![](/3/images/resources/mix/dyjacezii.jpg)
Камісія Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на чале з біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB перадае змест апублікаванай 23 студзеня «Нататкі» Дыкастэрыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў адносна абавязку ўдзелу ў Імшы ў тым выпадку, калі абавязковае свята пераносіцца на іншы дзень.
У дакуменце Святога Пасаду, падпісаным Прэфектам Дыкастэрыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў кардыналам Артурам Рошэ і арцыбіскупам Віторыё Франчэско Віёла OFM, сакратаром згаданай Дыкастэрыі, ідзе гаворка пра абавязак удзелу вернікаў у Імшы, калі абавязковы святочны дзень пераносіцца па прычыне occurrentia festorum — супадзення святочных цэлебрацый.
Перадусім Дыкастэрыяй адзначаецца, што суіснаванне ў літургічным годзе тыднёвага цыклу, рухомых святаў і будняў, звязаных з датай святкавання Вялікадня, а таксама літургічных дзён святаў і будняў з фіксаванай датай цэлебрацый як у агульным календары, так і ў мясцовых календарах, вядзе да таго, што на лаціне называецца occurrentia festorum, гэта значыць супадзення двух святочных дзён у адну каляндарную дату.
Гэтыя выпадкі рэгулююцца Агульнымі нормамі літургічнага года і календара (Normæ universales de Anno liturgico et de Calendario), згодна з якімі (п. 59) «першынство сярод літургічных дзён, што датычыцца іх цэлебрацыі, рэгулюецца выключна Табліцай літургічных дзён (Tabula dierum liturgicorum).
Таму, «калі на адзін дзень прыпадае некалькі цэлебрацый, захоўваецца тая, якая мае найвышэйшы ранг паводле „Табліцы літургічных дзён“. Аднак урачыстасць, на якую прыпадае літургічны дзень, які мае перавагу над ёй, павінна быць перанесена на бліжэйшы дзень, не пазначаны ў пунктах 1–8 у „Табліцы літургічных дзён“ пры ўмове, што захоўваецца пададзенае ў пункце 5» (Normæ universales…, п. 60).
У гэтай сувязі ўзнікае dubium, або сумнеў: у выпадку пераносу абавязковага святочнага дня, ці з’яўляецца абавязковым удзелу ў Імшы ў дзень ad quem, гэта значыць у той, на які гэты перанос прыпадае?
У Кодэксе кананічнага права аб абавязковых святах гаворыцца ў канонах 1246–1248: гэтыя каноны не прадугледжваюць магчымасці пераносу ў выпадку occurrentia festorum. Права, дадзенае Канферэнцыі Біскупаў са згоды Апостальскай Сталіцы, адмяняць або пераносіць на нядзелю пэўныя абавязковыя святы (пар. ККП, кан. 1246 § 2) адносіцца да адмен або пераносаў не выпадковых, а пастаянных.
Паколькі гэта — літургічнае пытанне, і паколькі гэтае пытанне наўпрост не рэгулюецца ККП, у дадатак да прымянення таго, што пададзена ў Normæ universales de Anno liturgico et de Calendario, неабходна мець на ўвазе нарматыўнае рэгуляванне, прынятае ў адпаведны час кампетэнтнай установай Рымскай Курыі па пытаннях культу і дысцыпліны сакрамэнтаў. Гэтае рэгуляванне сведчыць аб добра ўсталяванай практыцы, згодна з якой у выпадку пераносу святочнага дня абавязак удзелу ў Імшы не пераносіцца.
Паколькі такая практыка не супярэчыць канонам ККП, то лічыцца літургічным законам (пар. кан. 2), што ў выпадку выпадковага пераносу святочнага дня абавязак удзелу ў Імшы не пераносіцца на дзень, на які прыпадае перанос (ad quem).
Гэта значыць, што ў выпадку падобных пераносаў вернікі не маюць абавязку ўдзельнічаць у святой Імшы.