Пошук

30.09.2026 09:17   Кс. Аляксандр Амяльчэня / Vatican News BY

Фота: www.vaticannews.va

На борце самалёта, які вяртаўся з Меца ў Рым, папа Леў XIV сустрэўся з 80 журналістамі, што суправаджалі яго ў апостальскім падарожжы. Падчас палёту Пантыфік падзякаваў сваім спадарожнікам за працу, падвёў духоўныя вынікі чатырох дзён у Францыі і адказаў на пытанні пра сексуальныя злоўжыванні, канец жыцця, жыллёвы крызіс, штучны інтэлект і магчымае падарожжа ў Германію. 

На сустрэчы з журналістамі Леў XIV адзначыў: «Гэтыя чатыры дні былі літаральна поўныя шматлікіх благаслаўленняў. Я б сказаў, амаль цудаў, асабліва час, праведзены ў Люрдзе, калі мы ішлі побач з многімі хворымі і пакутлівымі людзьмі і бачылі, як ласка Божай прысутнасці дакранаецца да сэрцаў людзей, змяняе іх жыццё і вяртае годнасць тым, хто ў некаторых частках грамадства аказваецца на ўзбоччы». 

Пантыфік прызнаўся, што яго асабліва кранула сустрэча з моладдзю на «Стад дэ Франс», дзе сабраліся 80 тысяч маладых людзей з усёй краіны: «Я адчуваю сябе вельмі благаслаўлёным за тое, што меў прывілей наведаць Францыю, каб падбадзёрыць асабліва моладзь. Яны перадалі нам свой энтузіязм, радасць і пачуццё надзеі — і, думаю, атрымалі нешта, чым змогуць падзяліцца з іншымі». 

Злоўжыванні, абарона жыцця і секулярызм 

Сярод тэм, якія больш за ўсё цікавілі журналістаў на борце самалёта, зноў былі сексуальныя злоўжыванні і эўтаназія. Прадстаўнікі СМІ напрамую запыталіся ў Папы: «Ахвяры, з якімі вы сустракаліся, кажуць, што вы прызналі сістэмны характар злоўжыванняў у Касцёле. Ці так гэта?» 

Леў XIV адказаў, што сапраўды некаторыя ахвяры гаварылі пра сістэмны характар злоўжыванняў.

Аднак сам ён аддае перавагу больш дакладнай фармулёўцы, калі гаворка ідзе пра асобныя структуры Касцёла, якія маглі дзейнічаць як сістэма злоўжыванняў.

Пантыфік таксама падкрэсліў, што сексуальнае злоўжыванне перш за ўсё з'яўляецца чалавечай праблемай, але ў Касцёле яно набывае дадатковае вымярэнне, бо можа глыбока параніць і нават знішчыць веру чалавека. «Таму Касцёл нясе асаблівую адказнасць за суправаджэнне і дапамогу ў пошуку ацалення», — дадаў Папа. 

Ксаўе Ле Норманд з выдання Le Pèlerin запытаў пра легалізацыю ў Францыі эўтаназіі, звязаўшы сваё пытанне з працэсам секулярызму. Журналіст звярнуў увагу на выраз Пантыфіка — «тое, што законна, не абавязкова маральна» — і спытаў, ці не павінна мяжа паміж Касцёлам і дзяржавай быць перасечана дзеля прымату сумлення. Леў XIV заявіў, што падчас візіту не пераступаў мяжы паміж Касцёлам і дзяржавай.

Абарона жыцця і іншыя пытанні сацыяльнага вучэння Касцёла, паводле яго слоў, не з'яўляюцца палітычнай дзейнасцю, а азначаюць прымяненне Евангелля да жыцця чалавека. 

Папа адзначыў, што ў Францыі, як і ў іншых краінах, працягваецца шырокая дыскусія пра завяршэнне жыцця. У Люрдзе ён убачыў асаблівы кантэкст для размовы пра годнасць чалавека, бо сюды прыязджаюць людзі, якія шукаюць сэнс нават у хваробе, інваліднасці і пакутах. 

«Я паехаў у Францыю галоўным чынам, каб прапаведаваць Евангелле, пацвердзіць тое, што кажа Езус: «Я — шлях, праўда і жыццё».

Абарона жыцця — гэта прынцып, у які Касцёл глыбока верыць. Знаходжанне ў Люрдзе, дзе людзі разумеюць, што іх жыццё нават сярод хваробы мае сэнс, з'яўляецца значным. «Калі гэта палітыка, то я яе рабіў; але я не меў намеру ўмешвацца ў французскую палітыку — я проста хацеў вучыць таму, у што Касцёл сапраўды верыць», — дадаў Папа. 

Пра культуру выкідання і жыллёвы крызіс 

Журналістаў таксама цікавіла рэакцыя Святога Айца на рэзанансную гісторыю ў Іспаніі з 87-гадовай жанчынай, якую выгналі з дому праз павышэнне арэнды. На пытанне «што вы думаеце пра жыллёвы крызіс у Еўропе?», Папа назваў сітуацыю з гэтай жанчынай прыкладам, калі супольнасць, парафія, дыяцэзія і дзяржава павінны разам шукаць справядлівае рашэнне.

Святы Айцец звязаў гэтую праблему з тэмай культуры адчужэння, пра якую шмат гаварыў падчас візіту ў Францыю. Ён адзначыў, што жыллёвы крызіс існуе ў многіх краінах, і палітычныя лідары і дзяржаўныя ўлады павінны не толькі рэагаваць на гэтую з'яву, але і разбірацца ў яе прычынах. 

«Тут суседзі, парафія, дыяцэзія і дзяржава павінны аб'яднацца і спытаць: у чым праблема сістэмы, якая дазваляе выгнаць з дому пажылую жанчыну з інваліднасцю? Касцёл заклікае абудзіць ва ўсіх здольнасць адказваць з больш чалавечым сэнсам, чулым да болю іншых».  

Пра штучны інтэлект 

Рэпарцёр Джасцін Мак-Лэлана з National Catholic Reporter запытаўся ў Пантыфіка, ці верыць ён у тое, што штучны інтэлект можа знішчыць свет. Журналіст нават зацікавіўся, ці не ўпадае Святы Айцец ад гэтага ў паніку.  

«Не, я не ў паніцы, ноччу я сплю», — з жартам адказаў Леў XIV, аднак разам з гэтым прызваў экспертаў адносіцца да гэтай тэмы сур'ёзна. Ён таксама згадаў створаную ў Ватыкане адмысловую камісію па штучным інтэлекце, якая павінна каардынаваць працу Святога Пасада ў гэтай сферы, у тым ліку ацэньваць магчымасці і рызыкі выкарыстання ШІ. Паводле Папы, пасля публікацыі Magnifica humanitas у Ватыкан надышло шмат зваротаў, таму праца працягваецца ў кірунку дыялогу, даследаванняў і пошуку спосабаў не дапусціць сітуацыі, калі штучны інтэлект зможа пагражаць чалавецтву.

«Я адносна аптымістычны: ёсць дастаткова людзей, сур'ёзна зацікаўленых у тым, каб ШІ не дасягнуў пункту, калі зможа знішчыць чалавецтва»,

— адзначыў Папа.

Пра магчымае падарожжа ў Германію 

Журналісты таксама ўзгадалі апошні пункт праграмы падарожжа Святога Айца па Францыі — горад Мец, які знаходзіцца вельмі блізка да нямецкай мяжы, і запыталіся пра магчымасці візіту Пантыфіка ў Германію.  

«З усёй пакорай магу сказаць, што я Папа ўсяго каля пятнаццаці месяцаў, і ёсць шмат месцаў, якія я яшчэ не наведаў. Я атрымаў запрашэнне і сапраўды спадзяюся наведаць Германію», — адказаў Леў XIV. Аднак канкрэтнага плана пакуль няма: на 2027 год дакладна вызначана толькі адна паездка — у Карэю на Сусветныя дні моладзі. 

У той жа час Папа выказаўся пра скарачэнне колькасці вернікаў у Германіі і рост уплыву ўльтраправых рухаў. Леў XIV нагадаў, што такога роду размовы раней гучалі і пра Францыю, але падчас візіту ў гэту краіну ён ўбачыў вялікую колькасць людзей, якія хочуць жыць сваёй хрысціянскай верай.

«Калі мы знойдзем сапраўдны місіянерскі дух, у Германіі ўсё яшчэ вельмі шмат людзей, якія хочуць жыць сваёй верай. Я аптымістычны, хоць прызнаю сур'ёзныя праблемы. Важна, каб людзі добрай волі ўдзельнічалі ў палітычных працэсах і прымалі рашэнні на карысць агульнага дабра, а не экстрэмісцкіх ідэй»,

— дадаў Папа. 

Напрыканцы сустрэчы з журналістамі на борце самалёта Леў XIV заклікаў людзей добрай волі ўдзельнічаць у грамадскім і палітычным жыцці, робячы выбар на карысць агульнага дабра.

Ён падкрэсліў, што Касцёл будзе працягваць гаварыць, вучыць і абвяшчаць каштоўнасці, якія, паводле яго слоў, вядуць да жыцця, а не да разбурэння і падзелу. 

Папа асабліва падзякаваў усім, хто працаваў за кулісамі арганізацыі паездкі: супрацоўнікам Апостальскай Сталіцы, французскім біскупам і мноству свецкіх людзей, якія зрабілі вырашальны ўнёсак у гэтае падарожжа. 

Абноўлена 30.09.2026 09:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця