Пошук

23.12.2025 16:06   Тэкст: Ганна Якімовіч / Фота: Дзмітрый Мельнікаў / Catholic.by

22 снежня ў дзіцячым дабрачынным сацыяльна-рэабілітацыйным цэнтры святога Лукі ў Ляскоўцы, што пад Мінскам, адбылася аплаткавая сустрэча супрацоўнікаў рэлігійнай арганізацыі Caritas Беларусь.

Caritas — гэта месца, дзе гучыць надзея і цеплыня чалавечага сэрца, дзе штодзённая праца — гэта праява веры ў дзеяннях. Месца, дзе працуюць людзі, чыя адданасць і любоў да бліжняга натхняюць, а іх сэрцы б'юцца ў такт з духоўнымі запаведзямі, нагадваючы нам пра важнасць клопату, падтрымкі і спагады. У цяжкія моманты супрацоўнікі Caritas становяцца апорай для тых, хто аказаўся ў нястачы, і крыніцай святла для тых, хто страціў надзею. Працуючы ў цені вялікіх мэт — падарыць усмешку, забяспечыць цеплыню, накарміць галодных — гэтыя людзі ператвараюць сваю працу ў сапраўднае служэнне.

Калядныя сустрэчы Caritas ужо сталі добрай традыцыяй. Яны ладзяцца дзеля таго, каб перад святам Божага Нараджэння сустрэцца ўсім разам і падзяліцца адзін з адным радасцю і цеплынёй ад Нараджэння Езуса Хрыста.

На сустрэчы прысутнічалі дырэктар Нацыянальнага Caritas Беларусь ксёндз канонік Андрэй Аніскевіч, дырэктары дыяцэзіяльных Caritas ксёндз канонік Віктар Місевіч (Caritas Віцебскай дыяцэзіі), брат Анатоль Ярошка OFMCap (Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі), ксёндз Чэслаў Ладыка (Caritas Пінскай дыяцэзіі), а таксама супрацоўнікі дабрачыннай місіі.

Сустрэча распачалася Эўхарыстыяй у інтэнцыі ўсіх супрацоўнікаў, валанцёраў, ахвярадаўцаў і партнёраў, і за ўсіх, хто стварае адну вялікую сям'ю CaritasУзначаліў цэлебрацыю Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Ён скіраваў падзяку ўсім, хто мае дачыненне да справы Caritas і пажадаў патрэбных ласкаў у рэалізыі ўсіх добрых намераў і планаў арганізацыі.

Тэме любові да бліжняга была прысвечана прамоўленая гамілія ксяндза Андрэя Аніскевіча:

«Наша жыццё мае сэнс толькі тады, калі мы жывем дзеля кагосьці. Калі чалавек жыве выключна дзеля сябе, то з часам ён рызыкуе стаць самотным. І каб з намі гэтага не здарылася, асабліва ў час Божага Нараджэння, вельмі важна напаўняць нашы сэрцы сэнсам: бо менавіта ў гэты перыяд мы маем патрэбу ў дабрыні, узаемаразуменні і шчодрасці. Няхай кожны з нас нагадае сабе аб сіле шчырых адносін і гатоўнасці дзяліцца цяплом і святлом з тымі, хто побач». 

Ужо па традыцыі падчас каляднай сустрэчы кіраўнікі Нацыянальнага і дыяцэзіяльных Caritas робяць справаздачу дзейнасці, каб разам азірнуцца на мінулы год, падзяліцца сваімі дасягненнямі і поспехамі, а таксама планамі на будучыню.

Пасля падвядзення вынікаў працы, ва ўтульнай атмасферы, напоўненай святлом і дабрынёй, настаў самы доўгачаканы момант сустрэчы — дзяленне аплаткай. Як сям'я перад Божым Нараджэннем збіраецца разам, каб павіншаваць адзін аднаго і падзяліцца аплаткай, так і сям’я Caritas склала адзін аднаму найлепшыя віншаванні і пажаданні з надыходзячымі святамі, дзелячыся белым кавалачкам хлеба.

Дырэктар Caritas Беларусь ксёндз Андрэй Аніскевіч і ўсе супрацоўнікі выказваюць шчырую падзяку валанцёрам, ахвярадаўцам і партнёрам за шчодрасць, падтрымку і бясцэнны ўклад ў жыццё арганізацыі. А таксама віншуюць усіх з надыходзячым святам Божага Нараджэння і жадаюць цяпла, любові і ўтульнасці, яскравых эмоцый і цудоўнага настрою! Няхай агні калядных свечак сагрэюць вашыя душы і сэрцы, а дом напоўніцца супакоем і радасцю! 

Вы, як сапраўдныя анёлы, якія неўзаметку распаўсюджваюць ласку і міласэрнасць. Дзякуючы вашым намаганням, стараннасці і дабрыні мы можам дасягаць мэт, якія часам здаюцца немагчымымі.

Абноўлена 23.12.2025 19:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця