Пошук

12.05.2026 08:41   Аляксандр Панчанка / Vatican News BY
Аўдыенцыя для членаў фонда па падтрымцы Ватыканскай астранамічнай абсерваторыіабсерваторыі. Фота: Vatican Media
Моцнае жаданне глыбей зразумець стварэнне ёсць не чым іншым, як адлюстраваннем таго неспакойнага жадання Бога, якое жыве ў глыбіні кожнай чалавечай душы, — заўважыў Папа.
11 мая Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Апостальскім палацы дэлегацыю «Vatican Observatory Foundation» — фонда, які падтрымлівае дзейнасць Ватыканскай астранамічнай абсерваторыі.

Пантыфік заўважыў, што сто трыццаць пяць гадоў таму яго папярэднік Папа Леў XIII паўторна заснаваў Ватыканскую абсерваторыю, каб паказаць адкрытасць Касцёла да навукі і пераадолець супрацьпастаўленне веры і навукі, характэрнае для таго часу.

Папа адзначыў, што сёння і навука, і рэлігія сутыкаюцца з іншай, магчыма больш каварнай пагрозай: з адмаўленнем самога існавання аб’ектыўнай ісціны.

«Занадта шмат людзей у нашым свеце адмаўляюцца прызнаваць тое, чаму нас ясна вучаць і навука, і Касцёл, а менавіта, што мы нясём вялікую адказнасць за кіраванне нашай планетай і за дабрабыт тых, хто на ёй жыве, асабліва самых уразлівых, чыё жыццё знаходзіцца пад пагрозай з-за безразважнай эксплуатацыі як людзей, так і прыроды. Менавіта таму прызнанне Касцёлам строгай, сумленнай навукі застаецца не проста каштоўным, а неабходным», — сцвердзіў Леў XIV.

Пантыфік падкрэсліў, што «астраномія займае асаблівае месца ў гэтай місіі», бо дапамагае захапляцца стварэннем, развіваць здаровае пачуццё меры, а таксама «запрашае нас убачыць нашы страхі і недахопы ў святле велічы Бога».

«Начное неба — гэта скарб прыгажосці, адкрыты для ўсіх — бедных і багатых — і ў такім балюча падзеленым свеце яно застаецца адной з апошніх крыніц сапраўды ўніверсальнай радасці»,

— дадаў Папа.

Святы Айцец падзякаваў Фонду за падтрымку, якая дазваляе развіваць навуковую дзейнасць, міжнароднае супрацоўніцтва і выхаванне моладзі, а таксама робіць магчымым тое, каб тэлескопы і лабараторыі Ватыканскай астранамічнай абсерваторыі заставаліся тым, чым яны заўсёды павінны быць: месцамі, дзе з пашанай, глыбінёй і радасцю сустракаецца веліч Божага стварэння.

«Мы ніколі не павінны губляць з поля зроку тэалагічнае бачанне, якое натхняе ўсё гэта. Наша рэлігія — гэта рэлігія Уцелаўлення. Святое Пісанне вучыць нас, што ад самага пачатку Бог даваў сябе пазнаць праз створаныя Ім рэчы, і што Бог так палюбіў сваё стварэнне, што паслаў Сына свайго, каб Ён увайшоў у яго і збавіў. Таму не дзіўна, што людзі з глыбокай верай адчуваюць унутраны імпульс даследаваць паходжанне і працу сусвету. Моцнае жаданне глыбей зразумець стварэнне ёсць не чым іншым, як адлюстраваннем таго неспакойнага жадання Бога, якое жыве ў глыбіні кожнай чалавечай душы», — падкрэсліў у завяршэнне прамовы Леў XIV.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.