Пошук

05.06.2024 14:53   Паводле: КАІ / Catholic.by
Фота: @sportbible / Х

2 чэрвеня каманда мадрыдскага «Рэала» ахвяравала Маці Божай ў катэдры Альмудэна перамогу ў Лізе чэмпіёнаў і падаравалі арцыбіскупу Мадрыдскаму копію кубка.

Напярэдадні «Рэал» у 15-ы раз здабыў прэстыжны футбольны трафей дзякуючы перамозе над дортмундскай «Барусіяй» з лікам 2:0 у фінале на стадыёне «Ўэмблі» ў Лондане.

Аўтобус каманды суправаджаўся паліцыяй ад выезду са стадыёна «Сант’яга Бэрнабэў» да прыбыцця ў катэдру Альмудэна, дзе сотні людзей сабраліся за кардонам бяспекі, які аддзяляў іх ад гульцоў на чале з прэзідэнтам клуба Фларэнтыно Пэрэсам. Капітан «Рэала» Начо Фэрнандэс трымаў у руках здабыты кубак Лігі чэмпіёнаў. Пры ўваходзе ў катэдру Альмудэна каманду сустрэў арцыбіскуп Мадрыдскі кардынал Хасэ Коба Кана.

На ўваходзе некалькі гульцоў спыніліся, каб раздаць аўтографы і сфатаграфавацца з фанатамі, якія чакалі іх у святыні. Кардынал Хасэ Коба Кана, вітаючы футбалістаў, павіншаваў іх з перамогай, адзначыўшы, што яна стала вынікам намаганняў і працы ўсёй каманды, трэнераў і ўсяго клуба.

«Дзякуй Богу, вы паказваеце, што спорт — гэта спосаб праверыць і праявіць свае таленты, а таксама кажаце нам, што спорт служыць для пабудовы лепшага грамадства. Як сказаў Папа Францішак, спорт вучыць нас каштоўнасці братэрства», — падкрэсліў арцыбіскуп іспанскай сталіцы.

Каманда «Рэала» на чале з чатырма капітанамі Начо Фернандэсам, Дані Карвахалем, Лукай Модрычам і Тоні Кросам ахвяравала Маці Божай Альмудэнскай перамогу ў Лізе чэмпіёнаў і падаравала арцыбіскупу Мадрыдскаму футболку ў гонар 15-а чэмпіянату Лігі чэмпіёнаў і копію кубка.

Паводле традыцыі, падчас аблогі Мадрыда ў IX стагоддзі абаронцам горада аб’явілася Панна Марыя. Гэта натхніла іх на супраціў і паспяховы адпор захопнікам. Як і многія звязаныя з Марыяй імёны ў Іспаніі, назва «Ла Альмудэна» паходзіць ад арабскага аль-мудайна, што азначае «горад, абнесены мурамі» або «крэпасць». Як Апякунка Мадрыда, Маці Божая Альмудэнская займае асаблівае месца ў сэрцах жыхароў іспанскай сталіцы. Штогадовае свята ў Яе гонар адзначаецца 9 лістапада з вялікім энтузіязмам, збіраючы вялікую колькасць удзельнікаў і турыстаў.

Абноўлена 05.06.2024 14:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа