Пошук

23.12.2024 22:07   Тэкст і фота: Аляксей Бука / Catholic.by

У суботу 21 снежня беларусы каталіцкага веравызнаньня сталічнага рэгіёна Расіі сабраліся на перадкалядную аплаткавую сустрэчу ў кляштары айцоў-францішканаў Масквы.

Пасля традыцыйнай малітвы Ружанца ў капліцы кляштара адбылася святая Імша на беларускай мове, якую цэлебраваў протаархімадрыт айцец Пэтрос Есаян MIC, пробашч армяна-каталіцкай парафіі святога Рыгора Асветніка.

У свёй гаміліі святар звярнуў увагу на тое, як вернікі рыхтуюцца да вялікага свята Нараджэння Хрыстова.

Айцец Пэтрос, які ўзяў пад сваю апеку супольнасць беларусаў-ктолікаў Масквы і Маскоўскага рэгіёна пасля раптоўнай смерці яе шматгадовага душпастыра айца Пятра Карнелюка OFMConv, прапанаваў прысутным вернікам паразважаць над тым, ці годна яны падрыхтаваліся да таго, каб перажыць цуд Уцелаўлення Божага Слова.

«Ці ў нас заўсёды абуджаецца сапраўднае пачуццё веры, sensus fidei?

Мы павінны штодзённа сваім жыццём быць разам з Хрыстом. Не толькі падчас набажэнстваў ці нейкіх парафіяльных сустрэч. Менавіта кожным дзеяннем, штодзённым чытаннем Евангелля. Праз Святое Пісанне асэнсоўваць сваё жыццё. Прыняць Бога так, як Ян Хрысціцель прыняў Яго пад сэрцам Марыі, сам знаходзячыся яшчэ ва ўлонні сваёй маці Альжбэты ў доме Захарыі», — адзначыў айцец Пэтрос.

Пасля Эўхарыстыі ў культурным цэнтры францішканскага кляштара адбылася перадкалядная сустрэча.

Вернікі разам з душпастырам дзяліліся аплаткамі, аменьваючыся пажаданнямі на Божае Нараджэньне і на новы, Юбілейны год.

Як працяг гаміліі, на сустрэчы размаўлялі на тэму просьбаў, якія вернікі ўзносяць да Пана, і якім чынам гэтыя чаканні спраўджваюцца ў жыцці. Прызнаўшы, што часам даводзіцца чакаць гады і дзесяцігоддзі, сабраныя прыйшлі да высновы, што Пан Бог лепш ведае, калі даць адказ на тую ці іншую патрэбу, у які час працягнуць сваю руку.

На аплаткавай сустрэчы паспявалі традыцыйныя калядкі і беларускія рэлігійныя гімны. Айцец Пэтрос уразіў тым, наколькі добра ён ведае беларускія калядныя спевы.

 

Абноўлена 23.12.2024 23:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.