
20 мая Генеральны сакратарыят Сінода апублікаваў дакумент, які вызначае чарговыя этапы па рэалізацыі Сінода па сінадальнасці. Працэс, які павінен сабраць сінадальныя групы ў Ватыкане ў кастрычніку 2028 года, будзе праходзіць у чатыры этапы: «Памяць», «Інтэрпрэтацыя», «Напрамкі» і «Цэлебрацыя». Як падкрэсліваецца ў апублікаваным тэксце, мэтай з'яўляецца не новая кансультацыя, а хутчэй распазнанне пладоў ужо распачатага сінадальнага працэсу.
Шлях усяго Касцёла
Дакумент «Да Асамблей 2027-2028 гг.: этапы, крытэрыі і інструменты падрыхтоўкі» вызначае каляндар і метадалогію рэалізацыі высноў Сінода 2021-2024 гг. Галоўным застаецца агульнае пытанне, адрасаванае мясцовым Касцёлам па ўсім свеце: «Які канкрэтны вобраз сінадальнага місійнага Касцёла і якія новыя шляхі сінадальнасці вымалёўваюцца ў вашай супольнасці?»
Генеральны сакратарыят Сінода падкрэслівае, што ўвесь працэс мае духоўны і эклезіяльны характар. Гаворка ідзе не пра «тэхнічную ацэнку» ці «сацыялагічную кансультацыю», а пра сумеснае распазнанне таго, што Дух Святы абуджае сёння ў Касцёле.
Чатыры этапы сінадальнага шляху
Першы этап пад назвай «Памяць» запланаваны на першую палову 2027 года. Дыяцэзіі і епархіі арганізуюць сустрэчы, каб абагульніць вопыт рэалізацыі заключнага дакумента Сінода. Мэта не ў тым, каб успомніць мінулае, а каб зірнуць на сучаснасць праз прызму дзеяння Духа Святога ў жыцці супольнасцей.
Наступны этап запланаваны на другую палову 2027 года. Падчас яго канферэнцыі біскупаў праналізуюць тэалагічна-пастаральныя ўзаемасувязі. Гэты этап называецца «Інтэрпрэтацыя», бо на ім будзе аналізавацца і інтэрпрэтавацца дыяцэзіяльны вопыт на ўзроўні канферэнцый біскупаў.
Кантынентальныя асамблеі адбудуцца ў пачатку 2028 года і будуць мець тэму «Напрамкі». Іх мэтай будзе вызначэнне агульных прыярытэтаў і душпастырскіх перспектыў для асобных частак Паўсюднага Касцёла.
Працэс завершыцца Генеральнай Асамблеяй у Ватыкане ў кастрычніку 2028 года. Гэты этап будзе мець назву «Цэлебрацыя». Як адзначаецца ў дакуменце, гэта не будзе канцом працэсу, а чарговым імпульсам для развіцця сінадальнасці ў Касцёле.
«Не дадатковае заданне, а час для распазнання»
Генеральны сакратар Сінода, кардынал Марыё Грэк, падкрэслівае, што прапанаваны шлях не мае на мэце абцяжарыць супольнасці.
«Тое, што мы прапануем мясцовым Касцёлам, — гэта не дадатковае заданне, а час сумеснага распазнання і падзякі»,
— падкрэслівае кардынал.
Іерарх дадае, што асамблеі павінны стаць «месцам сінтэзу і новым імпульсам для шляху Касцёла», каб абмен вопытам паміж мясцовымі Касцёламі стаў канкрэтным досведам камуніі.
Абмен дарамі паміж Касцёламі
Істотным элементам працэсу будзе ўзаемаабмен вопытам. Кожная дыяцэзія, канферэнцыя біскупаў і кантынентальная асамблея падрыхтуюць дакументы, якія будуць перададзеныя іншым часткам Касцёла і Генеральнаму сакратарыяту Сінода.
Усе матэрыялы будуць распаўсюджвацца згодна з пэўным графікам: да чэрвеня 2027 года на дыяцэзіяльным узроўні, да канца 2027 года — праз канферэнцыі біскупаў і да красавіка 2028 года — праз кантынентальныя асамблеі.
Сінадальнасць як стыль жыцця Касцёла
У дакуменце нагадваецца, што найважнейшымі аспектамі сінадальнага працэсу з'яўляюцца якасць малітвы, узаемнае слуханне і абмен вопытам. Таму Генеральны сакратарыят Сінода падкрэслівае, што матэрыялы, падрыхтаваныя на кожным этапе, павінны быць надзейнымі, канкрэтнымі і лаканічнымі.
У тэксце таксама падкрэсліваецца важнасць «размовы ў Духу» як фундаментальнага метаду сінадальнай працы і неабходнасць шырокага ўдзелу вернікаў: свецкіх асобаў, духавенства, кансэкраваных асобаў, моладзі і людзей, якія належаць да перыферыі грамадства.
Поўны тэкст дакумента даступны на афіцыйным сайце Сінода: www.synod.va.







