Свята Святой Сям’і бярэ пачатак у яслях Хрыста ў Бэтлееме, калі пастушкі і мудрацы прыйшлі пакланіцца Езусу і ўшанаваць Юзафа і Марыю. Святое Пісанне амаль нічога не кажа пра жыццё Святой Сям’і, нам вядома толькі некалькі эпізодаў: нараджэнне Езуса ў Бэтлееме, уцёкі ў Егіпет, знаходжанне Езуса ў святыні. Але і гэтых некалькі аповедаў даюць нам вельмі шмат.
Святая Сям’я ў Бібліі:
- Звеставанне нараджэння Езуса (Лк 1, 26-38)
- Адведзіны св. Альжбеты (Лк 1, 39-56)
- Аб’яўленне св. Юзафу анёлам таямніцы ўцелаўлення (Мц 1, 18-25)
- Нараджэнне Пана Езуса (Лк 2, 1-20)
- Наданне Сыну Божаму імені Езус (Лк 2, 21)
- Ачышчэнне Марыі і ахвяраванне Езуса (Лк 2, 22-38)
- Пакланенне мудрацоў (Мц 2, 1-12)
- Уцёкі ў Егіпет (Мц 2, 13-15)
- Вяртанне з Егіпта (Мц 2, 19-21; Лк 2, 39-40)
- Знаходжанне Езуса ў святыні (Лк 2, 41-50)
- Укрытае жыццё ў Назарэце (Лк 2, 51-52)
Езус згадзіўся стаць слабым і залежным, нарадзіўшыся ў чалавечай сям’і. Але Яго пакора і прыніжэнне не заканчваецца на факце нараджэння. Апісваючы дзяцінства Езуса, евангеліст Лука распавядае, што Пан «быў паслухмяны ім» (пар. Лк 2, 51), хоць быў святы і больш мудры за Марыю і Юзафа.
Французскі святы Бернард з Клерво казаў: «Бог, перад якім пакорныя Анёлы, каму падпарадкоўваюцца кіраўнікі, быў пакорны Марыі, і не толькі Марыі, але і Юзафу — дзеля Марыі! Паглядзіце з захапленнем на іх: што для вас больш дзіўна — міласэрная ласка Сына ці годная хвалы заслуга Марыі? (...) Бог падпарадкоўваецца стварэнню — вось дзе непараўнальная пакора; чалавек загадвае Богу — вось дзе непараўнальная веліч!»
Свята Святой Сям’і распавядае не толькі пра сям’ю Езуса, Марыі і Юзафа, але і пра нашыя сем’і. Гэтае свята дапамагае нам убачыць у Святой Сям’і ўзор кожнай сям’і. Праз нараджэнне Езуса само сямейнае жыццё ва ўсіх яе нават самых паўсядзённых праявах асвячанае, а нашыя сем’і становяцца хатнімі Касцёламі: мы разам чытаем Святое Пісанне, молімся, удзельнічаем у святых Імшах і праз сваё адзінства і любоў сведчым пра Хрыста ў самых простых рэчах.
Як казаў англійскі паэт Сэм’юэл Тэйлар Колрыдж, хрысціянская сям’я — гэта «сені неба». Таму няма чаму дзівіцца, што сям’ю і сужэнства атакуе вораг чалавецтва.
Свята Святой Сям’і паказвае нам прыгажосць сапраўднай сям’і і не дазваляе падмануць сябе тым, што яе замяняе і скажае. Ва ўсім сусвеце паводле міласэрнасці Божай хрысціянская сям’я была ўсталявана і ўзятая пад абарону Касцёлам як самае цудоўнае стварэнне і самае вялікае дабрадзейства для грамадства. Аднак жа і святло, і супакой, і чысціня, і шчасце хрысціянскай сям’і паходзіць з жыцця Езуса, Марыі і Юзафа ў святым доме ў Назарэце.
Святы Павел у пасланні да Каласянаў расказвае пра тое, якой павінна быць хрысціянская сям’я:
«Апраніцеся ж як выбранцы Божыя, святыя і ўмілаваныя, у шчырую міласэрнасць, дабрыню, пакору, лагоднасць, доўгацярплівасць, церпячы адно аднаго і даруючы сабе ўзаемна, калі хто на каго мае крыўду; як Пан дараваў вам, так і вы.
А па-над усім гэтым апраніцеся ў любоў, якая ёсць повяззю дасканаласці. І няхай валадарыць у сэрцах вашых спакой Хрыстовы, да якога вы пакліканыя ў адным целе. І будзьце ўдзячнымі.
Слова Хрыста няхай жыве ў вас ва ўсёй паўнаце, з усёй мудрасцю навучайце і настаўляйце адно аднаго псальмамі, гімнамі і духоўнымі песнямі, з удзячнасцю спяваючы ў сэрцах вашых Богу. І ўсё, што б вы ні рабілі словам ці ўчынкам, усё рабіце ў імя Пана Езуса, дзякуючы праз Яго Богу Айцу.
Жонкі, падпарадкоўвайцеся мужам вашым, як належыць у Пану. Мужы, кахайце жонак і не будзьце суровымі да іх. Дзеці, будзьце паслухмянымі бацькам вашым ва ўсім, бо гэта падабаецца Пану. Айцы, не раздражняйце дзяцей вашых, каб яны не падалі духам» (Клс 3, 12–21).
Свята Святой Сям’і — цудоўны час памаліцца аб умацаванні ўжо існуючых сем’яў і за будучыя сем’і, каб базаваліся на скале, якою ёсць Хрыстус.
Асаблівая пашана Святой Сям’і пачала праяўляцца ў XVII стагоддзі, калі ўзнікла адразу некалькі манаскіх кангрэгацый з такой жа назвай і мноства асацыяцый, мэтай якіх было асвячэнне хрысціянскіх сем’яў.
26 кастрычніка 1921 года папа Бэнэдыкт XV увёў свята Святой Сям’і ў каляндар лацінскага Касцёла. Цяпер свята адзначаецца ў нядзелю паміж Раством і 1 студзенем. Калі ж урачыстасць Нараджэння Пана прыпадае на нядзелю, то свята Святой Сям’і пераносіцца на 30 снежня. Да 1969 года свята адзначалі ў першую нядзелю пасля Аб’яўлення Пана (Тры Каралі).
(VGr)