Пошук


К'яра Біаджоні з інфармацыйнага агенцтва SIR (Італія) адна з тых, чый працоўны дзень пачынаецца крыху раней за біскупаў, якія прыбылі ў Мінск для ўдзелу ў пасяджэнні Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы (РКБЕ).

Яе працоўнае месца ў гэтыя дні — прэс-цэнтр у гасцініцы «Вікторыя Алімп», дзе праходзяць пасяджэнні форуму.

К'яра не ўпершыню суправаджае іерархаў у іх працы. Для свайго агенцтва журналістка працуе ўжо каля 20 гадоў і большасць удзельнікаў пасяджэння ведае ў твар.

Дзясяткі твараў — гэта біскупы і кардыналы з 54 еўрапейскіх краін — кіраўнікі і прадстаўнікі нацыянальных епіскапатаў ад Партугаліі да Расіі. Іх суправаджаюць эксперты з Ватыкана, тэхнічныя спецыялісты і журналісты, адной з якіх з’яўляецца і К’яра.

 

На пятніцу запланавана пяць пасяджэнняў, кожнае з іх — за зачыненымі дзвярыма. Магчымасць пагутарыць з іерархамі выдаецца толькі падчас кава-паўзы, але ўсе пытанні трэба ўзгадняць. Журналістаў на форуме курыруе прэс-сакратар РКБЕ Ц’еры Бонавентура.

На гадзінніку 8.15. Біскупы ўжо на месцы.

Перад пачаткам пасяджэння біскупы благаславілі фігуру св. Міхала Арханёла, заступніка Беларусі
Перад пачаткам пасяджэння біскупы благаславілі фігуру св. Міхала Арханёла, заступніка Беларусі

У канферэнц-зале мінскай гасцініцы «Вікторыя-Алімп» пачынаецца Ютрань, пасля зачытваюць справаздачу мінулагодняга пасяджэння. Яшчэ гадзіна — і пачнецца праца ў моўных групах.

Усе пасяджэнні прысвечаныя моладзі і выклікам, з якімі яна сутыкаецца. У кожнага з біскупаў за плячыма досвед сваёй краіны. Форум — гэта пляцоўка для выказвання, абмеркавання і аналізу.

Усход і Захад: моладзь і яе перспектывы

Catholic.by пагутарыў з некаторымі ўдзельнікамі асамблеі і пацікавіўся становішчам моладзі ў розных краінах Еўропы.

Біскуп Шарль Марэро са Швейцарыі прызнаўся, што ў яго краіне істотную ролю ў фарміраванні светаўспрымання моладзі адыгрывае стракаты культурны фон — у Швейцарыі чатыры афіцыйныя мовы.

«Мы вельмі секулярызаванае грамадства. Большасць моладзі, калі пачынае думаць пра сваё жыццё і будаваць планы, думае не пра Касцёл. У нас няма асаблівай праблемы экуменізму сярод моладзі, але ёсць іншая — яны не да канца ўпэўненыя ў тым, як павінна выглядаць іх будучыня».

Біскуп прызнаў, што рэальныя патрэбы моладзі і тое, як гэтыя патрэбы бачаць іерархі, супадае далёка не заўсёды.

«Рыхтуючыся да Сіноду Біскупаў, мы просім нашу моладзь дзяліцца сваімі думкамі і праблемамі, з якімі яны сутыкаюцца».

У сваю чаргу нямецкі біскуп Норберт Трэль прызнаў, што часта маладыя немцы не маюць духоўнага арыенціру ў жыцці.

«У Германіі на светаўспрыманне моладзі ўплывае геаграфічны фактар: Заходняй і Усходняй Германіі. На Захадзе краіны яшчэ да падзення Берлінскай сцяны была наладжана моцная душпастырская праца.

На сёння, на жаль, нямецкая моладзь мае часта дыстанцыйныя адносіны да Касцёла. Моладзь часта не мае арыенціру. Мы працуем з імі і імкнёмся да таго, каб іх жыццёвым арыенцірам стала вера ў Бога».

Іерарх дадаў, што адной з праблем, уласцівых Германіі, з’яўляецца секулярызм і адзінота: «моладзь занятая пабудовай кар’еры і часта ў яе няма часу на стварэнне сям’і, а з гэтым узнікае боязь за сваю будучыню».

Біскуп Чэслаў Козан з’яўляецца старшынёй епіскапату скандынаўскіх краін — Даніі, Фінляндыі, Нарвегіі, Швецыі і Ісландыі. У гэтым рэгіёне каталіцтва з’яўляецца меншасцю.

«Нягледзячы на тое, што гэтыя краіны пераважна хрысціянскія, большасць людзей былі ахрышчаныя там у лютэранскіх святынях. Вера ў штодзённым жыцці грамадства не займае шмат значэння. На жаль, тут адчувальны вялікі недахоп асноў веры, людзі не лічацца з хрысціянскай этыкай у асабістым жыцці».

Паводле слоў іерарха, часцей за ўсё католікі ў гэтых краінах — нашчадкі імігрантаў. «Але разам з тым ёсць і вельмі заангажаваная моладзь. Яе няшмат, але яны вельмі свядомыя ў сваёй веры. Яны ўдзельнічаюць ва ўікэндах і летніках для моладзі».

Біскуп дадаў, што рэчаіснасць каталіцкай моладзі ў скандынаўскіх краінах — гэта невялікая колькасць католікаў ва ўмовах секулярызацыі. Часта здараецца так, што дзіця — адзіны католік спачатку ў класе, пасля ва ўніверсітэцкай групе, а затым і на працы. «Разам лягчэй трымацца за свае хрысціянскія карані», — упэўнены іерарх.

Пасяджэнне РКБЕ праходзіць напярэдадні Сіноду Біскупаў, запланаванага на 2018 год. Пройдзе Сінод на тую ж тэму — моладзь і яе рэчаіснасць. Пленарнае пасяджэнне ў Мінску з’яўляецца яшчэ адным крокам у падрыхтоўцы Сіноду.

«Тэма наступнага Сіноду вельмі актуальная і для Беларусі, бо ад таго, якой будзе моладзь, будзе залежаць будучыня Еўропы і кожнай краіны ў прыватнасці», — заўважыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Разам з тым арцыбіскуп адзначыў, што на еўрапейскіх іерархаў вялікае ўражанне зрабіла моладзь, прысутная на Імшы ў Чырвоным касцёле ў першы дзень пасяджэння.

«Яны былі ўражаны колькасцю моладзі, а таксама сведчаннямі маладых людзей, прадстаўленымі на Імшы. Біскупы адзначалі: гэта сведчыць аб тым, што Касцёл у Беларусі — жывы», — сказаў іерарх.

Фінальны дзень працы біскупаў — субота. У канцы гэтага дня будзе распрацаваны асобны дакумент, які ўбярэ ў сябе прапановы, выказаныя іерархамі на форуме, і тэмы, на якія варта звярнуць увагу пры падрыхтоўцы да Сіноду Біскупаў.

«Працоўны дакумент Сіноду яшчэ не надрукаваны, і, верагодна, наша пасяджэнне ўнясе ў яго свой уклад», — дадаў Мітрапаліт Кандрусевіч

****
Тым часам гадзіннік паказвае 17.40. У хуткім часе ўдзельнікі пасяджэння адправяцца на Імшу ў мінскую архікатэдру. К’яра Біаджоні зачыняе ноўтбук і запакоўвае рэчы — разам з калегамі-журналістамі яна таксама будзе суправаджаць іерархаў.

Але і ўвечары яе працоўны дзень не завершыцца. Пры святле настольнай лямпы ў гасцінічным пакоі, у якім яна жыве, яе чакаюць матэрыялы, якія трэба скончыць і пераслаць рэдактару. Пра пасяджэнне РКБЕ ў Мінску прачытаюць па ўсёй Еўропе.

Абноўлена 01.10.2017 15:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа