
Адкрытасць на жыццё з адказным мацярынствам і бацькоўствам з’яўляецца праектам, які Стварыцель упісаў у сэрцы і целы мужчын і жанчын, з’яўляецца місіяй, якую Пан давярае сужонкам і іх любові.
Папа Францішак, була Spes Non Confundit, 9
Шаноўныя браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы, умілаваныя ў Хрысце Пану сёстры і браты!
1. У чарговы раз у нашым жыцці Божы Провід дазваляе нам схіліць нашыя калені і занурыцца ў таямніцу Звеставання Пана. Столькі разоў у нашым жыцці мы перажывалі гэтую падзею, якая змяніла лёс чалавецтва, аднак кожны раз мы адкрываем штосьці, што ўмацоўвае нашае хрысціянскае жыццё. Бо няшмат ёсць хрысціянскіх свят, такіх важных для ўмацавання нашай веры, як Звеставанне Пана. Чаму так? Чаму менавіта гэтая сустрэча анёла Габрыэля са сціплай Дзяўчынай па імені Марыя стала такой важнай для цэлага свету? Адказ адзін: бо гэта адна з найважнейшых падзей у гісторыі збаўлення, яна азначае пачатак новых часоў і новага запавету паміж Богам і чалавекам. Менавіта праз Звеставанне пачынаецца Божы план, кульмінацыяй якога будзе нараджэнне Езуса.
Калі мы паглыбляемся ў таямніцу Звеставання Пана, то заўсёды вяртаемся да таго моманту, у якім евангеліст апісвае сустрэчу Марыі з арханёлам Габрыэлем у малой вёсцы Назарэт. Гэтая сустрэча цалкам зменіць лёс чалавецтва, бо арханёл Габрыэль, які быў пасланнікам Бога, абвясціў аб хуткім нараджэнні Месіі, а Марыя прыме ў гэтым неацэнны ўдзел. Тут мы гаворым пра веру ў тое, што Езус Хрыстус прыняў чалавечае цела ва ўлонні Панны Марыі. Менавіта з гэтай прычыны Звеставанне раней называлася святам Божага Уцелаўлення.
Папа Францішак у буле Spes Non Confundit, якая абвяшчае Звычайны Юбілей 2025 года, піша, што
«гэта сцэна, якая выклікае найвялікшае здзіўленне і ўзрушанасць, таму што Бог, Найвышэйшы, Усемагутны, праз Анёла вядзе дыялог — дыялог з маладой дзяўчынай з Назарэта, просячы Яе супрацоўнічаць у сваім плане Збаўлення. Жанчына з малой, перыферыйнай вёскі назаўсёды становіцца цэнтрам гісторыі: ад Яе адказу залежыць доля чалавецтва, якое зноў можа вярнуць усмешку і надзею, бо яго лёс апынуўся ў добрых руках»
(Папа Францішак, була Spes Non Confundit, 9).
Папа Францішак звяртае ўвагу, што Звеставанне Марыі было вырашальным момантам у гісторыі збаўлення чалавека, калі гэты чалавечы адказ зрабіў магчымым Уцелаўленне Сына Божага. Марыя ў сваім «fiat» стала ўзорам поўнага даверу Богу.
2. Сёння, калі мы ў чарговы раз адзначаем Дзень святасці жыцця, Папа Францішак перад абліччам сучасных праблем заклікае нас падумаць, на што мы ўскладаем надзею і дзе шукаем сапраўднага шчасця. Нагадаем, што Дзень святасці жыцця быў устаноўлены ў Касцёле як адказ на зварот святога Яна Паўла II, змешчаны ў энцыкліцы Evangelium Vitae, абвешчанай 30 гадоў таму, 25 сакавіка 1995 года У ёй Папа між іншым напісаў, што
«Чалавек і яго жыццё паўстаюць перад намі як адзін з найвялікшых цудаў тварэння…»(Ян Павел II, Evangelium Vitae, 84). Дзень святасці жыцця адзначаецца за дзевяць месяцаў да Божага Нараджэння, а яго мэта — абудзіць адчувальнасць да сэнсу і каштоўнасці чалавечага жыцця на кожным яго этапе і звярнуць увагу на неабходнасць асаблівага клопату пра яго. Папа Францішак звяртае ўвагу на тое, што, на жаль,
«няшмат тых, хто змагаецца за абарону жыцця ў свеце, у якім з дня ў дзень вырабляецца ўсё больш узбраення, у якім штодзённа прымаюцца новыя законы супраць жыцця, у якім з кожным днём развіваецца культура адмаўлення, пазбаўлення таго, што не патрэбна, што перашкаджае»(Папа Францішак, «Анёл Панскі», 04.02.2018), але ж чалавечае жыццё прыгожае, ім варта захапляцца і, перадусім, бараніць яго. У рэшце рэшт, чалавечае жыццё
«з’яўляецца праектам, які Стварыцель упісаў у сэрцы і целы мужчын і жанчын, з’яўляецца місіяй, якую Пан давярае сужонкам і іх любові»(Папа Францішак, була Spes Non Confundit, 9). Сёння, адзначаючы Дзень святасці жыцця, мы ўсведамляем, што служыць чалавечаму жыццю — значыць служыць Богу і кожнаму жыццю: і таму, якое ва ўлонні маці, і таму, якое састарэлае, церпячае і хворае.
3. Сёння мы жывём у такім свеце, дзе чалавечае жыццё ўсё яшчэ мала шануецца. Свет, засяроджаны на эканамічным развіцці, матэрыяльным узбагачэнні, забывае, што дасягненні чалавецтва нічога не вартыя без пашаны да чалавечага жыцця. У свеце ёсць так шмат дзяржаў, якія робяць законным права на забойства дзіцяці ва ўлонні маці, пры гэтым абараняючы законам жыццё жывёл, якія часта даюць патомства. «Многія пары, хоць і не хочуць мець дзяцей, аднак маюць па два сабакі і кошкі». Папа Францішак адзначае, што
«бацькоўства і мацярынства — гэта паўната жыцця чалавека, а людзі, якія замяняюць дзяцей свойскай жывёлай, праяўляюць пэўны эгаізм»(Папа Францішак, Аўдыенцыя, 05.01.2022).
Хрысціянін — гэта той, хто глядзіць на чалавечае жыццё з надзеяй. Тым больш перажываючы Юбілейны год, мы пакліканы быць пілігрымамі надзеі, гэта значыць тымі, хто нясе надзею, а Марыя — Тая, хто падтрымлівае нас у гэтым імкненні, зʼяўляючыся Маці Надзеі.
Быць пілігрымам надзеі — значыць змагацца за чалавечае жыццё, асабліва тое, якое пад пагрозай, якое безабароннае і не мае шансаў без нашага ўдзелу і падтрымкі. Многія з вас ужо шмат гадоў робяць гэта, прадпрымаючы розныя ініцыятывы па ратаванні чалавечага жыцця. Многія з вас шмат гадоў моляцца за ненароджанае дзіця, якое знаходзіцца ва ўлонні маці. Мы добра ведаем акцыю пад назвай «Духоўнае ўсынаўленне». Гэтая акцыя дае надзею на тое, што можа быць уратавана так шмат безабаронных чалавечых жыццяў.
Сёння, перажываючы Дзень святасці жыцця, мы заклікаем усіх вас, каб, як пілігрымы надзеі, узялі на сябе адказнасць за абарону чалавечага жыцця, якая дае надзею на лепшае заўтра.
Заклікаем да гэтай малітвы найперш святароў і законных асоб. Вашае стаўленне і прыклад мабілізуюць тых, хто ўсё яшчэ сумняваецца, ці варта. Заклікаем вас, вернікаў і людзей добрай волі, далучыцца да «Духоўнага ўсынаўлення», што зʼяўляецца формай малітвы за жыццё дзіцяці, якому пагражае небяспека пад сэрцам маці.
На высілак трывалай малітвы і практык, прадпрынятых дзеля абароны жыцця дзіцяці, ад усяго сэрца ўсіх вас благаслаўляем.
Мінск, 09.03.2025 г.
Каталіцкія Біскупы Беларусі
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Біскуп Антоні Дзям’янка
Старшыня Рады па справах сям’і пры ККББ
P. S. Гэты Пастырскі ліст належыць прачытаць ва ўрачыстасць Звеставання Пана 25 сакавіка 2025 года падчас кожнай святой Імшы з удзелам вернікаў ва ўсіх касцёлах Беларусі.