Пошук

07.10.2026 15:51   Аляксандр Панчанка / Vatican News BY / Catholic.by

Пленарнае пасяджэнне РКБЕ у МІнску, 2017 год. Фота: laityfamilylife.va

У аўстрыйскім Зальцбургу адбудзецца пленарная асамблея РКБЕ, падчас якой старшыні епіскапатаў Еўропы абмяркуюць евангелізацыю, сінадальнасць і місію святароў, а таксама выберуць новае кіраўніцтва арганізацыі.

Штогадовая сустрэча Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы (Consilium Conferentiarum Episcoporum Europae, CCEE, РКБЕ) пройдзе з 27 па 30 кастрычніка ў адукацыйным цэнтры імя святога Віргілія. Яе тэма – «Евангелізацыя і сінадальнасць: місія сённяшніх святароў у Еўропе».

Удзельнікі сустрэчы абмяркуюць рэалізацыю рашэнняў Сінода, актуальную сітуацыю ў Еўропе і місію святароў у святле апостальскай адгартацыі Францішка Evangelii Gaudium, прысвечанай абвяшчэнню Евангелля ў сучасным свеце. У праграме таксама прадугледжаныя выступленні прадстаўнікоў Апостальскай Сталіцы і еўрапейскіх касцёльных структур.

Адным з цэнтральных момантаў асамблеі стануць выбары новага кіраўніцтва Рады, якія адбудуцца ў чацвер, 29 кастрычніка.

Галасаванне пройдзе за закрытымі дзвярыма. Больш дэтальная праграма пасяджэння будзе апублікавана пазней.

Рада Канферэнцый Біскупаў Еўропы была заснавана ў 1971 годзе. У яе ўваходзяць 33 еўрапейскія епіскапаты, а таксама арцыбіскупы Люксембурга і Княства Манака, мараніцкі арцыбіскуп Кіпра, біскупы Кішынёва (Малдова), Мукачаўскай епархіі (Украіна) і Талінскай дыяцэзіі (Эстонія).

Прэзідыум РКБЕ складаецца са старшыні і двух віцэ-старшыняў, якія абіраюцца на пяцігадовы тэрмін з магчымасцю працягу. З 2021 года Раду ўзначальвае арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас. Пасады віцэ-старшыняў займаюць арцыбіскуп Люксембурга кардынал Жан-Клод Олерыш і арцыбіскуп Белграда кардынал Ладзіслаў Нэмет. З 2024 года сакратарыят арганізацыі знаходзіцца ў Рыме.

З 1999 года Беларусь увайшла ў склад Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы. З 27 верасня па 1 кастрычніка 2017 года па запрашэнні арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча месцам сустрэчы РКБЕ стаў Мінск.
 

Абноўлена 07.10.2026 16:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа