
Вывучэнне Месяца адкрывае новыя навуковыя магчымасці і павінна служыць агульнаму дабру, а Касцёл актыўна падтрымлівае міжнародныя дамовы, накіраваныя на мірнае і справядлівае выкарыстанне космасу.
«Місія "Артэміда ІІ" — гэта вялікі крок наперад у галіне пілатаваных палётаў на Месяц», — заўважыў айцец Рычард Энтані Д’Суза, езуіт і дырэктар Ватыканскай астранамічнай абсерваторыі. Ён выказваў спадзяванне на тое, што касмічная праграма дазволіць адказаць на шмат пытанняў аб паходжанні натуральнага спадарожніка Зямлі.
«Разам з тым, узрастае разуменне таго, што Месяц можа стаць месцам для многіх навуковых эксперыментаў, якія немагчыма правесці на Зямлі з-за вялікага электрамагнітнага забруджвання. Нябачны з Зямлі бок Месяца абаронены ад гэтых перашкод і з’яўляецца ідэальным месцам для прыёму вельмі слабых сігналаў з космасу»,
— патлумачыў святар у інтэрв’ю EWTN.
Езуіт адзначыў, што сёння ў космасе дзейнічае значна больш суб’ектаў, чым у часы праграмы «Апалон», уключаючы шматлікія прыватныя кампаніі, галоўнай мэтай якіх з’яўляецца прыбытак.
«Каталіцкі Касцёл, хоць падтрымлівае ўсе чалавечыя дасягненні, асабліва падкрэслівае, што перавагі такіх тэхналогій павінны служыць усім, а не паглыбляць няроўнасць і несправядлівасць»,
— удакладніў айцец Д’Суза.
Святар адзначыў таксама, што Ватыкан занепакоены праблемай забруджвання касмічных асяроддзяў — напрыклад, Месяца ці іншых планет — і ростам пагрозы, звязанай з касмічнымі адходамі.
«Каталіцкі Касцёл даўно падтрымлівае даследаванне космасу, яшчэ з часоў першых місій "Апалон". Касцёл бачыць яго сімвалічнае значэнне і ўплыў на розныя аспекты чалавечага жыцця. Адначасова ён вельмі выразна падкрэслівае, што вывучэнне космасу не можа прыводзіць да паглыблення несправядлівасці на Зямлі. Таму Касцёл асабліва актыўна выступае за міжнародныя дамовы і рэгуляцыі, звязаныя з выкарыстаннем космасу, каб забяспечыць мір, справядлівасць і ўсеагульны доступ да яго дасягненняў», — сказаў ватыканскі астраном.







