У пятніцу 13 лістапада завяршыўся лімскі этап апостальскага падарожжа па Перу. Папа Леў XIV накіраваўся ў Чыклаё — горад, дзе на працягу васьмі гадоў служыў біскупам. Вяртанне ў дарагія яму мясціны стала нагодай зноў нагадаць пра місію кожнага ахрышчанага, адказнасць хрысціянскіх супольнасцяў за евангелізацыю і неабходнасць ставіць навуковы прагрэс на службу чалавеку.
13 лістапада Леў XIV развітаўся з Лімай і вылецеў у Чыклаё — горад на поўначы Перу, дзе з 2015 па 2023 год быў біскупам. Гэта быў асаблівы, вельмі асабісты этап апостальскага падарожжа: Папа вяртаўся да людзей і супольнасці, з якімі яго звязвалі гады служэння.
Напярэдадні, 12 лістапада, у Апостальскай нунцыятуры ў Ліме Святы Айцец сустрэўся з шасцю людзьмі, якія пацярпелі ад сексуальнага гвалту з боку прадстаўнікоў духавенства і асоб, звязаных з касцёльнымі ўстановамі.
![]()
Ён асабіста выслухаў кожнага з іх. Размова працягвалася больш за гадзіну. Папа разам з удзельнікамі разважаў пра неабходнасць змяняць спосаб мыслення праз выслухоўванне пацярпелых, пошук праўды, шляхі аздараўлення і стварэнне бяспечнага асяроддзя. Напрыканцы сустрэчы ён запэўніў у сваёй блізкасці не толькі тых, хто прысутнічаў, але і ўсіх іншых людзей, якія перажылі падобны гвалт.
Вяртанне ў горад, які стаў домам
Палёт з Лімы ў Чыклаё склаў 651 кіламетр і заняў каля паўтары гадзіны. Чыклаё — адзін з важных гарадоў паўночнага ўзбярэжжа Перу, вядомы не толькі як гандлёвы і фінансавы цэнтр, але і як месца, дзе Роберт Прэвост правёў восем гадоў свайго біскупскага служэння.
![]()
Самалёт з Пантыфікам прызямліўся на тэрыторыі базы ваенна-паветраных сіл Перу. Каля трапа яго сустракалі прадстаўнікі грамадзянскіх і касцёльных уладаў, дзеці і моладзь. Белыя і жоўтыя кветкі — колераў сцяга Ватыкана — сталі адным з сімвалаў гэтага прывітання. Моладзевы аркестр выканаў урачыстыя мелодыі, а танцоры выйшлі з харэаграфічным нумарам са сцягамі Ватыкана, Перу і Чыклаё.
Аднак найбольш уражлівым было тое, што адбывалася ўздоўж дарогі: паводле Vatican News, каля мільёна мясцовых жыхароў выйшлі прывітаць Папу. Вуліцы ўпрыгожвалі сцягі, транспаранты, гірлянды і жоўта-белыя шарыкі.
![]()
Людзі, якія ведалі яго яшчэ як біскупа Роберта, гаварылі пра вяртанне не толькі Папы, але і чалавека, які застаўся для іх блізкім.
«Айцец Роберт пакінуў тут цудоўную памяць пра любоў і веру. Ён умеў размаўляць з кожным. Заўсёды заахвочваў ісці наперад і дапамагаць кожнаму раскрываць у сабе ўсё найлепшае»,
— падзялілася мясцовая жыхарка Антанэла Палерма.
Адна з законніц, якая чакала прыезду Святога Айца, сказала: «Ён не забыўся пра нас. Гэта самы чалавечны спосаб адчуць Божую любоў».
![]()
Генеральны вікарый Ордэна святога Аўгустына айцец Алехандра Лам узгадаў, што ўжо пасля першага года служэння Роберт Прэвост імкнуўся дайсці да кожнага і нікога не пакінуць на абочыне. А маладая супрацоўніца Міністэрства культуры Астрыд, якая ўдзельнічала ў падрыхтоўцы каля шасці тысяч валанцёраў, коратка выказала тое, што, здаецца, адчувалі многія: «Для нас ён — брат».
Кожны ахрышчаны — вучань-місіянер
Пасля прывітання Папа накіраваўся ў ваколіцы Піментэля, дзе на адкрытай раўніне ўзначаліў святую Імшу. Зноў апынуўшыся сярод людзей, з якімі яго звязвалі гады служэння, ён не хаваў радасці: «Якая радасць зноў вярнуцца ў Чыклаё! Для мяне гэта благаслаўленне — зноў быць разам з вамі».
Леў XIV падзякаваў жыхарам за любоў, падтрымку і малітвы, асабліва за малітву ў час яго праблем са здароўем. Ён назваў супольнасць Чыклаё благаслаўленнем для свайго жыцця і біскупскага служэння і папрасіў людзей працягваць маліцца за яго.
![]()
У гаміліі Папа звярнуўся да галоўнага абавязку кожнага хрысціяніна — абвяшчаць Евангелле.
Паводле яго слоў, місія не з’яўляецца выключнай задачай святароў, манахаў ці асобных душпастырскіх груп. Яна датычыць усіх ахрышчаных, незалежна ад іх месца і ролі ў Касцёле. Евангелізацыя — гэта не адна з многіх формаў дзейнасці Касцёла, а яго найглыбейшае пакліканне і сэнс існавання.
Папа звярнуў увагу на важнасць перадачы веры ў сям’і. Аднаўленне супольнай малітвы, асабліва хатняй, можа дапамагчы бацькам і дзецям нанова адкрыць сваю хрысціянскую тоеснасць. Сям’я, паводле яго думкі, з’яўляецца малым хатнім Касцёлам, члены якога не толькі ўдзельнічаюць у жыцці парафіі, але і нясуць веру ў грамадства.
Асобна Леў XIV падкрэсліў, што евангелізацыя немагчымая без любові, а любоў неаддзельная ад праўды. Пры гэтым праўда для хрысціяніна — не абстрактная тэорыя і не нейкая ідэя.
«Праўда — гэта не тэорыя, абстрактная ідэя або ўтопія, а асоба — Езус Хрыстус, Які запрашае нас будаваць сваё жыццё па Яго прыкладу, у паслухмянасці Яго запаведзям»,
— адзначыў Папа.
![]()
Святы Айцец нагадаў і пра небяспеку разрыву паміж любоўю і праўдай. Без праўды любоў можа ператварыцца ў пустую пачуццёвасць, а праўда без любові — стаць жорсткай і халоднай. Таму вера павінна знаходзіць канкрэтнае ўвасабленне ў штодзённым жыцці: у адносінах з бліжнімі, у працы, у служэнні тым, хто мае патрэбу ў дапамозе.
Пантыфік звярнуў увагу на тое, што ў некаторых рэгіёнах свету перадача веры паміж пакаленнямі амаль перапынілася. Сярод выклікаў, якія спрыяюць гэтаму, ён назваў рэлігійную абыякавасць, матэрыялізм і эгаізм. Супрацьстаяць ім, паводле яго слоў, можна толькі захоўваючы гармонію паміж сэрцам, поўным любові да Бога і бліжняга, і розумам, укаранёным у праўдзе Евангелля.
Леў XIV прызнаў, што перад абавязкам абвяшчаць Хрыста вернікі часта адчуваюць сябе недастаткова падрыхтаванымі. Сапраўды, якім чынам вучні-місіянеры XXI стагоддзя могуць сёння сведчыць пра Езуса і ажыццяўляць евангелізацыю ў сям’і, парафіяльнай або дыяцэзіяльнай супольнасці? На думку Папы, адказ заключаецца ў сведчанні сапраўднага і паслядоўнага хрысціянскага жыцця. Толькі Хрыстус здольны перамяніць наша жыццё, каб мы з новым запалам абвяшчалі і перадавалі веру.
![]()
Пантыфік падкрэсліў, што цэнтрам асабістай сустрэчы з Езусам Хрыстом з’яўляецца Апошняя Вячэра. Менавіта тады Езус, даючы Цела Сваё як хлеб жыцця і Кроў Сваю як напой Збаўлення (пар. Мц 26, 26–28), просіць Айца, каб усе Яго вучні былі адно, каб паверыў свет (пар. Ян 17, 21). «Пан чакае нас перш за ўсё ў Эўхарыстыі і ў слове Божым – за двума сталамі, з якіх мы жывём і кормімся», — нагадаў Леў XIV. Хрыстус таксама выходзіць нам насустрач у касцёльнай еднасці і братэрстве.
Таму евангелізацыя — гэта не навязванне дактрын і не спадзяванне на эфектыўнасць касцёльных структур, а сведчанне рэальнай сустрэчы з Хрыстом.
Разважаючы над вобразам хрысціянскай супольнасці, Леў XIV звярнуўся да Першага паслання святога апостала Пятра, у якім вернікі названыя жывымі камянямі духоўнага дома (пар. 1П 2, 5). Ён перасцярог ад спакусы абмяжоўваць веру толькі асабістай сферай: хрысціяне пакліканыя выходзіць насустрач свету і дзяліцца радасцю сустрэчы з Уваскрослым Хрыстом.
«Дарагія браты і сёстры, свет чакае нас, а місія толькі пачынаецца», — сказаў Папа, заклікаючы вернікаў напаўняць Евангеллем вёскі, мястэчкі і гарады. Напрыканцы гаміліі ён звярнуўся да Маці Божай з просьбай дапамагчы Касцёлу абвяшчаць Добрую Навіну ўсякаму стварэнню, нагадаўшы словы Езуса з Евангелля паводле святога Марка: «Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню» (пар. Мк 16, 15).
Місія — супольная адказнасць усіх ахрышчаных
Пасля святой Імшы Леў XIV наведаў новую капліцу святога Оскара Рамэра. Гэтае месца прысвечана сальвадорскаму арцыбіскупу, які абараняў годнасць бедных і быў забіты ў 1980 годзе. У 2018 годзе ён быў кананізаваны.
![]()
Папа падзякаваў усім, хто спрычыніўся да стварэння капліцы, а таксама мясцовай супольнасці за малітвы аб яго здароўі. Ён прызнаўся, што малітва вернікаў і многіх іншых людзей дапамагла яму аднавіцца пасля аперацыі і дазволіла вярнуцца ў Чыклаё.
Разважаючы пра місію Касцёла, Леў XIV падкрэсліў, што Езус заклікае кожнага ахрышчанага — біскупа, святара, кансэкраваную асобу і свецкага верніка — удзельнічаць у жыцці супольнасці і працягваць абвяшчэнне Евангелля.
«Ён заклікае ўсіх ахрышчаных — кожнага паводле свайго паклікання: біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў — удзельнічаць у еднасці, якой з’яўляецца Касцёл, абвяшчаць Добрую Навіну, дзяліцца сваёй верай, перадаваць яе ад чалавека да чалавека, ад пакалення да пакалення, паміж суседзямі і членамі сем’яў. Так мы дзелімся Божай любоўю — гэтай вялікай навіной пра тое, што Езус заўсёды крочыць разам з намі»,
— сказаў Святы Айцец. Ён назваў свой візіт знакам блізкасці да мясцовай супольнасці і жадання будаваць еднасць, супрацоўнічаць і разам працаваць дзеля працягу місіі Касцёла.
Еднасць не азначае аднастайнасці
Наступным пунктам праграмы стала сустрэча з біскупамі, святарамі, кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі, прадстаўнікамі сінадальных груп і членамі душпастырскіх рад у санктуарыі Маці Божай Каралевы супакою.
![]()
Звяртаючыся да мясцовай касцёльнай супольнасці, Папа прапанаваў паразважаць над тым, як зрабіць Касцёл больш сінадальным і місійным. Асновай хрысціянскай тоеснасці ён назваў хрост, які ўключае кожнага верніка ў Божы народ і агульную місію Касцёла.
«Дзякуючы хросту ўсе мы ўдзельнічаем у святарстве Хрыста і Яго прароцкай місіі. Таму ўся супольнасць нясе супольную адказнасць за евангелізацыю. Хрост — гэта пастаяннае пакліканне слухаць Божае слова, цэлебраваць веру, жыць любоўю, удзельнічаць у жыцці супольнасці, абвяшчаць Евангелле і асаблівым чынам служыць бедным і выключаным з грамадства»,
— падкрэсліў Леў XIV.
Першым сведчаннем хрысціянскай супольнасці, паводле Папы, павінна быць братэрская любоў паміж яе членамі. Менавіта яна адлюстроўвае еднасць Найсвяцейшай Тройцы. «Без еднасці няма місіянерства», — дадаў ён.
Пры гэтым еднасць не азначае аднолькавасці. Наадварот, сапраўдная еднасць дазваляе розным культурам, пакліканням, харызматам і служэнням развівацца і ўзбагачаць супольнасць. «Сапраўдная еднасць шануе разнастайнасць культур, пакліканняў, харызматаў і служэнняў як багацце і спрыяе іх развіццю», — адзначыў Пантыфік.
![]()
Такі падыход, паводле яго слоў, патрабуе ад касцёльнай улады не кантролю, а служэння, распазнавання і падтрымкі ініцыятыў. Удзел свецкіх вернікаў у жыцці Касцёла — не саступка з боку духоўных пастыраў, а праява годнасці, атрыманай праз хрост.
Сінадальны Касцёл, падкрэсліў Леў XIV, не можа заставацца абыякавым да таго, што адбываецца ў грамадстве. Ён павінен падзяляць радасці, надзеі, смутак і трывогі людзей, асабліва бедных і тых, хто пакутуе. Суправаджэнне сем’яў, моладзі, мігрантаў, карэнных народаў і людзей, якія жывуць у беднасці, абарона чалавечай годнасці, клопат пра справядлівасць, мір і агульнае дабро — не дадатковыя задачы, а частка касцёльнай місіі.
Пантыфік адзначыў, што паняцце «сінадальнасць» выражае ідэю сумеснага шляху і з’яўляецца «неад’емным вымярэннем Касцёла».
«Дарагія браты і сёстры, заахвочваю вас усё глыбей адкрываць прыгажосць жыцця ў сінадальных супольнасцях. Як гэта рабіць? Даваць кожнаму магчымасць унесці свой уклад, каб усе мы былі жывымі камянямі духоўнага будынка, згодна з рознымі пакліканнямі і шматлікімі дарамі і служэннямі, якія ажыўляе адзін Дух Святы», — падкрэсліў Святы Айцец.
![]()
Леў XIV заклікаў даваць кожнаму магчымасць унесці свой уклад у жыццё супольнасці, каб усе маглі стаць «жывымі камянямі духоўнага будынка» паводле сваіх дароў і пакліканняў. Асобна ён звярнуў увагу на значэнне душпастырскіх рад, якія дапамагаюць слухаць вернікаў, лепш разумець патрэбы дыяцэзій і парафій, вызначаць прыярытэты і шукаць адказы на мясцовыя выклікі. Пантыфік заахвоціў паклапаціцца, каб такія рады існавалі ў кожнай супольнасці, а іх члены атрымлівалі належную фармацыю.
Навуковы прагрэс павінен служыць чалавеку
Завяршылася праграма дня сустрэчай з акадэмічнай супольнасцю Каталіцкага ўніверсітэта імя святога Турыбія дэ Магравеха ў Чыклаё. Для Папы гэта была таксама сустрэча з людзьмі, з якімі ён супрацоўнічаў у гады біскупскага служэння.
Леў XIV падзякаваў выкладчыкам і студэнтам, адзначыўшы, што досвед працы ў Чыклаё дапамог яму глыбей зразумець: «улада — гэта служэнне, кіраванне — уменне слухаць, а адукацыя — высакародны акт надзеі».
![]()
Пантыфік нагадаў пра святога Турыбія дэ Магравеха, чыім імём названы ўніверсітэт — юрыста і арцыбіскупа Лімы, які абараняў годнасць карэнных народаў, вывучаў іх мовы і абвяшчаў Евангелле з улікам мясцовай культуры. Яго прыклад, паводле Папы, паказвае, што каталіцкая адукацыя павінна спалучаць веру і навуку, а навуковыя дасягненні выкарыстоўваць дзеля агульнага дабра, змяншэння сацыяльнай няроўнасці і аздараўлення грамадства.
Універсітэт, падкрэсліў Леў XIV, павінен быць не толькі месцам набыцця ведаў, але і прасторай пошуку праўды — найперш Праўды з вялікай літары, якой з’яўляецца Хрыстус.
Асаблівую ўвагу Папа прысвяціў тэхналагічнаму прагрэсу і яго ўплыву на чалавечае жыццё. Ён перасцярог ад уяўлення, што навука і тэхніка самі па сабе гарантуюць развіццё грамадства. Калі прагрэс не зважае на справядлівасць і годнасць працаўнікоў, ён можа ператварыцца ў сродак прыгнёту і адчужэння.
«Прагрэс, абыякавы да справядлівасці і годнасці працаўнікоў, ператвараецца ў механізм прыгнёту і адчужэння»,
— сказаў Леў XIV. Ён дадаў: «Таму каталіцкі ўніверсітэт абавязаны нагадваць у грамадскай і палітычнай прасторы, што навука без сумлення разбурае жыццё ўсіх. Гэтаксама тэхніка без душы не паляпшае жыццё па-сапраўднаму».
Папа падкрэсліў, што тэхналогія ніколі не бывае нейтральнай: кожная яе форма адлюстроўвае інтарэсы і амбіцыі тых, хто яе стварае і кантралюе. Таму навуковыя і тэхнічныя дасягненні патрабуюць не толькі прафесійных ведаў, але і маральнай адказнасці.
«Тэхналогія ніколі не бывае нейтральнай: кожная яе форма нясе на сабе адбітак, інтарэсы і амбіцыі тых, хто яе стварае і кантралюе», — заўважыў Святы Айцец. Ён перасцярог і ад падпарадкавання тэхнакратычнай парадыгме, якая зводзіць рэчаіснасць да матэрыяльных даных, а найвышэйшай каштоўнасцю лічыць эфектыўнасць.
Звяртаючыся да навукоўцаў і студэнтаў, Папа заклікаў развіваць крытычнае мысленне і шукаць мудрасць, якой не могуць валодаць ні машыны, ні камп’ютарныя праграмы.
Толькі тады тэхналагічны прагрэс будзе сапраўды служыць усебаковаму развіццю чалавека і агульнаму дабру.
![]()
Асобна Леў XIV закрануў ідэі трансгуманізму і постгуманізму, якія абяцаюць з дапамогай тэхналогій пазбавіць чалавека ад хвароб, болю, старэння і нават смерці. Папа прызнаў, што навуковы прагрэс з’яўляецца цудоўным плёнам чалавечага розуму, але перасцярог ад сітуацыі, калі яго вынікі стануць прывілеем заможных, пакуль цэлыя народы працягваюць жыць у галечы і прыгнёце.
«Такім чынам нам прадаюць ілюзію чалавека, удасканаленага з дапамогай кібернетыкі і біятэхналогій. Сутыкнуўшыся з гэтым міражом, хрысціянская антрапалогія нагадвае, што абмежаванасць — гэта не вытворчы дэфект, а ўмова чалавечай велічы»,
— падкрэсліў Папа.
![]()
Пантыфік заклікаў маладых людзей выкарыстоўваць магчымасці новай эпохі ў святле веры. Вера не абяцае магічнага знікнення ўсіх праблем, але дапамагае знаходзіць сэнс у выпрабаваннях і сілы ісці наперад. Разважаючы пра ахвяру, Леў XIV прапанаваў бачыць у ёй не толькі адмову ад чагосьці, але і магчымасць асвяціць уласнае жыццё, яго цяжкасці і надзеі, даручыўшы іх Богу.
Да выкладчыкаў Папа звярнуўся з заклікам быць свабоднымі мысліцелямі, для якіх праўда важнейшая за асабістае меркаванне, а справядлівасць — за ўласную выгаду.
«Разам са студэнтамі настойліва шукайце мудрасць, каб дзяліцца ёю ў сваім асяроддзі, з калегамі і ва ўсім перуанскім грамадстве», — заключыў Святы Айцец і заахвоціў навукоўцаў ператвараць свае кампетэнцыі ў справу сацыяльнай справядлівасці, найперш на карысць найбяднейшых, і клапаціцца пра стварэнне.
![]()
Такім чынам, пятніца Льва XIV у Перу стала днём вяртання да людзей, з якімі яго звязваюць асабістыя ўспаміны, і адначасова днём важных заклікаў да ўсяго Касцёла. Ад місіі кожнага ахрышчанага і братэрскай еднасці хрысціянскіх супольнасцяў да адказнага выкарыстання навуковых дасягненняў — ва ўсіх гэтых разважаннях гучала адна думка: прагрэс, вера і евангелізацыя маюць сэнс тады, калі служаць чалавеку, яго годнасці і агульнаму дабру.

