Пошук

11.06.2026 11:04   Кс. Аляксандр Амяльчэня, Аляксандр Панчанка, Марыя Валодзіна / Vatican News BY / Catholic.by

Фота: Vatican Media

У сераду, 10 чэрвеня, Святы Айцец у межах свайго апостальскага падарожжа прыбыў у базыліку пры кляштары Маці Божай з Мансэрат. Пад гук званоў ён пад'ехаў да атрыума перад касцёлам, дзе яго сустрэлі біскуп дыяцэзіі Сэнт-Фэліў-дэ-Лябрэгат Ксаўе Гомес Гарсія і айцец-абат манастыра Манэль Гач і Урыяс. У атрыуме прысутнічалі каля тысячы дзяцей.

Пры ўваходзе ў базыліку Пантыфік пацалаваў крыж і акрапіў вернікаў асвячанай вадой, пасля чаго накіраваўся ў капліцу Найсвяцейшага Сакрамэнту для кароткага роздуму ў цішыні, а затым прайшоў у прэзбітэрый.

Пасля кароткага ўступу біскупа і прывітальных слоў айца абата адбылася малітва святога Ружанца. У сваім разважанні Леў XIV выказаў радасць ад магчымасці быць ля падножжа Маці Божай, якую тут ласкава называюць «ла Марэнэта», каб даверыць яе мацярынскаму заступніцтву сваё служэнне і місію Касцёла ў свеце, які патрабуе справядлівасці і міру.

Ён адзначыў, што сцены гэтага санктуарыя захоўваюць незлічоныя гісторыі пабожнасці, удзячнасці і надзеі. Яны былі сведкамі крыві, пралітай за любоў да Езуса Хрыста, і чулі спеў Эскаланіі найстарэйшага дзіцячага хору ў Еўропе.

Успамінаючы спадчыну мінулага, Пантыфік засяродзіўся на духоўным прыкладзе сваіх папярэднікаў і святых.

Святы Айцец узгадаў, як у 2023 годзе яго папярэднік, Папа Францішак, ахвяраваў Багародзіцы, шанаванай у гэтым абразе, залатую ружу і падкрэсліў, што перад Маці Божай абуджаюцца самыя высакародныя пачуцці чалавека. Гэтае месца натхняе на глыбокае навяртанне, як гэта адбылося са святым Ігнацыем Лаёлам, які пасля ночы малітвы перад Паннай Марыяй пакінуў сваю рыцарскую зброю, каб пачаць новае жыццё на службе Езусу Хрысту.

Леў XIV вітае вернікаў з балкону базылікі ў Мансэрат. Фота: Vatican Media

Папа заклікаў вернікаў прыняць заклік Марыі: «Рабіце тое, што Ён вам скажа». Святы Айцец падкрэсліў, што воля Езуса ясная: «Гэта наказваю вам: каб вы любілі адзін аднаго», бо гэта любоў, якая мае ў Ім самім сваю крыніцу і вымярэнне.

Леў XIV адзначыў, што Хрыстус паказвае шлях міласэрнасці, паяднання, праўды і лагоднасці, выкрываючы насілле, якое можа хавацца ў словах і ўчынках прыніжальную крытыку, разбуральнае асуджэнне і агрэсіўнасць.

Спасылаючыся на вобраз Маці Божай з Мансэрат, якая трымае на каленях безабароннае Дзіця Езуса, Папа заклікаў вернікаў скласці да ног Найсвяцейшай Панны панцыры, якія робяць сэрцы жорсткімі. Ён нагадаў, што Божае Дзіця не мае зброі, як і на крыжы Хрыстус цалкам аддаў сябе Айцу, каб выратаваць чалавека бяззбройнай сілай любові. Папа заклікаў апрануцца ў зброю Бога, пра якую казаў святы Павел: пояс праўды, браню справядлівасці і шчыт веры.

Напрыканцы сустрэчы Святы Айцец звярнуўся з заклікам да паяднання і будавання сапраўднага братэрства.

Звяртаючы ўвагу на зямны шар у правай руцэ Панны Марыі як знак яе мацярынскага клопату, Леў XIV заклікаў бачыць ва ўсіх братоў і сясцёр, нікога не выключаць. Ён папрасіў Каралеву міру навучыць людзей адмаўляцца ад абразлівых слоў, паспешлівых меркаванняў і паклёпу, а таксама вырошчваць любоў у сем'ях, на працы, у сацыяльных сетках і палітычных дэбатах.

Пасля заключнай малітвы, благаслаўлення і марыйных спеваў Salve Regina і Virolai Папа адправіўся для кароткага роздуму ў капліцу Панны Марыі, а затым выйшаў на балкон, каб павітаць прысутных на плошчы вернікаў.

Папа адказаў на пытанні аб веры і спачуванні

Святы Айцец наведаў касцёл святога Аўгустына ў Барселоне, дзе прайшла яго сустрэча з прадстаўнікамі дыяцэзіяльных дабрачынных і сацыяльных структур. Пасля кранальных сведчанняў пра працу з людзьмі, якія пакутуюць ад залежнасцей, і ахвярамі гандлю жанчынамі, Святы Айцец звярнуўся да прысутных з прамовай, узяўшы за аснову ліст мясцовага верніка па імені Рэнса.

Фота: Vatican Media

Справядлівыя правілы супольнага жыцця і сяброўства з Хрыстом

Адказваючы на пытанне пра спорт, Леў XIV прызнаўся, што сам любіць тэніс, але высока цэніць і футбол, за якім сачыў яшчэ падчас свайго біскупскага служэння ў Перу.

Спасылаючыся на чэмпіянат свету, які пачынаецца 11 чэрвеня, Пантыфік заўважыў, што спорт нагадвае пра важнасць супольнага шляху:

«Хто не ўмее аддаць пас, нават калі мае талент, той яшчэ не зразумеў гульні. І хто не ўмее жыць з іншымі і для іншых, той яшчэ не зразумеў жыцця».

Леў XIV дадаў, што ў дзяцінстве не думаў пра маштабныя пасады, але заўсёды хацеў прысвяціць жыццё Богу, што пасля прывяло яго ў Ордэн святога Аўгустына. На думку Святога Айца, самае важнае для кожнага маладога чалавека гэта быць сябрам Езуса.

Разважаючы над складаным пытаннем, чаму з людзьмі здараюцца няшчасці, Папа заклікаў паглядзець на Хрыста, Які рабіў дабро, але быў укрыжаваны і ўваскрос, перамогшы зло і паказаўшы, што Бог ніколі не пакідае Сваіх дзяцей.

Фота: Vatican Media

Пантыфік таксама звярнуў увагу на ролю старэйшага пакалення ў сям'і: «Дзядулі і бабулі вельмі важныя ў жыцці сем'яў. Яны ніколі не павінны заставацца адны».

Закранаючы тэму хрысціянскага прабачэння, Леў XIV патлумачыў, што яно павінна быць бязмежным, бо гэта адзіны шлях да супакою: «Прабачыць не азначае сказаць, што зло было дабром, ці дазволіць камусьці працягваць наносіць шкоду. Гэта не азначае забыцца сілай, нібыта нічога не адбылося. Прабачыць азначае не дазволіць нянавісці стаць гаспадаром нашага сэрца».

Пакліканне да міласэрнасці і абарона чалавечай годнасці

Святы Айцец падкрэсліў, што знаходжанне ў гэтай святыні адкрывае сэрцы вернікаў на праўду, якую паказваў святы Аўгустын: быць хрысціянінам гэта найперш дар і ласка. Маючы падмуркам Хрыста, Касцёл закліканы ісці насустрач кожнаму, бо ў кожным браце і сястры, якія пакутуюць, вернікі сустракаюць самога Пана.

Фота: Vatican Media

Евангельская любоў павінна заставацца асновай жыцця кожнай дыяцэзіяльнай супольнасці, якая заклікана з далікатнасцю і трываласцю падыходзіць да ран самых бедных і безабаронных, пераадольваючы абыякавасць сучаснага свету, дзе часта губляецца пачуццё чалавечай годнасці.

Напрыканцы Пантыфік нагадаў, што неад'емная годнасць асобы паходзіць ад таго, што чалавек створаны па вобразе Божым, і яна не залежыць ад багацця ці ролі ў грамадстве.

Заклікаўшы дабрачынныя арганізацыі працягваць сваё ахвярнае служэнне ў еднасці з пастырамі, Леў XIV заахвоціў іх быць праўдзівымі сведкамі надзеі для тых, хто акрамя матэрыяльнай дапамогі патрабуе Бога, Яго слова і сакрамэнтаў.

Папа даверыў гэтую працу заступніцтву Маці Божай Добрай Рады, удзяліў апостальскае благаслаўленне і асабіста павітаў некаторых супрацоўнікаў дабрачынных структур.

