Пошук

07.01.2025 16:43   Vatican News BY

Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News паведамляе, што 6 студзеня ва ўзросце 77-і гадоў у Бруселі (Бельгія) адышоў у вечнасць айцец Клод Рабінэ, бельгійскі святар, езуіт, былы кіраўнік Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Клод Рабінэ нарадзіўся 20 кастрычніка 1948 года ў мястэчку Сюсі на поўдні Бельгіі. З юнацкіх гадоў цікавіўся ўсходнехрысціянскай духоўнасцю і вывучаў рускую мову. У 1970 годзе ўступіў у Таварыства Езуса. Праходзіў фармацыю ў Папскім калегіюме Русікум у Рыме. У 1979 годзе прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. Пасля некалькіх гадоў душпастырскага служэння ў Францыі стаў вікарыем грэка-каталіцкай парафіі святога Антонія ў Рыме і распачаў працу ў Рускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Айцец Клод любіў беларускую мову, цікавіўся гісторыяй хрысціянства ў Беларусі і жыццём Касцёла ў нашай краіне.

У 1996 годзе ён быў прызначаны галоўным рэдактарам Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё і служыў на гэтай пасадзе да 2010 года.

Святар штодзённа цэлебраваў Імшу для супрацоўнікаў папскай радыёстанцыі, фактычна будучы яе капеланам. Капліцу Ватыканскага радыё ўпрыгожвае вялікая ікона Звеставання, якая была ахвяравана айцом Клодам і служыць усім напамінам пра тое, што галоўнае пакліканне Ватыканскага радыё — несці Добрую навіну людзям.

З 2012 года езуіт жыў у Бруселі. Яго шчырае, вялікае і вечна маладое пастырскае сэрца прыцягвала да яго мноства людзей. Нягледзячы на хваробу, ён заставаўся радасным і мудрым дарадчыкам для сваёй манаскай супольнасці. Некалькі месяцаў таму ён прысутнічаў на сустрэчы Папы Францішка з бельгійскімі езуітамі і атрымаў благаслаўленне Святога Айца.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё выказвае шчырыя спачуванні родным, сябрам, сабратам айца Клода Рабінэ, а таксама ўсім, хто аплаквае яго страту, далучаючыся да малітваў аб вечным супакоі для святара.

Вечны адпачынак дай яму, Пане…

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа