
Моцны землятрус 10 жніўня 2026 года ў заходняй Калумбіі пашкодзіў храмы, санктуарыі і кляштары. Касцёл арганізуе дапамогу пацярпелым.
10 жніўня 2026 года землятрус магнітудай 7,4 адбыўся ў заходняй Калумбіі. Эпіцэнтр знаходзіўся каля Сан-Хасэ-дэль-Пальмар у дэпартаменце Чока, а моцныя падземныя штуршкі адчуваліся, у прыватнасці, у Перайры, Калі і Манісалесе. Працягваюцца пошукава-выратавальныя работы і ацэнка нанесенай шкоды.
У Манісалесе сур’ёзна пашкоджана катэдра: адна з яе веж абрынулася і нахілілася над фасадам. Значныя пашкоджанні атрымаў таксама санктуарый Маці Божай Фацімскай.
«Разбурэнні велізарныя; многія будынкі і касцёлы былі пашкоджаныя»,
— сказаў пробашч санктуарыя айцец Адальберта Лопес.
Храм давядзецца закрыць да правядзення тэхнічнай праверкі і атрымання дазволу на яе выкарыстанне.
Пашкоджанні зафіксаваныя таксама ў дыяцэзіях Перайра і Калі, а ў Буге пацярпела базыліка Сеньёр-дэ-лос-Мілагрос. У дэпартаменце Антыёкія абрынулася частка фасада санктуарыя святога Юзафа ў Венесіі, а ў Хардзіне пацярпеў інтэр’ер касцёла, у тым ліку частка абразоў. У Калі пашкоджанні атрымалі, сярод іншых, катэдра святога апостала Пятра і касцёлы Ла-Мерсед, святога Францішка і святой Ружы з Лімы. У Картага абрынуўся дах галоўнай навы базілікі Маці Божай Убогіх.
Касцёл распачаў арганізацыю матэрыяльнай дапамогі пацярпелым. З Багаты ў найбольш пацярпелыя рэгіёны накіроўваюцца прадукты харчавання, пітная вада і неабходныя рэчы, а Сакратарыят сацыяльнага душпастырства — Caritas Калумбія — запусціў Нацыянальную службу дапамогі, якая збірае сродкі для падтрымкі дыяцэзій і парафій, пацярпелых ад катастрофы.
Прэзідыум калумбійскага епіскапату запэўніў у малітве за загінулых, зніклых без вестак, параненых і пацярпелыя сем’і. «Ніхто не здольны самастойна супрацьстаяць крызіснай сітуацыі такога маштабу», — падкрэслілі біскупы, заклікаючы калумбійцаў у абліччы трагедыі адчуць сябе «адной сям’ёй».







