З 19 па 22 верасня ў горадзе Сант’яга-дэ-Кампастэла (Іспанія) праходзіла сустрэча Моладзевай камісіі пры Радзе Канферэнцый Біскупаў Еўропы.
Сустрэча сабрала разам іерархаў, святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх лідараў з розных еўрапейскіх краін. Удзельнікі былі экспертамі ў розных сферах: душпастырства моладзі, пакліканняў і акадэмічнага душпастырства.
Па даручэнні Старшыні ККББ арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, дэлегатам ад Беларусі на ёй быў ксёндз доктар Раман Суша, выкладчык у Папскім універсітэце святога Бонавэнтуры (Сэрафікум) у Рыме.
На працягу трох дзён сабраныя разважалі над ключавымі выклікамі і праблемамі, з якімі сутыкаюцца маладыя людзі ў Еўропе.
Сярод удзельнікаў былі тэолагі, сацыёлагі, псіхолагі і, вядома, прадстаўнікі моладзі, якія дзяліліся сваімі сведчаннямі аб удзеле ў такіх падзеях, як Сусветныя дні моладзі ў Лісабоне.
Асноўная частка праграмы ўключала даклады і круглыя сталы, на якіх абмяркоўваўся кантэкст моладзевага жыцця ў розных краінах. Акрамя таго, удзельнікі правялі абмеркаванне Instrumentum laboris для Другой сесіі XVI Звычайнай генеральнай асамблеі Сіноду Біскупаў на тэму сінадальнасці, якая пройдзе ў Рыме ў кастрычніку.
У працоўнай групе, у склад якой уваходзіў беларускі дэлегат, абмяркоўваліся і прадстаўляліся розныя тэзісы і прапановы па аналізе і ацэнцы кантэксту сучаснай моладзі. Ксёндз Раман Суша падзяліўся з Сatholicminsk.by некалькімі важнымі назіраннямі, зробленымі ў групе, у якой ён працаваў.
Перадусім ён звярнуў увагу на секулярызацыю і няўпэўненасць у будучыні: сучасная заходняя культура характарызуецца ўзрастаючай секулярызацыяй і маргіналізацыяй рэлігіі.
Многія маладыя людзі не толькі з цяжкасцю прымаюць і жывуць у веры, але і сутыкаюцца з адсутнасцю надзеі і пазітыўнага бачання будучыні.
Аддаленне ад веры і Касцёла становіцца тэндэнцыяй. У той жа час ёсць прыкметы надзеі сярод моладзі, такія як імкненне да асабістай свядомасці, пошук веры разам з аднагодкамі і ў супольнасці, а таксама жаданне служыць іншым.
Беларускі дэлегат таксама адзначыў, што жыццё моладзі варта ўспрымаць як «тэалагічную прастору», у якой Бог прысутнічае і мае нешта важнае сказаць кожнаму з нас. У сучаснай лічбавай прасторы, якая з’яўляецца натуральным асяроддзем для моладзі, супольнасць можа прапанаваць значныя вопыты, што адкрываюць магчымасці для рэальнага моладзевага лідарства.
Акрамя таго, ксёндз Раман заўважыў, што многія маладыя людзі пачынаюць свой шлях да веры не з маральных патрабаванняў, а з асноўнага досведу хрысціянства — Керыгмы, або абвяшчэння Евангелля.
«Толькі праз разуменне веры можна паступова ўспрыняць маральныя нормы», — лічыць святар.
Знаходзячыся на месцы, дзе спачываюць рэліквіі святога апостала Якуба, беларускі дэлегат разам з іншымі ўдзельнікамі меў магчымасць праз яго заступніцтва ўзносіць малітвы за моладзь і за нашу краіну. Завяршылася сустрэча ўрачыстай цэлебрацыяй Эўхарыстыі, якую ў катэдры Сант’яга ўзначаліў арцыбіскуп Франсіско Хасэ Прыета Фэрнандэс, Мітрапаліт Сант’яга-дэ-Кампастэла.