Пошук

14.07.2026 10:31   Ян Глінскі / Vatican News BY

Фота: CNS/ Reuters/ Max Rossi

Кожны турыст можа стаць дабрачынцам, наведаўшы Вечны горад. Дастаткова кінуць манету ў фантан Трэві, а дабрачыннае таварыства Caritas накіруе гэтыя грошы на дапамогу патрабуючым. Амаль два мільёны еўра турысты кінулі ў рымскі фантан у 2025 годзе.

З 2001 года манеты, кінутыя турыстамі ў фантан, ахвяруюцца дыяцэзіяльнаму аддзяленню Сaritas, якое выкарыстоўвае сабраныя сродкі для падтрымкі дабрачынных праектаў. За апошнія чатыры гады больш за сем мільёнаў еўра дапамаглі ў барацьбе са старымі і новымі формамі беднасці.

Рашэнне выкарыстоўваць на дабрачынныя мэты грошы, сабраныя ў фантане, было прынята ў 2001 годзе тагачасным мэрам Франчэска Рутэлі.

Гэтае рашэнне захоўвалася незалежна ад палітычных прыналежнасцяў кіруючай партыі ў італьянскай сталіцы.

Апошняе пагадненне паміж горадам і Вікарыятам дыяцэзіі было падпісана ў снежні 2023 года.

На праблему голаду — 30 працэнтаў сродкаў

Голад і недаяданне ключавая сфера дапамогі, на якую ў перыяд з 2022 па 2025 год было накіравана каля 30 працэнтаў ад агульнай сумы. Рымскае Caritas арганізавала некалькі бясплатных сталовых для бедных, якія працуюць без выходных: побач з Калізеем, каля вакзала Тэрміні і ў Остыі. Паводле даных за апошнія гады, сярэдняя колькасць выданых пасілкаў склала 317 тысяч у год.

Рымская дыяцэзія каардынуе таксама дзейнасць шасці так званых рынкаў салідарнасці, дзякуючы якім 1700 сем’яў штогод забяспечваюцца неабходнымі прадуктамі.

Звыш 20 працэнтаў сродкаў на падтрымку самотных і барацьбу з залежнасцямі

Важным сацыяльным паказчыкам чатырохгадовага фінансавага перыяду з’яўляецца павелічэнне сродкаў, выдзеленых на барацьбу з дынамікай маргіналізацыі: з 7% у 2022 годзе да 23% у 2025 годзе.

Колькасць лакальных цэнтраў падтрымкі самотных людзей павялічылася са 185 да 247 актыўных пляцовак, якія аказваюць дапамогу больш чым 12 тысячам чалавек.

Ключавым элементам падтрымкі адзінокіх людзей з’яўляецца барацьба з залежнасцямі, асабліва ад азартных гульняў. Дзейнасць Caritas у гэтай галіне ўключае сустрэчы са студэнтамі для павышэння дасведчанасці аб залежнасці, спецыялізаваны цэнтр падтрымкі залежных і іх сем’яў, а таксама кансультацыі па пытаннях юрыдычных і фінансавых наступстваў залежнасці.

Дыяцэзіяльнае Caritas праводзіць таксама вандроўнае начное служэнне: валанцёры падтрымліваюць бяздомных на вуліцах Рыма і арганізоўваюць дапамогу пажылым людзям.

20 працэнтаў грошай на медыцынскую дапамогу

У 2025 годзе 20 працэнтаў грошай, сабраных у фантане, было выдзелена на гарантаванне доступу да медыцынскіх паслуг для самых бедных. Дзякуючы спецыялізаванай клініцы, стаматалагічнаму цэнтру, аптэцы і клініцы для ахвяр насілля і посттраўматычнага стрэсавага расстройства, штогод 3,5 тысячы бедных атрымліваюць медыцынскую дапамогу.

Дзённы цэнтр догляду ў Рыме, дзейнасць якога каардынуе Caritas, прапануе бясплатныя паслугі для пацыентаў з хваробай Альцгеймера. Для хворых на СНІД, якія патрабуюць пастаяннага і персаналізаванага догляду, дзейнічаюць тры дамы сацыяльнай дапамогі.

13-14 працэнтаў сродкаў на жыллёвы крызіс

Фота: ANSA/ TELENEWS

Дзіцячыя дамы, пляцоўкі сацыяльнай дапамогі, хостэлі, цэнтры для бежанцаў і прытулкі для жанчын, пацярпелых ад гвалту, гэта месцы, якія каардынуюцца Caritas з мэтай аказання дапамогі тым, хто мае патрэбу ў прытулку. Аднак жыллёвы крызіс, як вынікае са справаздачы, ускладняецца і патрабуе ўсё больш комплексных мер.

Сёння падтрымка, якую прапануе дыяцэзіяльны Caritas, уключае таксама фінансавую дапамогу на аплату рахункаў і арэнду жылля, асабліва сем’ям, якія сутыкаюцца з высяленнем.

У 2023 годзе з-за павелічэння колькасці высяленняў і постпандэмічнай нестабільнасці Caritas выдзеліў 25 працэнтаў грошай, сабраных ля фантана Трэві, на дапамогу ў жыллёвым будаўніцтве. У 2024-2025 гадах гэтая лічба стабілізавалася на ўзроўні 13-14 працэнтаў.

На барацьбу з адукацыйнай беднасцю – 10 працэнтаў

На адукацыйныя праекты штогод выдзяляецца ў сярэднім 10 працэнтаў сабраных манет. Такім чынам Сaritas імкнецца дапамагчы пераадолець перадачу беднасці з пакалення ў пакаленне. Важным элементам у гэтых намаганнях з’яўляюцца дзіцячыя садкі для дзяцей, якія не маюць доступу да грамадскіх устаноў. Дзякуючы гэтаму маладыя маці могуць вярнуцца на працу і фінансава падтрымліваць сям’ю.

Рымскае Caritas прадугледзела таксама адукацыйныя праграмы для інтэграцыі замежнікаў: школы італьянскай мовы, майстар-класы і прафесійныя курсы для падрыхтоўкі спецыялістаў у розных галінах.
 

Абноўлена 14.07.2026 11:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.