя тлумачыць прычыны такога разліку.

Важнасць 25 сакавіка

Уся хрысціянская старажытнасць (насуперак усім астранамічным магчымасцям) прызнавала 25 сакавіка сапраўдным днём смерці Пана. Меркаванне, што ўцелаўленне таксама адбылося ў гэты дзень, сустракаецца ў псеўдакіпрыянічнай працы «De Pascha Computus» каля 240 года. У ёй сцвярджаецца, што прыйсце нашага Пана і Яго смерць павінны былі супасці са стварэннем і грэхападзеннем Адама. А паколькі свет быў створаны вясной, Збаўца таксама быў зачаты і памёр неўзабаве пасля вясновага раўнадзенства. Старажытныя мартыралогі адносяць да 25 сакавіка стварэнне Адама і распяцце Пана; таксама грэхападзенне Люцыфера, пераход Ізраэля праз Чырвонае мора і ахвярапрынашэнне Ісаака.

Вясна была падыходзячым часам для святкавання гэтых падзей з жыцця Хрыста, бо прыродны свет адлюстроўваў ідэю адраджэння і абнаўлення. Некаторыя старажытныя хрысціяне верылі, што чалавек памірае ў той жа дзень, калі ён быў зачаты.

Святы Аўгустын у V стагоддзі пісаў пра гэтыя даты ў сваёй кнізе «Пра Тройцу»:

«Бо лічыцца, што Ён быў зачаты 25 сакавіка, у гэты ж дзень Ён і ўкрыжаваны; таму ўлонне Дзевы, у якім Ён быў зачаты, дзе ніхто са смяротных не быў зачаты, адпавядае новай магіле, у якой Ён быў пахаваны, у якую ніколі не клалі чалавека ні да таго, ні пасля. Але Ён нарадзіўся, паводле пісання, 25 снежня».

Здаецца, што дата Каляд у Рымскім Касцёле была вызначана пасля ўстанаўлення даты Уцелаўлення Езуса. У выніку Каляды святкаваліся праз 9 месяцаў пасля 25 сакавіка, улічваючы прыблізны час развіцця дзіцяці ва ўлонні маці.

25 сакавіка быў днём, поўным сімвалізму для ранніх хрысціян, і застаецца важным днём для хрысціян ва ўсім свеце.

У апошні час у Касцёле ўзнікла традыцыя здзяйсняць ва ўрачыстасць Звеставання Пана акт духоўнага ўсынаўлення зачатага дзіцяці. Гэты акт заключаецца ў тым, што чалавек дае абяцанне на працягу дзевяці месяцаў маліцца за адно зачатае дзіця, каб яно змагло з’явіцца на свет, а не стала ахвяраю аборту.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа