Пошук

13.07.2026 12:10   Ян Глінскі / Vatican News BY

Фота: Pascal Deloche

Будучыня святарскіх пакліканняў можа залежаць не столькі ад геаграфічнага месцазнаходжання, колькі ад жыццеўстойлівасці мясцовых рэлігійных супольнасцяў. Да такой высновы прыйшлі працаўнікі партала Zenit, якія даследавалі актуальную статыстыку пакліканняў у Еўропе.

Апошнія даныя прадставілі неадназначны малюнак каталіцызму. У той час як Германія працягвае змагацца з глыбокім крызісам пакліканняў, у Францыі працягваецца нечаканае рэлігійнае абнаўленне, а ў Італіі з’явілася новае пакаленне семінарыстаў, чый профіль кідае выклік даўнім стэрэатыпам аб святарстве.

Францыя: вера як асабісты выбар

Сёлета ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла прэзбітэрскія пасвячэнні ў Францыі прынялі 84 дыяканы, што на пяць чалавек больш, чым у 2025 годзе. 66 з іх дыяцэзіяльныя святары, а 18 належаць да манаскіх супольнасцяў. Адначасова працягваецца рост колькасці навяртанняў сярод дарослых. На Вялікдзень 2025 года хрост прынялі 17,7 тысяч катэхуменаў з іх 10,3 тысяч дарослыя і 7,4 тысяч падлеткі. У параўнанні з папярэднім годам гэта складае 45 працэнтаў і 33 працэнты ўзросту адпаведна.

Многія з катэхуменаў прымаюць каталіцкую веру не ў спадчыну ад сям’і, а дзякуючы асабістаму шляху пошуку.

Акрамя гэтага ўсё большай папулярнасцю карыстаецца штогадовая пілігрымка ў Шартр, дзе знаходзіцца адзін з галоўных марыйных санктуарыяў Францыі. За апошнія тры гады колькасць пілігрымаў узрасла на 45 працэнтаў, дасягнуўшы амаль 20 тысяч пілігрымаў з усяго свету, сярэдні ўзрост якіх складае ўсяго 22 гады.

Германія: спад веры і пакліканняў

У Германіі назіраецца цалкам адваротны малюнак. Паводле статыстычных даных, у гэтай краіне адбываецца найбольшы спад колькасці вернікаў. Толькі за мінулы год 549 тысяч католікаў афіцыйна выйшлі з Касцёла ў Германіі. Сітуацыя з пакліканнямі мае падобную тэнтэнцыю: у 2026 годзе ў 11 з 27 дыяцэзій не было ўдзелена ніводнага прэзбітэрскага пасвячэння, у тым ліку ў адным з самых каталіцкіх рэгіёнаў краіны архідыяцэзіі Мюнхен-Фрайзінг.

Па ўсёй Германіі ў гэтым годзе плануецца толькі 30 пасвячэнняў.

Хоць гэта нязначнае паляпшэнне ў параўнанні з 25 пасвячэннямі, зарэгістраванымі ў 2025 годзе, і 29 у 2024 годзе, агульная тэндэнцыя застаецца відавочнай.

Італія: ад прафесійнага поспеху да святарства

У Італіі колькасць семінарыстаў скарацілася з 6337 у 1970 годзе да 1804 на пачатку бягучага дзесяцігоддзя. Аднак сённяшнія пакліканні істостна адрозніваюцца ад папярэдніх пакаленняў: у семінарыю ўсё часцей прыходзяць людзі з багатым жыццёвым вопытам. Амаль палова кандыдатаў да святарства ўжо працавала па прафесіі да паступлення ў семінарыю, і прыкладна кожны другі мае вышэйшую адукацыю, часта ў галіне тэхнічных навук.

Паводле партала Zenit, адно толькі колькаснае зніжэнне пакліканняў не дае поўнай карціны. Францыя дэманструе, што навяртанні і святарскія пакліканні могуць адбывацца нават у моцна секулярызаваных грамадствах. На прыкладзе Італіі бачна, што і прафесійна паспяховыя дарослыя могуць адкрываць у сабе пакліканне да святарства. Германія ж, наадварот, ілюструе глыбокія праблемы, звязаныя з перадачай веры наступным пакаленням.

Абноўлена 13.07.2026 12:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.