Пошук

10.06.2026 10:49   Кс. Аляксандр Амяльчэня, Аляксандр Панчанка, Марыя Валодзіна / Vatican News BY / Catholic.by
Леў XIV падчас Літургіі гадзін у катэдры Барселоны. Фота: Vatican Media

Завяршыўся першы этап апостальскага падарожжа Льва XIV у Іспанію. 9 чэрвеня Папа развітаўся з Мадрыдам і накіраваўся ў Барселону.

Папа ў катэдры Барселоны: каталонцы — будаўнікі еднасці

Папа наведаў катэдру Святога Крыжа і Святой Эўлаліі ў Барселоне. Пры ўваходзе ў святыню Наступніка Пятра сустрэлі арцыбіскуп мітрапаліт Барселоны кардынал Хуан Хасэ Амелья-і-Амелья і дэкан храма, які паднёс Пантыфіку крыж і асвечаную ваду.

Пасля хвіліны малітоўнага засяроджання перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам у бакавой капліцы Святы Айцец прайшоў у цэнтральную наву для супольнай малітвы Літургіяй гадзін. Славутая гатычная базіліка, узведзеная паміж ХІІІ і ХV стагоддзямі, сустрэла Пантыфіка спевам хору.

Падчас Літургііі гадзін з удзелам Папы ў катэдры Барселоны. Фота: Vatican Media

У сваёй гаміліі Святы Айцец засяродзіўся на сутнасці касцёльнага суіснавання, выкарыстоўваючы вобраз Хрыстовага Цела, дзе кожны выконвае сваю ролю. Папа падкрэсліў, што супольнае служэнне і супрацоўніцтва для хрысціян — гэта не проста выбар стылю, а «фізіялагічная патрэба», заснаваная на Божай ласцы.

Сапраўднае братэрства нараджаецца тады, калі супольнасць дазваляе Богу любіць сябе.

«Толькі той, хто дазваляе Богу любіць сябе, можа будаваць разам з іншымі справы любові»,

— адзначыў Папа, заклікаўшы развіваць у Касцёле сямейны клімат, здольны да міласэрнасці, узаемнай увагі і прабачэння.

Падчас Літургііі гадзін з удзелам Папы ў катэдры Барселоны. Фота: Vatican Media

Пантыфік нагадаў, што жыхары Барселоны як галоўнага горада Каталоніі маюць «асаблівую адказнасць заставацца будаўнікамі еднасці» па-за ўсялякай палярызацыяй. У сучасным грамадстве, якое становіцца ўсё больш і больш раздробленым і індывідуалістычным, хрысціяне закліканы праяўляць адвагу і сведчыць пра вышэйшыя каштоўнасці.

Папа заклікаў вернікаў адмовіцца ад усяго другаснага дзеля таго, што трывае вечна, заставацца сведкамі і прарокамі адзінства, гасціннасці, згоды і міру, нават коштам ахвяр і адрачэнняў.

Падчас візіту Папы ў катэдру Барселоны. Фота: Vatican Media

Завяршаючы казанне, Леў XIV даручыў місію мясцовага Касцёла заступніцтву Маці Божай, прамовіўшы традыцыйны зварот: «Santa Maria de la Mercè, pregueu per nosaltres».

Пасля благаслаўлення Пантыфік накіраваўся ў крыпту XIV стагоддзя, каб памаліцца каля магілы нябеснай заступніцы горада — святой Эўлаліі. Перад тым як пешшу перайсці ў арцыбіскупскі дом, Папа зрабіў памятнае фота з семінарыстамі, наведаў унутраны дворык базілікі са знакамітай крыніцай гусей і прывітаў чальцоў капітула і прадстаўнікоў мясцовых улад.

Леў XIV – моладзі: з Богам жыццё адраджаецца заўсёды

Падчас сустрэчы з моладдзю, якая прайшла ўвечары на Алімпійскім стадыёне імя Луіса Кампаніса ў Барселоне, Леў XIV адказаў на пытанні маладых вернікаў, якія падзяліліся сваімі праблемамі і сумненнямі ў асабістым і духоўным жыцці.

Сустрэча Папы з моладдзю на Алімпійскім стадыёне ў Барселоне. Фота: Vatican Media

Малады чалавек, які нядаўна прыняў хрост, спытаў у Папы, як у сучасным свеце захоўваць увагу на тым, што сапраўды важнае, калі грамадства часта прымушае засяроджвацца толькі на сабе і павярхоўных рэчах. У адказ Пантыфік падкрэсліў, што імкненне да праўды і шчасця натуральна ўласцівае чалавеку, які створаны для больш глыбокай перспектывы і пакліканы да ўнутранага росту, таму важна не заглушаць «здаровы неспакой» камфортам і выгодамі, а працягваць шукаць сэнс жыцця.

Леў XIV таксама падкрэсліў неабходнасць знаходзіць час для цішыні, чытання Евангелля, малітвы і духоўнага суправаджэння, каб лепш бачыць Бога ў рэальнасці і развіваць крытычнае мысленне адносна несправядлівых сацыяльных структур.

Фота: Vatican Media

Другое пытанне задала дзяўчына, якая падчас дэпрэсіі спрабавала ўчыніць самагубства. Яна спыталася Папу як людзям знайсці надзею, калі жыццё здаецца толькі непрагляднай цемрай.

Пантыфік заўважыў, што дэпрэсія часта сустракаецца ў развітых грамадствах, у тым ліку сярод моладзі, што з’яўляцца адным са знакаў памылковасці сучаснай мадэлі развіцця, якая прымушае людзей знаходзіцца ў пастаянным стане напружанасці. Ён пажадаў, каб сістэмы аховы здароўя былі ўважлівымі да гэтай праблемы.

Папа параіў у такія моманты не губляць даверу да Бога і звяртацца да Яго ў малітве.

«Перад абліччам самых складаных і балючых сітуацый, калі здаецца, што Бог адсутнічае, мы павінны яшчэ раз даверыць Яму цяжар, які носім у сэрцы, усклікаючы да Яго, нават пратэстуючы, як Ёў, з упэўненасцю, што Ён нейкім чынам прысутнічае і знаходзіцца побач, нават калі здаецца, што Ён маўчыць»,

 сказаў Святы Айцец.

Пантыфік таксама адзначыў важнасць падтрымкі з боку іншых людзей. «У гадзіны болю, прынамсі, наколькі гэта магчыма, мы павінны адкрыцца камусьці, хто дапаможа нам вымавіць простую малітву, хто будзе далікатна суправаджаць нас, не спяшаючыся растлумачыць нам гэты боль, хто возьме нас за руку і дапаможа нам выйсці з гэтага крыку. Такія досведы нясуць пасланне і нам, вернікам, і ўсяму Касцёлу: мы не павінны спірытуалізаваць пакуты, павярхоўна зводзячы іх да "Божай волі" ці да нейкай Яго таямнічай задумы, таму што гэта можа прывесці да прыніжэння значэння цярпення, заглушаць яго, раніць людзей. Бог не хоча пакут, Ён пераносіць іх разам з намі і заклікае нас няспынна давяраць Яму. Успомнім, што казаў Папа Францішак: з Богам жыццё адраджаецца заўсёды», дадаў Леў XIV.

Фота: Vatican Media

Трэцяе пытанне задала дзяўчына, якая перажыла цяжкую сямейную трагедыю: яе бацька апынуўся ў турме, пасля таго, як падчас спробы забіць яе маці, забіў маладога чалавека, што прыйшоў на дапамогу. Затым яе маці трапіла ў залежнасць ад наркотыкаў, а дзяўчына выхоўвалася ў новай сям'і. Яна прызналася, што гэты трагічны досвед паўплываў на яе адносіны з Богам, да якога яна пастанна звяртаецца з пытаннем: «Дзе Ты быў, калі я была маленькай?». Маладая іспанка спыталася ў Святога Айца як ёй прабачыць бацьку і прыйсці да прымірэння з Панам.

Пантыфік спачатку адзначыў важнасць увагі да выпадкаў гвалту ў сям’і. Ён падкрэсліў, што праблема патрабуе адказнасці кожнага чалавека і ўсяго грамадства, а не перакладання яе на Бога. Бог даў чалавеку розум, свабоду і сумленне, а таксама паказаў шлях праз Езуса Хрыста, каб будаваць жыццё, заснаванае на справядлівасці, міры і братэрстве. Таму, калі ў свеце пануюць гвалт і эгаізм, неабходна аналізаваць уласныя паводзіны і грамадскія структуры, а не вінаваціць Бога ў чалавечых дзеяннях, адзначыў ён.

Леў XIV заўважыў, што прымірэнне — гэта доўгі працэс і шлях унутранага аздараўлення. Яно не з’яўляецца імгненнай здольнасцю, але патрабуе часу, цярплівасці і пастаяннага адкрыцця на Божую дапамогу, каб паступова ператварыць крыўду у міласэрнасць і спачуванне.

«Неабходна не апускаць рукі: да прабачэння прыходзяць малымі крокамі», дадаў Папа.

Фота: Vatican Media

«Прымірэнне з гісторыяй гэта паступовы працэс, і, перш за ўсё, мы не павінны думаць, што прабачэнне заўсёды і ў кожным выпадку азначае вяртанне да папярэдняй сітуацыі або паўнавартаснае жыццё з чалавекам, які нас пакрыўдзіў, асабліва калі інцыдэнт характарызаваўся гвалтам. Мы можам захоўваць добрае сэрца да чалавека, адкідаць любую форму нянавісці або помсты, імкнуцца як мага лепш наладзіць адносіны і, магчыма, нават маліцца за яго ці яе: гэта дапамагае нам яшчэ глыбей увайсці ў дынаміку прабачэння і прымірыцца з Богам і з іншымі», падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў іспанцаў не баяцца «жыццёвых начэй»

Увечары на Алімпійскім стадыёне імя Луіса Кампаніса ў Барселоне Леў XIV узначаліў вялікае малітоўнае чуванне з удзелам тысяч вернікаў. У гаміліі ён звярнуўся да евангельскага вобраза Нікадэма, які прыйшоў да Езуса ўначы ў пошуках праўды і святла.

Малітоўнае чуванне з моладдзю ў Барселоне. Фота: Vatican Media

Мы таксама, як Нікадэм, пілігрымы ўначы, сказаў Папа.

Жыццёвы шлях чалавека — гэта пастаянны пошук любові, праўды і сэнсу. Рухаючыся наперад павольна, маленькімі крокамі, у паўцемры нашага чалавечага стану, мы шукаем святло, якое асветліць гэты шлях.

Нікадэм нагадвае нам і аб тым, што шлях веры заўсёды пераплятаецца з чалавечым жыццём. Бог настолькі палюбіў свет, што паслаў свайго Сына, і ў Ім назаўжды з’яднаўся з намі. Таму ва ўсіх абставінах жыцця чалавек знаходзіцца ў прысутнасці Бога і атулены Яго абдымкамі. І ўсё ж часам вернікі перажываюць «ноч веры» – сумненні, духоўную стомленасць, пачуццё ўласнай неадпаведнасці евангельскаму закліку, расчараванне пасля няўдач і страх апынуцца не на вышыні, падкрэсліў Пантыфік.

Леў XIV заўважыў, што такія «ночы жыцця» могуць стаць прасторай благаслаўлення, магчымасцю для духоўнага аднаўлення і новага нараджэння.

Гэтыя ночы ачышчаюць нас і вяртаюць да самага істотнага, здымаюць з нас маскі, якія мы носім удзень, каб нас не пазналі або каб стварыць вобраз, адрозны ад таго, кім мы ёсць на самой справе. Яны вяртаюць нас да пакоры — здольнасці бачыць сябе праўдзіва.

Пантыфік заклікаў вернікаў «не судзіць ночы» ў жыцці чалавека, Касцёла ці грамадства, а вырушыць у шлях, адкрыцца на подых Духа Святога і прыняць ноч не як знак паразы, а як пачатак новага жыцця.

Фота: Vatican Media

Святы Айцец заахвоціў вернікаў спытаць сябе: праз якія ночы мы праходзім? Аб чым яны нам гавораць? Да якіх змен мы пакліканы? У чым мы павінны абнавіцца, у якім кірунку жадаем ісці, якое грамадства пабудаваць?

«Не пераставайце шукаць, задаваць пытанні і весці дыялог — з Богам і паміж сабой — нават у самым сэрцы ночы»,

сказаў Папа, заклікаючы будаваць краіну, у якой кожнага паважаюць у яго чалавечай годнасці і любяць такім, якім ён ёсць.

Абноўлена 11.06.2026 14:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця