
На некалькі дзён Навагрудак (Гродзенская дыяцэзія) стаў цэнтрам малітвы за нашу Айчыну. З 4 па 6 верасня ў касцёле святога Міхала Арханёла адбыліся малітоўныя рэкалекцыі пакаяння, якія сабралі вернікаў з розных куткоў краіны, аб’яднаных адной трывогай і адной надзеяй — выратаваннем Айчыны праз малітву і ўміласціўленнем Божага гневу. Гэтыя дні сталі сапраўдным духоўным уздымам, калі нястомна гучала просьба да Міласэрнага Айца за наш край.
Рэкалекцыі распачаліся са святой Імшы ў пятніцу, 4 верасня, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Імша цэлебравалася з нагоды інтэнцыі перапрашэння Бога за грахі чалавецтва. Галоўнай тэмай сваёй гаміліі іерарх абраў малітву і пост як неабходныя ўмовы атрымання ўміласціўлення Божага гневу. Глыбіня меркаванняў біскупа Алега настроіла ўдзельнікаў рэкалекцый на сур’ёзны малітоўны лад.

Каб дапамагчы вернікам яшчэ больш свядома прыняць удзел у супольных малітвах, ксёндз Алег Пятрашка, пробашч парафіі ў Скідзелі (дэканат Гродна-Усход) адразу пасля святой Імшы выступіў з прамовай, у якой ратлумачыў сутнасць трох паняццяў, што сталі лейтматывам рэкалекцый: пакаянне, перапрашэнне і ўміласціўленне.
Святар падкрэсліў, што без шчырага жалю за грахі немагчыма аздараўленне ні душы, ні грамадства.
Знакавай падзеяй першага дня стаў Крыжовы шлях пакаяння вуліцамі Навагрудка, які распачаўся ў 21.00. З запаленымі свечкамі ў руках вернікі прайшлі па горадзе, разважаючы мукі Хрыста і перапрашаючы за грахі сучаснасці.

Непасрэдна пасля Крыжовага шляху кульмінацыяй экспіяцыі стала малітва «Prostratio Perfecta» (ляжанне крыжам), падчас якой біскуп Алег прачытаў пакаянную малітву прарока Даніэля. Затым усе прысутныя маліліся Фацімскі ружанец, што падрыхтавала сэрцы вернікаў да ўсяночнай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. У цішыні, перад Езусам у Найсвяцейшай Гостыі, людзі чувалі ажно да самага ранку, даручаючы Яму лёс Беларусі.
Раніцай у суботу, 5 верасня, удзельнікі паслухалі навучанне ксяндза Андрэя Радзевіча, пробашча парафіі Спаслання Духа Святога ў Бярозаўцы (Навагрудскі дэканат). Сваё разважанне ксёндз Андрэй прысвяціў актуальнасці фацімскіх пасланняў у нашыя дні.
Святар пераканаўча прадставіў, што аб’яўленні і папярэджанні Маці Божай з Фацімы — гэта не мінулая гісторыя, а жывы зварот да сучаснага чалавека, які згубіў пачуццё граху і Божай прысутнасці. Асаблівы націск быў зроблены на неабходнасці штодзённага Ружанца і ахвяры за грахі іншых. Святар дадаў:
«Маліцца за сваю Айчыну — гэта не прапанова, а абавязак кожнага каталіка».
Пасля змястоўнай навукі вернікі памаліліся Гадзінкамі аб Беззаганным Зачацці Багародзіцы і прынялі ўдзел у набажэнстве да Маці Божай Нястомнай Дапамогі, падчас якога многія праз заступніцтва Панны Марыі склалі свае асабістыя просьбы і праблемы.
Апоўдні адбылася пешая пакаяльная пілігрымка з Навагрудка ва Уселюб (Навагрудскі дэканат). Нягледзячы на зменлівае восеньскае надвор’е, якое ў гэты дзень чаргавалася то халодным дажджом, то моцным ветрам, пілігрымы прайшлі гэты шлях з малітвай на вуснах. Адразу пасля пілігрымкі адбылася Эўхарыстыя ў інтэнцыі супакою на нашай зямлі — каб Бог захаваў Беларусь ад вайны, голаду, прыродных катаклізмаў, заразы, нянавісці і бязбожнасці.
Увечары каля касцёла зноў запалалі свечкі: гэтым разам вернікі неслі іх у руках, здзяйсняючы фацімскае набажэнства падчас працэсіі вакол святыні.
Прыгожая і ўзнёслая малітва з агнямі нагадала ўсім пра перамогу святла над цемрай, а спеў Ave Maria дапамог адчуць блізкасць Найсвяцейшай Панны Марыі. Суботні малітоўны вечар працягнуўся чарговай усяночнай адарацыяй: прысутныя ўзялі ў рукі ружанцы, каб праз заступніцтва Нябеснай Маці прасіць Езуса аб абароне.
Пакутныя рэкалекцыі за Радзіму завяршыліся ўрачыстай нядзельнай святой Імшой у інтэнцыі падзякі за дар рэкалекцый і супольнай малітвы.

































