Пошук

26.09.2024 12:12   Паводле: Vatican News BY, lesoir.be / Catholic.by
Фота: lesoir.be

26 верасня Святы Айцец Папа Францішак распачаў сваё 46-е Апостальскае падарожжа, у межах якога наведае дзве невялікія еўрапейскія краіны: Люксембург і Бельгію.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у чацвер раніцай Пантыфік прыбыў з Ватыкана ў рымскім аэрапорт Ф’юмічына, адкуль вылецеў у кірунку першага этапу сваёй пілігрымкі — Люксембруга.

Візіт у гэтую краіну будзе аднадзённым. Ён пройдзе пад дэвізам «У дарогу, з надзеяй» (En route, avec еspérance — фр.).

Перад гэтым, увечары 25 верасня, Папа па традыцыі наведаў рымскую базыліку Святой Марыі Вялікай, каб у малітве перад абразом Маці Божай Salus Populi Romani даверыць падарожжа апецы Багародзіцы.

За дзве гадзіны палёту самалёт з Папам на борце пераадолеў у паветры 1170 кіламетраў над тэрыторыямі пяці краін: Італіі, Аўстрыі, Германіі, Бельгіі і Люксембурга.

Лайнер прызямліўся ў міжнародным аэрапорце Фіндэл каля 10-й гадзіны, дзе адбылася кароткая цырымонія прывітання. Святога Айца сустрэлі Вялікі Герцаг Люксембуржскі Анры, яго жонка Вялікая Герцагіня Марыя-Тэрэза, прэм’ер-міністр Люксембурга Люк Фрыдэн, прадстаўнікі мясцовага духавенства на чале з арцыбіскупам Люксембуржскім кардыналам Жанам-Клодам Ольрышам і моладзь.

Як адзначаецца ў паведамленнях інфармацыйных агенцтваў пра пачатак гэтага апостальскага візіту ў Люксембург, пасля пералёту 87-гадовы Папа выглядаў стомленым.

Два тыдні таму ён завяршыў сваё самае доўгае апостальскае падарожжа па краінах Азіі і Акіяніі, пасля чаго перанёс лёгкі грып. Тым не менш Святы Айцец не палічыў неабходным адмяніць свой запланаваны візіт у дзве краіны Бенілюкса.

Пасля цырымоніі прывітання Папа Францішак скіраваўся на візіт ветлівасці да Вялікага Герцага, пасля чаго сустрэнецца з прэм’ер-міністрам краіны, прадстаўнікамі ўлады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпусу, да якіх звернецца з прамовай.

У другой палове дня запланавана сустрэча Святога Айца з каталіцкай супольнасцю краіны. Яна адбудзецца ў катэдры Нотр-Дам у Люксембургу.

Пасля звароту да мясцовых вернікаў і духавенства і кароткай цырымоніі развітання ў аэрапорце Фіндэл Папа Францішак вылеціць у Бельгію.

Галоўныя сустрэчы ў межах візіту у гэту краіну пройдуць у пятніцу 27 верасня.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа