Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, выказвае спачуванні з прычыны смерці айца Клода Рабінэ SI, былога кіраўніка Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.
З вялікім смуткам мы атрымалі інфармацыю аб тым, што 6 студзеня 2025 года ва ўзросце 77-і гадоў у Бруселі адышоў у вечнасць айцец Клод Рабінэ, бельгійскі святар, езуіт, былы кіраўнік Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.
Ад імя духавенства і вернікаў Касцёла на Беларусі, а таксама ўсіх тых, хто дзякуючы служэнню айца Клода і яго супрацоўнікаў меў магчымасць атрымліваць навіны з жыцця паўсюднага Касцёла і ініцыятываў Папы на беларускай мове, выказваю шчырыя спачуванні сабратам спачылага з Таварыства Езуса, а таксама ўсім, каго закранула гэтая смерць.
Мы ведаем, што айцец Клод Рабінэ любіў беларускую мову, цікавіўся гісторыяй хрысціянства ў Беларусі і жыццём Касцёла ў нашай краіне. З 1996 года ён быў галоўным рэдактарам Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё і служыў на гэтай пасадзе ажно да 2010 года.
Сёння мы дзякуем яму за штодзённыя цэлебрацыі святой Імшы для супрацоўнікаў Беларускай секцыі папскай радыёстанцыі. Дзякуем за тое, што, як казаў сам спачылы айцец Клод, «галоўнае пакліканне Ватыканскага радыё — несці Добрую навіну людзям». Менавіта добрая навіна з Ватыкана заўсёды заахвочвала нашых вернікаў крочыць за Панам, нягледзячы на ўсе цяжкасці і складанасці жыцця.
Запэўніваем у нашай малітве за святой памяці айца Клода Рабінэ SІ. Святая Імша аб вечным супакоі для памерлага святара будзе цэлебравацца ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску 8 студзеня ў 15.00.
Вечны адпачынак дай яму, Пане…
З малітвай за спачылага,
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі