Пошук

23.06.2026 19:27   Аляксандр Панчанка / Vatican News BY

Выява ілюстрацыйная.

Свецкія вернікі не могуць прапаведаваць замест гаміліі падчас святой Імшы нават у выключных абставінах, паведаміла нямецкім біскупам Дыкастэрыя Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў.

23 чэрвеня Дыкастэрыя Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў апублікавала паведамленне, у якім гаворыцца, што 30 сакавіка Канферэнцыя Біскупаў Германіі звярнулася да гэтага ведамства з просьбай даць дазвол на тое, каб у выключных абставінах належна ўпаўнаважаныя свецкія вернікі маглі прапаведаваць замест гаміліі падчас эўхарыстычнай цэлебрацыі.

У лісце ад 17 чэрвеня, адрасаваным старшыні Канферэнцыі Біскупаў Германіі, біскупу Хайнеру Вільмеру, Дыкастэрыя паведаміла, што такі дазвол даць не можа:

«Выказваючы падзяку за пастырскі клопат, які натхніў гэты запыт, Дыкастэрыя пацвярджае, што ад існуючай дысцыпліны нельга адступіць праз дазвол, паколькі замацаванне гаміліі за святаром або дыяканам з’яўляецца не проста дысцыплінарнай нормай, але вынікае з самой прыроды літургіі.

Гамілія з’яўляецца неад’емнай часткай Літургіі слова, непарыўна звязана з абвяшчэннем Евангелля і ўяўляе сабой выкананне munus docendi, даручанага пасвячаным святарам праз сакрамэнт пасвячэння.

Абвяшчэнне Божага слова падчас літургічнай цэлебрацыі неаддзельнае ад місіі, атрыманай сакрамэнтальным чынам, і ад адзінства, якое злучае Божае слова і сакрамэнт у эўхарыстычнай цэлебрацыі».

У лісце таксама падкрэсліваецца важнасць пастаяннай фармацыі пасвячаных святароў, каб гамілія магла поўнасцю выяўляць сваю пастырскую і духоўную эфектыўнасць.

Нарэшце, Дыкастэрыя нагадвае, што дзеючая дысцыпліна Касцёла ўжо прадугледжвае шматлікія формы абвяшчэння Божага слова і прапаведавання, якія могуць быць даручаныя свецкім вернікам па-за гаміліяй і цэлебрацыяй Эўхарыстыі, у адпаведнасці з кананічным правам і ўласнай прыродай гэтых формаў абвяшчэння Евангелля.

Абноўлена 23.06.2026 21:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.