Пошук

27.11.2024 17:17   Catholic.by

26 лістапада, падчас пастырскай сустрэчы святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якая праходзіла ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску, былі прадстаўлены вынікі акцыі «Дар сэрца для Касцёла на Магілёўшчыне».

Акцыя распачалася 21 красавіка, у Нядзелю Добрага Пастыра, і працягвалася да 6 жніўня, свята Перамянення Пана. З яе вынікамі сабраных у Мінску іерархаў і святароў пазнаёміў адказны за Магілёўскі рэгіён Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Паводле іерарха, у ходзе акцыі было ахвяравана каля 50-і тысяч беларускіх рублёў.

Біскуп Яшэўскі шчыра падзякаваў усім святарам, якія разам са сваімі вернікамі падзяліліся гэтым «дарам сэрца», назваўшы кожную парафію, адкуль паступілі сродкі, і прасіў перадаць гэтую падзяку парафіянам.

Пры гэтым адказны за Магілёўскі рэгіён біскуп з горыччу канстатаваў, што далёка не ўсе парафіяльныя супольнасці аказаліся гатовымі адгукнуцца, а прысутны пры гэтым Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі дадаў, што ўдзел у дабрачыннай справе — гэта вялікая заслуга перад Богам, якой многія сябе такім чынам пазбавілі.

Касцёл на Магілёўшчыне, дзе існуюць пераважна вельмі невялікія каталіцкія супольнасці, сутыкаецца са шматлікімі цяжкасцямі: ад утрымання касцёльных будынкаў і святароў да неабходнасці пераадолення вялікіх адлегласцяў з душпастырскай паслугай.

Біскуп Яшэўскі патлумачыў, што спецыяльная архідыяцэзіяльная камісія калегіяльна вырашыла, якім чынам размеркаваць сабраныя сродкі, каб пакрыць прынамсі самыя неабходныя і тэрміновыя выдаткі, і яны ўжо былі паспяхова перададзены. Перадусім былі вернуты сродкі, укладзеныя ў арганізацыю і правядзенне дабрачыннай акцыі яе ініцыятару, ксяндзу Андрэю Кеўлічу, дэкану Магілёўскаму.

З дапамогай сабраных ахвяраваннў удалося правесці будаўнічыя і рамонтныя працы ў некаторых касцёльных будынках, часткова пакрыць транспартныя выдаткі святарам, якія абслугоўваюць некалькі парафій, запэўніць сацыяльныя гарантыі шэрагу святароў і фінансаваць іншыя неабходня справы.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі заахвоціў да больш актыўнай падтрымкі Касцёла на Магілёўшчыне і прапанаваў святарам на ўласныя вочы пераканацца, як жывуць і ўтрымліваюцца каталіцкія супольнасці ва ўсходныяй частцы архідыяцэзіі.

Абноўлена 27.11.2024 18:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа