Сёлета ў сувязі з тым, што ў актаве Нараджэння Пана няма нядзелі, свята Святой Сям’і прыпадае на 30 снежня, у пятніцу. Па традыцыі, каталіцкія біскупы Беларусі кіруюць у гэты дзень адпаведнае Паведамленне духавенству, кансэкраваным асобам, вернікам і ўсім людзям добрай волі.
Паведамленне
Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
на свята Святой Сям’і 2022 года
Духавенству, кансэкраваным асобам, свецкім вернікам і ўсім людзям добрай волі
Праз некалькі дзён 2022 год стане ўжо гісторыяй. Як і папярэднія гады, ён таксама быў багаты на падзеі — як радасныя, так і сумныя.
У Каталіцкім Касцёле завяршыўся першы этап ХVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў на тэму: «На карысць сінадальнага Касцёла: камунія, удзел і місія». Мясцовыя Касцёлы ва ўсім свеце ў чарговы раз пераканаліся ў тым, што маюць патрэбу ў актыўным удзеле свецкіх вернікаў, прычым больш, чым калі-небудзь раней.
Кіруючыся гэтаю думкаю, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі пастанавіла, што неабходна больш заглыбіцца ў гэтую тэматыку і на будучы, 2023 пастырскі год вызначыла наступную тэму: «Апостальства свецкіх — знак надзеі для Касцёла ў Беларусі».
Хоць свецкія асобы заўсёды актыўна ўдзельнічалі ў жыцці Касцёла, аднак варта яшчэ раз паглыбіць гэтую тэму і заўважыць кожнага чалавека з яго талентамі, які з’яўляецца членам Хрыстовага Касцёла. «Бо як у адным целе маем шмат членаў, і не ўсе яны выконваюць тыя самыя функцыі, так і мы, многія, складаем адно цела ў Хрысце, а паасобку адзін для аднаго — члены. Паводле дадзенай ласкі мы маем розныя дары. Калі дар прароцтва, павінны прарочыць згодна з вераю. Калі служэнне — служыць; калі настаўніцтва — навучаць; калі заахвочванне — заахвочваць; калі размеркаванне — раздаваць у прастацé; калі кіраванне — кіраваць старанна; калі міласэрнасць, то павінны чыніць гэта з радасцю (Рым 12, 4–8).
Як заўсёды, у свята Святой Сям’і мы звяртаемся да ўсіх тых, хто ў мінулым годзе актыўна ўдзельнічаў у абароне зачатага жыцця і прыняў на сябе цяжар «Духоўнага ўсынаўлення». Ваш удзел, штодзённая малітва ў інтэнцыі ненароджаных дзяцей, якім пагражала небяспека аборту, уратавала шмат чалавечых існаванняў. Сёння мы кіруем вам і ўсім тым, хто прычыніўся да арганізацыі гэтай акцыі, словы падзякі.
Стоячы на парозе Новага, 2023 года, які неўзабаве распачнецца, мы просім заступніцтва святога Юзафа і Марыі, якія без рэшты аддалі сябе ва ўласнасць Богу, стаўшы бацькамі Езуса і аберагаючы Яго жыццё ад небяспекаў.
Няхай Новы год дасць хрысціянскім сем’ям свежыя сілы для карыстання дарамі, якімі іх адарыў Бог.
Вера ў Нараджэнне Езуса Хрыста няхай учыніць вас здольнымі здзяйсняць важнае служэнне на карысць жыцця чалавечай асобы.
Няхай гэтым намаганням і ініцыятывам спадарожнічае нашае пастырскае благаслаўленне, якое мы вам ад усяго сэрца ўдзяляем.
Каталіцкія біскупы Беларусі
✠Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Старшыня Рады па справах сям’і пры ККББ