Пошук

12.08.2026 18:27   Кс. Аляксандр Амяльчэня / Vatican News BY / Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Catholic.by

Фота: https://grodnensis.by

12 жніўня ў Базыліцы Святога Пятра ў Рыме прайшла агульная аўдыенцыя Святога Айца Льва XIV, у якой упершыню прыняў удзел біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Яго прысутнасць стала важнай падзеяй для беларускай каталіцкай супольнасці.

Галоўнай тэмай сустрэчы сталі разважанні Пантыфіка пра каштоўнасць літургічнага года і значэнне нядзельнай Эўхарыстыі ў жыцці кожнага верніка. Звяртаючыся да пятага раздзела канстытуцыі Другога Ватыканскага Сабору Sacrosanctum Concilium, Папа заўважыў, што літургічны год — гэта не проста ўспамін мінулых падзей, але пастаяннае ажыццяўленне справы збаўлення, якую Хрыстус здзяйсняе ў гісторыі.

Асобна Святы Айцец спыніўся на нядзелі, якую айцы Сабору назвалі «падмуркам і ядром літургічнага года» і «першапачатковым святочным днём». Ён нагадаў вучэнне святога Яна Паўла II, паводле якога нядзеля — гэта дзень Пана, дзень Касцёла, дзень чалавека і «дзень дзён». 

Леў XIV падкрэсліў, што для асвячэння нядзелі неабходны асабісты ўдзел у Эўхарыстыі, і літургічны сход вернікаў не можа быць заменены выключна віртуальнай прысутнасцю.

У гэтай сувязі Пантыфік заклікаў шукаць найлепшыя ўмовы, каб у святой Імшы маглі ўдзельнічаць і тыя, хто ў нядзелю вымушаны працаваць.

«Сустрэча з Езусам, памерлым і ўваскрослым за нас, — гэта мэта, якую Касцёл заўсёды ставіць перад сабой»,

— сказаў Святы Айцец, робячы акцэнт на цэнтральным месцы Пасхальнай таямніцы.

У другой частцы аўдыенцыі Святы Айцец закрануў канкрэтныя гуманітарныя выклікі сучаснасці. Леў XIV асобна ўзгадаў калумбійцаў, якія сталі ахвярамі нядаўняга землятрусу, і выказаў блізкасць сем'ям загінулых і ўсім, хто перажывае наступствы катастрофы. 

Па завяршэнні аўдыенцыі Леў XIV асабіста прывітаўся з іерархамі, сярод якіх быў біскуп Уладзімір Гуляй. Гродзенскі іерарх перадаў Святому Айцу гарачыя прывітанні ад святароў і вернікаў сваёй дыяцэзіі, якая сёлета адзначае 35-гадовы юбілей, а таксама запэўніў Пантыфіка ў сардэчнай малітве за яго служэнне.

Абноўлена 12.08.2026 19:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.