Пошук

28.06.2024 19:10   Vatican News BY
Падпісанне Экуменічнай хартыі Старшынёй КЕЦ Мітрапалітам Ераміям і Старшынёй РКБЕ кардыналам Влкам 22 красавіка 2001 года. Фота: oikoumene.org

27 красавіка 2025 года — у год супольнага святкавання Вялікадня ўсімі хрысціянамі — будзе падпісана абноўленая версія Еўрапейскай Экуменічнай хартыі.

Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News інфармуе, што пра гэта паведамляецца ў выніковым камюніке штогадовага пленарнага пасяджэння Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы (РКБЕ), якое праходзіла 24–27 чэрвеня ў сталіцы Сербіі Бялградзе на тэму: «Пілігрымы надзеі. Да Касцёла сінадальнага і місійнага».

Экуменічная хартыя — дакумент аб супрацоўніцтве хрысціянскіх Цэркваў у Еўропе, падпісаны ў 2001 годзе старшынямі Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы і Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў (КЕЦ).

Старшыня РКБЕ арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас прадставіў і іншыя экуменічныя ініцыятывы, якія прадпрымаюцца Радай. Сярод іх — першая сустрэча з кіраўніцтвам Пастаяннай Канферэнцыі Усходніх Праваслаўных Цэркваў у Еўропе.

Акрамя гэтага, арцыбіскуп Грушас заклікаў усіх да падрыхтоўкі да юбілею, каб ён «стаў падзеяй ласкі для нашых супольнасцяў і нашых краін, а таксама быў нагодай для сведчання, што Хрыстус — адзіная надзея чалавека».

Іерарх нагадаў таксама пра адкрыццё новай сядзібы РКБЕ ў Рыме, якая была перанесена ў Вечны горад са швейцарскага горада Санкт-Гален. Рэлакацыя была здзейснена з мэтай умацавання супрацоўніцтва еўрапейскіх епіскапатаў паміж сабой і з Апостальскай Сталіцай, а таксама для новага душпастырскага імпульсу і экуменічнага размаху, асабліва з нагоды згаданага юбілею і падчас сінадальнага шляху.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця