Ва ўрачыстасць Звеставання Пана, якая зазвычай святкуецца 25 сакавіка, Каталіцкі Касцёл адзначае таксама Дзень святасці жыцця.
У гэты дзень вернікі асаблівым чынам разважаюць пра дар жыцця і дзякуюць за яго Стварыцелю. Аднак гэта нагода не толькі задумацца пра сваё жыццё, але таксама паклапаціцца пра жыццё найбольш безабаронных: зачатых, але яшчэ не народжаных дзяцей, якім пагражае знішчэнне.
Дзеля ацалення жыцця дзіцяці, якому пагражае аборт, Касцёл прапануе ў гэты дзень распачаць акцыю Духоўнага ўсынаўлення.
Рух Духоўнага ўсынаўлення ўзнік у Касцёле адразу ж пасля аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме ў 1917 г. Ён стаў адказам на заклік Багародзіцы да малітвы Ружанца, пакаяння і кампенсацыі за грахі, якія найбольш раняць Яе Беззаганнае Сэрца. У Касцёле на Беларусі гэты рух пачаў развівацца пасля заканчэння савецкага пераследу веры і штогод набірае ўсё больш паслядоўнікаў.
Да ўдзелу ў гэтай ініцыятцыве заклікаюць вернікаў у сваім Пасланні на Дзень святасці жыцця каталіцкія біскупы Беларусі.
Што такое Духоўнае ўсынаўленне?
Гэта малітва ў інтэнцыі дзіцяці, якому пагражае небяспека аборту — забойства ва ўлонні маці. Гэтая малітва працягваецца столькі ж, колькі нармальная цяжарнасць — дзевяць месяцаў.
Той, хто духоўна ўсынаўляе ненароджанае дзіця, ад урачыстасці Звеставання Пана да ўрачыстасці Божага Нараджэння штодзённа моліцца ў гэтай інтэнцыі адну таямніцу Ружанца, папярэджваючы яе спецыяльнай малітвай за ненароджанае дзіцятка і ягоных бацькоў.
Духоўныя ўсынавіцелі не ведаюць, за якое дзіцятка яны моляцца і хто з’яўляецца ягонымі бацькамі: гэта ведае толькі Бог.
Усе, хто жадае далучыцца да акцыі Духоўнага ўсынаўлення, могуць зрабіць гэта ў касцёле падчас спецыяльнай урачыстай св. Імшы, а таксама прыватна. Аднак незалежна ад таго, якім чынам адбываецца ўсынаўленне, неабходна верна выконваць узяты на сябе абавязак і звязаныя з ім пастановы. Да малітвы рэкамендуецца дадаць нейкія добрыя пастановы, напрыклад, часта спавядацца і прымаць св. Камунію, рэгулярна чытаць Святое Пісанне, пасціцца, змагацца з дрэннымі звычкамі, дапамагаць патрабуючым.
Стаць духоўным усынавіцелем ненароджанага дзіцяці можа кожны, нават тыя, хто жыве ў несакрамэнтальных саюзах (без шлюбу) і з гэтай прычыны не можа прымаць св. Камунію. Дзеці прымаюць на сябе абавязак Духоўнага ўсынаўлення пад апекаю сваіх бацькоў. У Духоўным усынаўленні можна ўдзельнічаць штогод пры ўмове таго, што абавязкі належным чынам выконваюцца.
Нельга ўсынаўляць больш за адно дзіця.
Духоўнае ўсынаўленне датычыцца толькі адной безабароннай чалавечай істоты, якой пагражае забойства ва ўлонні маці і чыё імя ведае толькі Бог.
Калі раптам здарыцца вялікі перапынак у малітве (месяц), акцыю неабходна распачаць нанава і старацца захаваць прынятыя на сябе абавязкі.
Пане Езу, праз заступніцтва Марыі, Маці Тваёй, якая нарадзіла Цябе з любоўю, а таксама праз заступніцтва святога Юзафа, чалавека даверу, які апекаваўся Табою пасля народзінаў, прашу Цябе ў інтэнцыі гэтага ненароджанага дзіцяці, якое духоўна ўсынаўляю і якое знаходзіцца ў небяспецы аборту. Прашу, дай яго бацькам любоў і адвагу, каб яны не забівалі свайго дзіцяці, а пакінулі яму жыццё, якое Ты сам гэтаму дзіцяці прадвызначыў. Амэн.
Чытаецца адвольна выбраная таямніца Ружанца.