Пошук

03.07.2024 10:35   Фота: Vatican News BY
Фота: Vatican News

Кананічныя аспекты для ўстанаўлення адмысловай формы сінадальнасці ў Касцёле ў Германіі сталі адной з тэм размоваў паміж высокімі прадстаўнікамі Святога Пасаду і епіскапату Германіі, якія прайшлі ў Ватыкане 28 чэрвеня.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, паведле камюніке, апублікаванага Святым Пасадам і Канферэнцыяй біскупаў Германіі, аднадзённы дыялог характарызаваўся станоўчай, адкрытай і канструктыўнай атмасферай. Яго асновай стала пагадненне ад 22 сакавіка, якое прадугледжвае развіццё канкрэтных форм ажыццяўлення сінадальнасці ў Касцёле ў Германіі, у адпаведнасці з эклезіялогіяй Другога Ватыканскага Сабору, палажэннямі кананічнага права і плёнамі Сіноду Паўсюднага Касцёла, якія будуць прадстаўленыя Святому Пасаду на зацвярджэнне (recognitio).

У межах абмену думкамі біскупы паведамілі аб апошнім пасяджэнні Сінадальнай камісіі (часовага рабочага органа), падчас якога былі абмеркаваныя тэалагічныя асновы і прававыя магчымасці арганізацыі нацыянальнага сінадальнага органа. Сустрэча была засяроджана на сувязі паміж выкананнем біскупскага служэння і спрыяннем сумеснай адказнасці ўсіх вернікаў, з асаблівым акцэнтам на аспектах кананічнага права для ўстанаўлення адмысловай формы сінадальнасці ў Касцёле ў Германіі. Абодва бакі вельмі зацікаўленыя ва ўмацаванні сінадальнасці ў жыцці Касцёла для больш эфектыўнай евангелізацыі, адзначаецца ў паведамленні.

Камісія, прызначаная нямецкім Сінадальным камітэтам, будзе займацца пытаннямі сінадальнасці і структуры сінадальнага органа. Яна павінна знаходзіцца ў цесным кантакце з адпаведнай камісіяй, якая складаецца з прадстаўнікоў адпаведных дыкастэрый Святога Пасаду, каб распрацаваць праект такога органа.

Для прадстаўнікоў Рымскай курыі важнымі былі два аспекты: яны хацелі б змены назвы і розных аспектаў цяперашняга праекту такога магчымага нацыянальнага сінадальнага органа. Што датычыцца становішча гэтага органа, то ўсе сыходзяцца ў меркаванні, што ён не можа стаяць вышэй канферэнцыі біскупаў ці быць роўным ёй.

Абмяркоўвалася таксама пытанне аб будучым складзе нямецкай дэлегацыі, якая ўдзельнічае ў дыялогу паміж прадстаўнікамі Рымскай курыі і Канферэнцыі біскупаў Германіі.

Пасля заканчэння Сіноду паўсюднага Касцёла працягнуцца размовы на тэмы антрапалагічнага, эклезіялагічнага і літургічнага характару.

У лісце, абнародаваным 23 студзеня 2024 года, Святы Пасад удакладніў, што ні Сінадальны шлях у Германіі, ні які-небудзь створаны ім орган, ані якая-небудзь канферэнцыя біскупаў не маюць кампетэнцыі заснаваць Сінадальную раду на нацыянальным, дыяцэзіяльным або парафіяльным узроўнях.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.