Папа да зняволеных: няма сітуацыі, у якой Пан адвярнуўся б ад нас

Леў XIV наведаў пенітэнцыярны цэнтр «Brians 1» каля Барселоны, дзе сустрэўся са зняволенымі, супрацоўнікамі, капеланамі і валанцёрамі турэмнага душпастырства.

Фота: Vatican Media

Сустрэча з Пантыфікам прайшла ў канферэнц-зале ўстановы. Гучала музыка і спевы, а таксама сведчанні душпастыраў і зняволеных. Святы Айцец падзякаваў прысутным за цёплы прыём і кранальныя сведчанні. «Кожны чалавек годны ўжо таму, што быў пажаданы, створаны і любімы Богам (Magnifica Humanitas, 52)», сказаў Папа, падкрэсліваючы, што няма такой сітуацыі, якая прымусіла б Пана адвярнуцца ад чалавека. «Яго міласэрная любоў заўсёды пераўзыходзіць усё тое добрае ці дрэннае, што мы маглі зрабіць», дадаў ён.

Папа заклікаў тых, хто пакутуе ад разлукі з роднымі і нясе цяжар зняволення, не паддавацца пачуццю непаўнавартаснасці і безнадзейнасці, а ўзняць вочы да Таго, хто працягвае праяўляць сваю любоў праз прысутнасць столькіх людзей.

Жыццёвыя памылкі не вызначаюць сутнасці чалавека. Пра гэта ў сваёй «Споведзі» пісаў і святы Аўгустын, разважаючы пра свой жыццёвы шлях. Пантыфік падкрэсліў, што Божая ласка здольная перамяніць чалавечае жыццё і дапамагчы зразумець, што мінулае не вызначае будучыню чалавека, а наадварот, дае магчымасць змяніць рашэнні і зрабіць новы выбар.

Фота: Vatican Media

«Давайце вызвалім месца для Пана ў нашых сэрцах і будзем шукаць Яго аблічча. Дазволім Яго любові весці нас. Прытулімся да Таго, Хто нястомна заклікае нас да надзеі і паказвае нам цудоўны гарызонт, дасягненню якога не можа перашкодзіць ніводная фізічная перашкода. Сёння Ён працягвае прамаўляць да нас у глыбіні нашага сумлення, дапамагаючы нам убачыць, што Ён жыве сярод нас. Ён толькі чакае, каб мы далі Яму такую магчымасць», — падкрэсліў Леў XIV.

Звяртаючыся да зняволеных, Папа сказаў: «Бог любіць вас такімі, якія вы ёсць, але Ён марыць, каб вы сталі яшчэ лепшымі! Пан дазваляе ўсім нам пачаць усё нанова, бо быць чалавекам і быць хрысціянінам не значыць ніколі не памыляцца, але ўмець навяртацца, каяцца, выпраўляць памылкі і, перш за ўсё, прымірацца і дараваць».

«Саграда Фамілія» вядзе да сустрэчы з Хрыстом

Увечары 10 чэрвеня Папа прыбыў у адзін з галоўных сімвалаў сталіцы Каталоніі славутую базыліку «Саграда Фамілія». Перад храмам яго сустрэў кароль Іспаніі Філіп VI. Папа наведаў крыпту сабора і магілу яго архітэктара Антоніа Гаўдзі. Затым ён узначаліў літургію, падчас якой чытанні і малітвы гучалі на іспанскай і каталонскай мовах.

«Узносячы падзяку Богу за Яго любоў да нас, мы праслаўляем Яго за тое, што Ён здзяйсняе ў нашым жыцці. Мы асабліва дзякуем Яму за гэту надзвычайную базыліку, якую Папа Бэнэдыкт XVI пасвяціў у 2010 годзе, нагадаўшы, што яна з’яўляецца бачным знакам нябачнага Бога, у гонар якога ўзносяцца яе вежы»,

сказаў у гаміліі Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што незавершанасць базылікі не з’яўляецца недахопам, але сімвалізуе шлях веры яна заклікае ўсіх да пастаяннага духоўнага росту і перамогі над грахом.

«Калі мы не верым у Езуса Хрыста, мы застаёмся ў граху і прыводзім да смерці не толькі сябе, але і бліжняга. Дарагія, мы не можам верыць у Езуса і весці вайну. Мы не можам верыць у Езуса і забіваць нявіннага яшчэ да яго нараджэння. Мы не можам верыць у Езуса і пакідаць таго, хто пакутуе, хто плача, хто ўцякае ад беднасці», нагадаў Леў XIV.

Папа прапанаваў паглядзець на святыню як на сімвал надзеі, падкрэсліўшы, што «Крыж Хрыста, узняты на вяршыні гэтай базылікі гэта Крыж апошніх, якія становяцца першымі, грэшнікаў, якія становяцца святымі, мёртвых, якія ўваскрэснуць».

«Гледзячы на вежу Езуса Хрыста, мы ўзнімаем позірк да Яго — да Таго, хто адкрывае нам праўду пра Бога і пра нас саміх. Гледзячы на Хрыста, мы можам бачыць свет абноўленымі вачыма: вежа Крыжа становіцца знакам любові, бо Бог любіць нас так — ператвараючы прыладу смерці ў знак надзеі. У Крыжы Езуса наша вера дасягае вяршыні, як сведчыць надпіс у падножжы вежы: «Tu solus Sanctus, Tu solus Dominus, tu solus Altissimus». Гэты Крыж ззяе ўдзень, адбіваючы святло сонца, і ззяе ўначы, асвятляючы горад як маяк над Міжземным морам»,

падкрэсліў Леў XIV.

Пантыфік заўважыў, што Антоніа Гаўдзі, «архітэктар, напоўнены верай», задумаў прастору базілікі, «жадаючы распавесці таямніцы жыцця Пана»  «так ён прапанаваў нам духоўную пілігрымку, якая вядзе да сустрэчы з Хрыстом, народжаным, укрыжаваным і ўваскрослым дзеля нас».

«Разам з Гаўдзі, з нагоды стогадовай гадавіны яго смерці, мы ўспамінаем і дзякуем сёння ўвечары ўсім ініцыятарам і дабрадзеям, мастакам і майстрам, якія ўдзельнічаюць у стварэнні архітэктурнага шэдэўра, які з’яўляецца таксама красамоўнай катэхезай з каменя, колеру і святла. У сваёй мудрасці Касцёл такім чынам абнаўляе «Біблію для бедных  старажытных катэдраў, якія самі па сабе з’яўляюцца багатымі пасланнямі евангелізацыі. У гэтым храме вобразаў яшчэ больш відавочна, што мастацтва і прыгажосць з’яўляюцца выдатнымі каналамі евангелізацыі», сказаў ён.

«Дарагія браты і сёстры, прыгажосць гэтай святыні няхай натхняе нас усё больш вучыцца ў нашага Настаўніка і Пана мастацтву жыцця паводле Яго Евангелля. Узнімаючы позірк да Яго, Укрыжаванага і Уваскрослага, давайце будзем імкнуцца падымаць твар тых, хто ў пыле. І так мы пакажам, што «Саграда Фамілія» — гэта не храм, які імкнецца да зямной славы, але які накіроўвае крокі Божага народа, што пілігрымуе ў Іспаніі, з крыжам, які асвятляе шлях, як светач падчас чакання вяртання Жаніха»,

завяршыў гамілію Папа.

Пасля святой Імшы Папа накіраваўся да вонкавай пляцоўкі архітэктурнага комплексу. Тут, у прысутнасці шматлікіх вернікаў, караля Іспаніі Філіпа VI і каралевы Летыцыі, Пантыфік узначаліў урачыстае адкрыццё і благаслаўленне цэнтральнай «Вежы Езуса Хрыста».

Шэдэўр Антоніа Гаўдзі на карысць сусветнай спадчыны Касцёла

Гэты велічны архітэктурны элемент, будаўніцтва якога канчаткова завершана, узносіцца на вышыню 172,5 метра. Дзякуючы гэтаму «Саграда Фамілія» стаў самай высокай хрысціянскай святыняй у свеце. Узвядзенне сакральнага будынка, які сёння ўключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА, распачалося яшчэ ў 1882 годзе.

Базыліка па праве лічыцца галоўным творам жыцця выбітнага архітэктара Антоніа Гаўдзі. Верны католік пакінуў пасля сябе не проста мастацкі шэдэўр, але і сведчанне глыбокай веры, а яго беатыфікацыйны працэс у цяперашні час працягваецца ў Касцёле.

Светлавы спектакль і памятны знак перад развітаннем

Пасля афіцыйнага благаслаўлення Леў XIV разам з каралеўскай парай і супольнасцю вернікаў са спецыяльнага подыума назіраў за захапляльным светлавым шоу і святочнымі феерверкамі.

Напрыканцы сустрэчы, перад тым як развітацца з іспанскім манархам, Святы Айцец урачыста адкрыў памятную дошку ў гонар гэтай гістарычнай падзеі.

 
Абноўлена 11.06.2026 12:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа