
Напярядадні ўрачыстасці Звеставання Пана, калі адзначаецца таксама Дзень святасці жыцця, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Старшыня ККББ, кіруе да вернікаў пастырскае слова.
Пастырскае слова на ўрачыстасць Звеставання Пана
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
Арцыбіскупа Юзафа Станеўскага
«Вітай Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою»
(пар. Лк 1, 28)
Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце!
«Анёл, увайшоўшы да Марыі, сказаў: “Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою”» (пар. Лк 1, 28) — гэтыя словы анёла з Евангелля ведае кожны католік, бо яны з’яўляюцца зместам вядомай нам малітвы «Вітай, Марыя». Менавіта сёння, 25 сакавіка, у Каталіцкім Касцёле адзначаецца ўрачыстасць Звеставання Пана, прысвечаная надзвычайнаму моманту, калі арханёл Габрыэль абвясціў Марыі, што Яна народзіць Сына Божага, Езуса Хрыста. Для ўсіх нас гэта вялікая падзея, бо яна паклала пачатак новай эры для чалавецтва. Можа, мы не зусім усведамляем, што менавіта ад гэтай падзеі, ад дыялогу арханёла Габрыэля з Марыяй, юнай дзяўчынай з Назарэту, залежаў лёс усяго свету. Гэты дыялог адбыўся без сведкаў, толькі пазней Марыя расказала пра яго святому Луку, які запісаў найважнейшыя падзеі ў Евангеллі. Святы Бэрнард пісаў, што ўвесь нябесны двор з нецярплівасцю чакаў Яе згоды, запанавала незвычайная цішыня, калі ўсё стварэнне застыла, чакаючы ад Божай Абранніцы гэтага кароткага слова fiat, ад якога залежала будучыня чалавецтва. Увага ўсіх анёльскіх хораў была сканцэнтравана на тым месцы, дзе адбыўся дыялог, які павінен быў распачаць новы і канчатковы раздзел у сусветнай гісторыі. Вучэнне Касцёла падае, што ў падзеі Звеставання аб’яўляецца Найсвяцейшая Тройца. Безумоўна, тут прысутнічае Бог Айцец, бо рэалізуецца Яго план збаўлення, поўны любові. Ён пасылае Арханёла да Найсвяцейшай Панны з Назарэту; Сын Божы прыходзіць, каб выканаць гэты план у поўнай любові паслухмянасці Айцу; Дух Святы — моц любові Айца і Сына, здзяйсняе так, што ўсё становіцца рэальнасцю.
Мае дарагія. Гэтая далёкая падзея нясе ў сабе таямніцу, якая пазначае жыццё кожнага з нас. Чаму вучыць нас Назарэт, які называюць санктуарыем жыцця? Перш за ўсё, таму, якім вялікім дарам з'яўляецца жыццё і як яго трэба прымаць.
Звеставанне — гэта пачатак нашага збаўлення. Гэта знак таго, што жыццё нельга разглядаць толькі ў вымярэнні фізічнага існавання. Кожны новы чалавек — гэта пачатак шляху да Бога, ад якога паходзіць святы дар жыцця. Наша жыццё становіцца паўнавартасным толькі тады, калі ў ім прысутнічае Бог, калі разам з фізічным ростам нараджаецца і развіваецца духоўнае жыццё.
Пазітыўны адказ Найсвяцейшай Панны Марыі на анёльскае пасланне — гэта плён найвышэйшай свабоды, гэта выбар Бога і таму вельмі важны момант. Але гэта толькі пачатак. Святы Ян Павел II нагадвае нам: «Звеставанне, безумоўна, з'яўляецца паваротным момантам, але ў той жа час гэта таксама кропка адліку, з якога пачынаецца ўвесь шлях да Бога: увесь шлях веры Марыі» (Redemptoris Mater, 14). Дасягненне такой сталасці веры патрабавала намаганняў усяго жыцця Найсвяцейшай Панны. Гэта была вялікая праца, бо свабода ад граху, якой была адорана Марыя, не азначае адсутнасці Яе намаганняў у жыцці верай, адсутнасці дыялогу з Богам. Вера ўмацоўваецца сярод выпрабаванняў і досведу, а жыць у адпаведнасці з патрабаваннямі веры — гэта вельмі вялікія намаганні духа.
Мае дарагія. Марыя вучыць нас казаць Богу «так» у нашым паўсядзённым жыцці. Казаць «так» кожны дзень — у нябачных і ціхіх ахвярах. Такім чынам, Марыя паказвае нам, ад чаго залежыць звышнатуральная вартаснасць нашага жыцця і чым яна вымяраецца. Хоць Марыя і ўзвышана Богам над анёламі і святымі, Яна вядзе простае жыццё. Яе сэрца перажывае не толькі радасць і ўздым, але таксама цярпенні і слёзы, якіх хапае і ў нашым зямным жыцці. Марыя адказвае Арханёлу свабодным сэрцам, поўным веры. Гэты адказ дазваляе расквітнець у Ёй Божай любові. Бог часта распачынае свае справы менавіта так. Ён піша гісторыю збаўлення праз гісторыю канкрэтных людзей. Але недастаткова проста захапляцца Найсвяцейшай Паннай Марыяй; мы павінны браць з Яе прыклад. Слухаючы Яе дыялог у Назарэце, мы можам адкрыць для нашай веры і малітвы тры напрамкі або тры сцяжынкі.
- Першая, калі Марыя кажа «Вось, я — слуга Пана», — гэта прастата веры, якая вынікае з даверлівага выканання Божай волі.
- Другая, калі Яна пытаецца «Як гэта станецца?» — гэта пастава шчырасці ў слуханні Бога і адказе на Яго слова.
- Трэцяя — гэта пастава ахвярнай любові, усведамленне таго, што fiat Марыі з’яўляецца не толькі згодаю на звычайнае нараджэнне Езуса, але таксама і на ўдзел ва ўсёй справе збаўлення.
У гэтай сцэне Марыя вучыць нас засяроджвацца на дары Асобы Езуса, бо ў цэнтры таямніцы Звеставання знаходзіцца Езус, а не Марыя. Згода Панны Марыі нібы натхняе, каб кожны задаў сабе пытанне: ці з'яўляецца Бог найважнейшым у маім асабістым свеце ўвогуле і кожны дзень? Бо кожны дзень у нас ёсць сваё маленькае звеставанне, калі Бог пытаецца: ці аддасі ты Мне ўсё сваё сэрца? І кожны дзень — гэта запрашэнне для маёй душы стаць слугою Пана. Ці ўсведамляю я, што Божае жыццё ўва мне немагчымае без паслухмянасці, ахвярнасці і шчырасці? Таму варта памятаць словы папы Клімэнта XI, які часта паўтараў: Пане, паколькі я хачу адказаць на Тваю любоў, таму «хачу таго, чаго Ты жадаеш, бо Ты так хочаш».
Умілаваныя.
Таямніца Звеставання — гэта заклік да нашых сэрцаў і ўсіх нашых супольнасцяў, каб мы сталі санктуарыямі жыцця. Усведамленне таго, што мы можам быць жыллём Бога, прыносіць пачуццё сапраўднай вартаснасці.
Калі Марыя стала жыллём Бога — Жыцця — Яна напоўнілася сапраўднай радасцю. Гэтае Жыццё прыходзіць да нас праз Яе. Такім чынам, Яна — Прычына нашай радасці, як молімся ў Ларэтанскай Літаніі.
Сёння мы разважаем пра пачатак нашага збаўлення. Сапраўднае Жыццё прыйшло да нас. Мы святкуем такі момант, калі Бог згадзіўся прыняць цела, наша чалавечае цела. Мы адзначаем падзею, калі прыходзіць Езус, які ў целе хоча нас адкупіць. Ён разумее наш боль — ён Яму не чужы, а зразумелы. Сённяшняя падзея падкрэслівае таксама вартаснасць нашага цела, бо мы ўваскрэснем у целе, яно прыдасца нам падчас уваскрашэння, таму трэба клапаціцца пра яго і шанаваць яго.
Браты і сёстры. Сёння, ва ўрачыстасць Звеставання, мы таксама адзначаем Дзень святасці жыцця. У першую чаргу нам трэба памятаць, што нашае жыццё — святое.
Святасць — гэта не якаясьці маральная ці этычная дасканаласць. Святасць жыцця азначае тое, што яна мае крыніцу ў Святым, гэта значыць, яе крыніца — ў Богу. Жыццё кожнага з нас святое, бо належыць Богу, Ён трымае яго ў сваіх далонях.
Таму няхай нашыя сэрцы напоўняцца сапраўднай радасцю, а кожны дзень будзе верным адказам — прабываннем у Жыцці, прабываннем у Езусе, нашым Збаўцы.
У сваёй энцыкліцы Evangelium vitae («Евангелле жыцця») святы Ян Павел II падкрэсліў неабходнасць «абуджаць у сумленнях, у сем'ях, у Касцёле і ў грамадстве чуласць да сэнсу і каштоўнасці чалавечага жыцця ў кожны момант і ў любым стане» і абараняць яго. Таму 7 сакавіка ў Духоўным цэнтры Каталіцкага Касцёла Беларусі — Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай — адбыўся шосты дзень Агульнабеларускай навэнны, які быў прысвечаны малітве аб захаванні хрысціянскіх традыцый і перапрашэнню за грахі супраць жыцця. Перапрашаючы за грахі супраць жыцця, памятайма, што кожны вернік павінен абараняць жыццё, павінен быць апосталам цывілізацыі жыцця, дапамагаць праз ўдзел у акцыі «Духоўнага ўсынаўлення» ненароджаных дзетак.
Духоўнае ўсынаўленне ненароджанага дзіцяці — гэта малітва за дзіця, якому пагражае небяспека смерці яшчэ да яго нараджэння. Каб духоўна ўсынавіць ненароджанае дзіцятка, дастаткова толькі ўзяць на сябе пастанову маліцца за дзіця і яго бацькоў на працягу дзевяці месяцаў.
Браты і сёстры. Духоўнае ўсынаўленне не патрабуе шмат часу, бо складаецца з кароткай адмысловай малітвы і адной таямніцы Ружанца кожнага дня.
Мае дарагія. Давяраючы наш Касцёл, усіх вернікаў, наш народ матчынай апецы Марыі, молімся, каб чалавечае жыццё шанавалася ад зачацця да натуральнай смерці, каб нашыя сем’і былі сапраўдным аазісам хрысціянскіх каштоўнасцяў і святасці. Беззаганная Панна Марыя, Каралева сем’яў, Маці надзеі, маліся за нас!
На дзейнасць дзеля абароны жыцця і на глыбокае перажыванне Вялікага посту ад усяго сэрца благаслаўляю: у імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
19 сакавіка 2026 года
Урачыстасць святога Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі







