Пошук

20.11.2024 19:19   Тэкст: Дамінік Запаснік / Фота: удзельнікаў кангрэсу / Catholic.by

З 15 па 17 лістапада пры парафіі святога Міхала Арханёла ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) ў чацвёрты раз прайшоў малітоўны кангрэс у абарону жыцця і сям’і.

Мэтай яго правядзення было пакаянне за грахі беларускага народа супраць жыцця і сям’і.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі дабрачынны фонд «Адкрытыя сэрцы», Экспертная рада па справах абароны жыцця і сям’і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і навагрудская парафія святога Міхала Арханёла.

На кангрэсе сабраліся актывісты руху ў абарону жыцця, члены сямейных малітоўных рухаў, вернікі, якія практыкуюць духоўнае ўсынаўленне (малітву за ненароджаных на працягу дзевяці месяцаў), і проста людзі, якія пажадалі прычыніцца да справы абароны жыцця і сям’і.

У суботу 16 лістапада, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, каля 80-і чалавек прайшлі ў пілігрымцы пакаяння з Навагрудка ва Уселюб. Яны неслі ў руках белыя крыжы — сімвал забітых ва ўлонні маці дзяцей.

Увечары таго ж дня ў Навагрудку цэлебрацыю святой Імшы ў інтэнцыі абароны жыцця ўзначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. На заканчэнне Эўхарыстыі іерарх прачытаў урачысты малітоўны Акт пакаяння беларускага народа за грахі супраць жыцця і сям’і.

«У нашай краіне ўжо 101 год, з 18 лістапада 1920 года, легальна забіваюцца дзеці ва ўлонні маці. Кожны дзень у Беларусі толькі з прычыны абортаў гінуць больш за 50 хлопчыкаў і дзяўчынак, не кажучы пра знішчэнне эмбрыёнаў праз спіралі, гарманальныя сродкі і падчас ЭКА. Таму ў наш час асаблівым чынам „неабходная вялікая малітва за жыццё, якая ідзе праз увесь свет“ (святы Ян Павел ІІ, Evangelium Vitæ, 100)», — адзначаюць арганізатары кангрэсу.

Апошні дзень кангрэса быў прысвечаны малітве і выступленням, якія датычыліся выхавання дзяцей, айцоўства, пераадолення духоўных пагроз для сям’і.

 

Абноўлена 20.11.2024 19:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.