Пошук

27.01.2025 10:34   Тэкст і фота: Аляксей Бука / Catholic.by

26 студзеня сёлета прыпала Трэцяя Звычайная нядзеля, якая ў Каталіцкім Касцёле ўжо ў шосты раз адзначалася як нядзеля Божага слова, устаноўленая Папам Францішкам.

У вігілію гэтага дня беларусы Масквы каталіцкага веравызнаньня сабраліся на набажэнства на роднай мове ў капліцы кляштара айцоў фрацішканаў у сталіцы суседняй дзяржавы.

Цэлебравалі набажэнства айцец Пэтрос Есаян МІС, душпастыр мясцовых беларусаў-католікаў, і айцец Віктар Жук SІ з Віцебска, які, будучы па справах у Маскве, наведаў і тутэйшую каталіцкую супольнасць. Пасля таго, як у лістападзе адышоў у вечнасць яе шматгадовы душпастыр айцец Пётр Карнелюк OFMConv, беларускамоўнымі католікамі Масквы і сталічнага рэгіёна Расіі апякуецца айцец Пэтрос з ордэна марыянаў, штомесяц цэлебруючы для іх святую Імшу па-беларуску.

Гамілію на цэлебрацыі ў нядзелю Божага слова прамовіў айцец Віктар Жук. «У жыцці шмат словаў: гэта сродак камунікацыі, перадача інфармацыі. Слова Божае мае асаблівы статус, і мы павінны ўспрымаць яго зусім па-іншаму», — адзначыў святар з Беларусі.

«Сённяшнія чытанні асаблівым чынам падкрэсліваюць, наколькі слова Божае каштоўны дар Бога для нас. Пан Бог жывіць нас сваім Целам у Эўхарыстыі. Але таксама, як нагадвае Папа Францішак у апостальскім лісце Aperuit illis, у якім была абвешчана нядзеля Божага слова, таксама слова Божае з’яўляецца для нас той ежай, што дае нашай душы магчымасць жыць», — нагадаў беларускі госць маскоўскай супольнасці суайчыннікаў.

Езуіт з Віцебска дадаў, што пачуты на Імшы тэкст Святога Пісання, які Езус на пачатку публічнага служэння прачытаў у сваім родным мястэчку Назарэце, адгукаецца і ў нашай рэчаіснасці.

«Калі мы чуем слова „сёння“, гэтыя словы Пісання і ласкі Бога адгукаюцца ў нашай рэчаіснасці і гучаць не мінулым. Гэтыя словы застаюцца для нас крыніцай Добрай навіны і запрашеннем адкрыць нашыя сэрцы для Пана. У Слове Божым знаходзім не толькі накірунак, у якім павінны ісці, але і Слова, якое суправаджае нас і становіцца Целам; якое становіцца адным з нас і кожны дзень да сканчэння веку прабывае з намі», — падкрэсліў айцец Віктар на заканчэнне гаміліі.

Пасля набажэнства адбылася душпастырская сустрэча, падчас якой вернікі і святары падзялілся сваім духоўным вопытам, а таксама думкамі наконт хрысціянскага адзінства, бо субота напярэдадні нядзелі Божага слова была заключным днём Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў

Сабраныя падкрэслілі асаблівую актуальнасць імкнення да адзінства ў гэты юбілейны, 2025 год ад Нараджэння Хрыста.

Удзельнікі сустрэчы шчыра падзякавалі айцу Віктару Жуку за супольную малітву, выказаўшы надзею на тое, што ён калісьці правядзе рэкалекцыі для беларускай каталіцкай супольнасці Масквы.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа