Пошук

26.11.2024 22:22   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

У аўторак 26 лістапада ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску прайшла першая пасля летняга перапынку сустрэча святароў, якія нясуць служэнне ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Паводле традыцыі, такія сустрэчы духавенства, дні малітоўнага засяроджання, адбываюцца ў чацвер — дзень устанаўлення Эўхарыстыі і святарства.

Незвычайны дзень быў выбраны невыпадкова: сустрэча была прымеркавана да 30-годдзя з дня ўстанаўлення кардыналам Казіміра Свёнтка — першага арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага.

У сустрэчы ўзялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Генеральныя вікарыя архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрока, а таксама больш за сем дзясяткаў святароў — дыяцэзіяльных і манаскіх, якія нясуць служэнне ў парафіях Мінскай і Магілёўскай вобласцяў, і іх грэка-каталіцкія сабраты.

Распачаўся дзень малітоўнага засяроджання аскетычнай канферэнцыяй, якую прамовіў духоўны айцец святароў архідыяцэзіі ксёндз канонік Аляксандр Барыла.

Ён прысвяціў яе святасці, да якой павінны імкнуцца ўсе духоўныя асобы.

Сабраныя разважалі над словамі духоўнага айца ў ціхай адарацыі перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам, а тыя, хто меў патрэбу, скарысталіся паслугай сабратоў у сакрамэнце паяднання. Святары, хоць і імкнуцца да святасці, аднак маюць слабасці як усе звычайныя людзі, а таму не толькі спавядаюць іншых, але і самі рэгулярна спавядаюцца.

Потым усе разам канцэлебравалі святую Імшу. Вітаючы сабраных, арцыбіскуп Станеўскі, які ўзначаліў цэлебрацыю, перадусім нагадаў, што тры дзесяцігоддзі таму, 26 лістапада 1994 года, адбылася гістарычная падзея: Папа Ян Павел ІІ менаваў тагачаснага арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага і Апостальскага адміністратара Пінскай дыяцэзіі Казіміра Свёнтка першым кардыналам у сучаснай гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Пры гэтым арцыпастыр працытаваў сказаныя тады Святым Айцом словы.

Гамілію падчас Эўхарыстыі прамовіў біскуп Касабуцкі, які даволі блізка супрацоўнічаў з кардыналам Свёнткам, перадусім падчас свайго служэнне ў духоўнай семінарыі ў Пінску.

Іерарх узгадаў не толькі галоўныя моманты багатай на падзеі — трагічныя і велічныя — біяграфіі першага і адзінага беларускага кардынала, але таксама падзяліўся вельмі асабістымі ўспамінамі пра гэтага незвычайнага чалавека.

Біскуп Юрый Касабуцкі падкрэсліў, што ў сваім жыцці Сведка веры кардынал Свёнтэк навучыўся бязмежна давяраць Богу і вельмі любіў Касцёл, якому без рэшты прысвяціў сваё доўгае і яскравае жыццё, з пакораю прымаючы кожнае новае выпрабаванне і кожнае новае служэнне.

Пасля Імшы адбылася арганізацыйная частка сустрэчы, у якой узяў удзел упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Беларусі Аляксандр Румак.

Высокі прадстаўнік дзяржаўнай улады прысвяціў свой выступ на прыгожай беларускай мове тэме, якая найбольш хвалюе сёння святароў і вернікаў, а менавіта пытанням перарэгістрацыі парафій у адпаведнасці з новым заканадаўствам аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях, што цяпер адбываецца.

Усе прысутныя святары мелі магчымасць асабіста задаць пытанне і атрымаць ад упаўнаважанага канкрэтны адказ. Выступ Аляксандра Румака і яго размова з духавенствам занялі больш за гадзіну.

Сустрэча працягнулася ўручэннем дэкрэтаў новым дэканам шэрагу дэкантаў архідыяцэзіі. Канцлер Мітрапалітальнай курыі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі па чарзе называў новых дэканаў, якім арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўручаў дэкрэты аб прызначэнні.

Апошнім пунктам сустрэчы духавенства стала выступленне адказнага за Магілёўскі рэгіён біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB.

Іерарх падзякаваў святарам, якія разам са сваімі вернікамі далучыліся да акцыі «Дар сэрца для Касцёла на Магілёўшчыне», а таксама даў падрабязную справаздачу аб суме сабраных ахвяраванняў і пра тое, на што іх вырашана было прызначыць.

Наступная сустрэча духавенства, якое нясе служэнне ў парафіях архідыяцэзіі, пройдзе ў Мінску 19 снежня, незадоўга да Божага Нараджэння, і будзе суправаджацца традыцыйным дзяленнем аплаткамі.

Абноўлена 26.11.2024 23:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця