Ватыканская астранамічная абсерваторыя няспынна вядзе разнастайную дзейнсць, скіраваную на вывучэнне Космасу.
Наданне назваў чатыром астэроідам, адзін з якіх быў названы ў гонар Папы Грыгорыя ХІІІ, а яшчэ тры — у гонар езуітаў, у тым ліку супрацоўніка Ватыканскай абсерваторыі, — гэта толькі адзін з невялікіх элементаў гэтай дзейнасці, адзначыў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё дырэктар абсерваторыі брат Гай Кансалманьё SI.
Як паведаміла 10 красавіка Польская рэдакцыя парталу Vatican News, амерыканскі езуіт пры гэтым падкрэсліў, што навука складаецца з мноства маленькіх крокаў.
Дырэктар Ватыканскай абсерваторыі заўважыў, што кожны супрацоўнік гэтай навуковай установы ваконвае працу, якая ў пэўнай ступені належыць толькі яму. Усе гэтыя намаганні толькі праз пэўны час набываюць канкрэтную форму, адзначае брат Гай Кансалманьё.
«Навука — гэта не адкрыцці. Навука, таксама як і рэлігія, не заключаецца ў адной фантастычнай сустрэчы з Богам; дзень пры дні мы прасоўваемся ў ёй наперад разам са Стварыцелем, — кажа ватыканскі астраном. — Такім чынам, мы, са свайго боку, пакрысе адкрываем штосьці новае кожны дзень. А потым, нарэшце, гэтага становіцца дастаткова для публікацыі. І мая апошняя публікацыя датычыцца метэарытаў, якія адпалі ад Месяца. Можна зрабіць вымярэнні паасобных характарыстык гэтых метэарытаў. Было б цікава, калі б атрымалася трапіць на паўднёвы полюс Месяца, дзе прысутнічаюць часцінкі вады. Можа, у будучыні наша праца будзе карыснай для тых, хто зацікавіцца паўднёвым полюсам Месяца», — кажа брат Гай Кансалманьё.