Пошук

11.05.2026 18:24   Аляксандр Панчанка / Vatican News BY

Фота: з адкрытых крыніц

Камісія Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці апублікавала 7 мая 2026 года аналітычны дакумент пад назвай «Псіхічнае здароўе ў Еўропе — заклік да клопату».

Дакумент прапануе этычны і арыентаваны на чалавека ўнёсак у грамадскую і палітычную дыскусію ў Еўропе па пытаннях псіхічнага здароўя і заклікае да распрацоўкі мер, заснаваных на чалавечай годнасці, салідарнасці і комплекснай дапамозе. Ён быў апублікаваны ў кантэксце Еўрапейскага тыдня псіхічнага здароўя, які праходзіў 4-8 мая па ініцыятыве арганізацыі «Mental Health Europe». У тэксце падкрэсліваецца неабходнасць пераходу ад рэагавання на крызісы да прафілактыкі і калектыўных дзеянняў.

На фоне наступстваў пандэміі Covid-19, а таксама сацыяльных, эканамічных і геапалітычных крызісаў COMECE заклікае да цэласнага падыходу, які ставіць у цэнтр увагі чалавечую асобу. Сярод асноўных праблем называюцца дэпрэсія, трывожнасць, адзінота, ізаляцыя, залежнасці, нестабільная занятасць, наступствы міграцыі і лічбавізацыі, гуманітарныя крызісы і самагубствы.

Дакумент, заснаваны на хрысціянскай антрапалогіі, нагадвае, што псіхічнае здароўе нельга разглядаць выключна як клінічную або тэхнічную праблему.

У духу каталіцкага вучэння ён падкрэслівае неад’емную годнасць, еднасць і сацыяльную прыроду кожнага чалавека, у сувязі з чым псіхічная ўразлівасць патрабуе не толькі лячэння, але таксама спачування, суправаджэння, уключэння і надзеі.

Сярод асноўных рэкамендацый, змешчаных у дакуменце: прызнанне адзіноты адной з галоўных праблем грамадскага псіхічнага здароўя і ўмацаванне сям’і і супольнасцяў як асяроддзяў клопату і суправаджэння; забеспячэнне таго, каб лічбавыя тэхналогіі падтрымлівалі, а не замянялі сапраўдныя чалавечыя адносіны, пры адначасовай абароне прыватнасці і ўразлівых асобаў ад шкодных наступстваў некантраляванай лічбавізацыі.

Асобная ўвага надаецца падтрымцы жанчын, асабліва тых, хто нясе значную адказнасць за клопат пра іншых, псіхалагічным наступствам міграцыі і гуманітарных крызісаў, сувязі паміж экалагічным і псіхічным дабрабытам, а таксама важнасці развіцця паліятыўнай дапамогі, якая ахоўвае чалавечую годнасць да натуральнай смерці, уключаючы духоўнае суправаджэнне і псіхасацыяльную падтрымку. У дакуменце таксама ўздымаюцца этычныя пытанні, звязаныя з сурагатным мацярынствам, падкрэсліваючы важнасць абароны сувязі паміж маці і дзіцём і неабходнасць глабальнай забароны гэтай практыкі.

Абноўлена 11.05.2026 19:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця