Пошук

17.12.2024 13:12   Тэкст: Алеся Гедроіц / Фота: Таццяна Навойчык / Catholic.by

14 снежня валанцёры парафіяльнай суполкі Caritas, якая дзейнічае пры парафіі катэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску, наведалі спецыяльную школу-інтэрнат у аграгарадку Расна (Магілёўская вобласць, Дрыбінскі раён).

У час радаснага адвэнтавага чакання, каб як мага больш людзей магло адчуць радасць і цеплыню Божай любові, вернікі сталічнай архікатэдральнай парафіі па ініцыятыве парафіяльнага Caritas і па благаслаўленні пробашча, ксяндза каноніка Дзмітрыя Пухальскага, зладзілі свята для амаль сотні дзяцей з Раснянскай спецыяльнай школы-інтерната.

Да выхаванцаў валанцёры завіталі разам са святым Мікалаем, ролю якога бліскуча выконваў дыякан Аляксандр Шыманскі, і з камандай музыкаў павіншавалі дзяцей, дорачы ім цеплыню сваіх сэрцаў, усмешкі, а таксама радасныя забавы і танцы. Акрамя таго, валанцёры правялі майстар-класы па вырабу святочных упрыгожанняў, якія дзеці, размеркаваныя па розных узроставых групах, зацікаўлена і старанна рабілі разам і якія засталіся ім як прыемны напамін пра весела праведзены час у добрай кампаніі.

Усім выхаванцам школы-інтэрната валанцёры прывезлі падарункі, якія на працягу некалькіх тыдняў збіралі парафіяне мінскай архікатэдры.

Дзеці былі вельмі ўзрушаныя такой увагай да сябе з боку зусім незнаёмых людзей з далёкага Мінска, якія, як аказалася, ведаюць пра іх і з любоўю клапоцяцца.

Прыемным дапаўненнем на дзіцячым свяце сталі цукеркі і іншыя салодкія ласункі, якія для Раснянскай школы-інтэрната падрыхтаваў і передаў Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Развітваючыся, валанцёры запрасілі дзяцей наведаць Мінск, а таксама абяцалі самі пры магчымасці зноў прыехаць да сваіх маленькіх сяброў, каб прапанаваць ім новыя цікавыя заняткі і весела правесці час.

Пробашч архікатэдральнай парафіі ў Мінску ксёндз Дзімітрый Пухальскі і суполка парафіяльнага Caritas шчыра дзякуюць усім, хто не застаўся абыякавым і прычыніўся да добрай справы дапамогі дзецям у перыяд Адвэнту.

Абноўлена 17.12.2024 13:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.