
18 мая на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане з нагоды ўрачыстай інаўгурацыі пантыфікату Льва XIV сабраліся вернікі з розных кантынентаў у колькасці каля 250 тысяч, прадстаўнікі больш як 150 дзяржаў, дэлегацыі розных хрысціянскіх канфесій і рэлігій.
Перад Імшой Пантыфік праехаў на папамабілі па плошчы Святога Пятра і прылеглай да яе рымскай вуліцы Дэла-Канцыліяцыёнэ, каб прывітаць усіх пілігрымаў.
Пасля прывітання Леў XIV накіраваўся ў Базыліку Святога Пятра, дзе разам з Патрыярхамі Усходніх Цэркваў ушанаваў магілу апостала Пятра, якая знаходзіцца пад галоўным папскім алтаром. Затым Папа, Патрыярхі і іншыя іерархі накіраваліся ў працэсіі да алтара, усталяванага перад ватыканскай базілікай. Разам з імі ішлі дыяканы, якія неслі Евангелле, а таксама пастырскі палій і Пярсцёнак Рыбака — сімвалы папскага служэння.
Падчас цэлебрацыі палій Льву XIV уручыў італьянскі кардынал Марыё Дзэнары. Затым кангалезскі кардынал Фрыдалін Амбонга Бесунгу прамовіў малітву за Святога Айца, а філіпінскі кардынал Луіс Антоніа Тагле ўручыў Пярсцёнак Рыбака.
Літургія прадугледжвала таксама цырымонію складання абяцання паслухмянасці новаму Пантыфіку. Ад імя кардыналаў гэты жэст здзейснілі кардыналы Франк Лео з Канады, Хаймэ Шпэнглер з Бразіліі і Джон Рыбат з Папуа-Новай Гвінеі. У абрадзе прыняў удзел таксама перуанскі біскуп Луіс Альберта Барэра, святар, дыякан, прадстаўнікі манаскіх супольнасцей, сярод якіх генеральны настаяцель езуітаў, ксёндз Артура Соса, а таксама сужэнская пара і прадстаўнікі моладзі.
На пачатку гаміліі Леў XIV аддаў даніну пашаны свайму папярэдніку Папу Францішку, падкрэсліўшы, што яго смерць «напоўніла нашы сэрцы смуткам, і ў тыя цяжкія хвіліны мы адчулі сябе як натоўпы, пра якія ў Евангеллі сказана, што яны былі “як авечкі без пастыра” (Мк 6, 34)».
«Я быў абраны без якіх-небудзь заслуг і са страхам і трапятаннем прыходжу да вас як брат, які хоча быць слугой вашай веры і вашай радасці, ідучы з вамі па шляху любові Бога, які хоча, каб мы ўсе былі аб’яднаныя ў адну сям’ю»,— сказаў Леў XIV, падкрэсліўшы, што «любоў і адзінства – гэта два вымярэнні місіі, даручанай Пятру Езусам».
Папа заўважыў, што Езус даверыў першым вучням заданне быць «лаўцамі людзей». Пантыфік адзначыў, што выконваць гэтую місію і быць пастырам Божага статку Пётр мог толькі трываючы ў любові Бога: «Служэнне Пятра адзначана менавіта гэтай самаахвярнай любоўю, бо Касцёл Рыма старшынствуе ў любові, і яго сапраўдная ўлада – гэта любоў Хрыста. Гаворка ніколі не ідзе пра захоп іншых праз прыгнёт, рэлігійную прапаганду ці сродкі ўлады, але заўсёды і толькі пра любоў, як рабіў Езус».
«Насамрэч, мы ўсе — “жывыя камяні”, пакліканыя праз хрост будаваць Божы дом у братэрскай еднасці, у гармоніі Духа, у суіснаванні разнастайнасці. Як сцвярджае святы Аўгустын: “Касцёл складаецца з усіх тых, хто жыве ў згодзе са сваімі братамі і хто любіць бліжняга свайго», — нагадаў Пантыфік.
«Браты і сёстры, я хацеў бы, каб гэта стала нашым першым вялікім жаданнем: з’яднаны Касцёл – знак адзінства і еднасці, якая становіцца закваскай для прыміранага свету»,— сцвердзіў Папа.
Пантыфік адзначыў, што «ў наш час мы ўсё яшчэ бачым занадта шмат разладу, занадта шмат ран, выкліканых нянавісцю, гвалтам, забабонамі, страхам перад тымі, хто адрозніваецца, і эканамічнай парадыгмай, якая эксплуатуе рэсурсы Зямлі і адкідвае на ўзбочыну грамадства найбяднейшых». «І мы хочам быць у гэтым цесце малой закваскай адзінства, еднасці, братэрства. Мы хочам сказаць свету з пакорай і радасцю: зірніце на Хрыста! Падыдзіце бліжэй да Яго! Прыміце Яго Слова, якое асвятляе і суцяшае! Пачуйце Яго заклік, поўны любові — стаць Яго адзінай сям’ёй: у адзіным Хрысце мы адно...», — сказаў Святы Айцец.
«Браты, сёстры, гэта час любові! Божая любоў, якая робіць нас братамі паміж сабой — гэта сэрца Евангелля. І сёння мы разам з маім папярэднікам Львом XIII можам спытаць сябе: “калі б гэты крытэрый пераважаў у свеце, ці не спыніліся б адразу ўсе разлады і ці не вярнуўся б, магчыма, мір?”» — сказаў Пантыфік, спаслаўшыся на энцыкліку Rerum novarum.
«З дапамогай святла і сілы Святога Духа, давайце будаваць Касцёл, які заснаваны на любові да Бога і з'яўляецца знакам адзінства, місіянерскі Касцёл, які адкрывае свае абдымкі свету, які абвяшчае Слова, які дазваляе гісторыі крануць яго і які становіцца закваскай гармоніі для чалавецтва»,— сказаў напрыканцы гаміліі Леў XIV, заклікаўшы: «Разам, як адзін народ, як усе браты, давайце ісці да Бога і любіць адзін аднаго».