Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй прызначыў духоўнага мадэратара руху «Маці ў малітве» ў Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама новага дэкана Шчучынскага дэканату.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, біскупскім дэкрэтам ад 13 студзеня духоўным мадэратарам руху «Маці ў малітве» ў дыяцэзіі быў прызначаны ксёндз Валерый Пупкевіч SCI.
У дакуменце адзначаецца, што абавязкі духоўнага мадэратара руху «Маці ў малітве» звязаныя з сукупнасцю справаў, якія датычацца функцыянавання і духоўнага кіраўніцтва гэтым рухам.
Яго служэнне будзе неабходным для аб’яднання хрысціянскіх маці ў сістэматычнай малітве за сваіх дзяцей.
Біскуп удзяліў ксяндзу Валерыю Пупкевічу пастырскае благаслаўленне на выкананне адказных абавязкаў на новай пасадзе, выказаўшы надзею на тое, што служэнне святара прынясе духоўны плён і дапаможа ў малітоўным фармаванні маці Гродзенскай дыяцэзіі.
15 студзеня біскуп Гуляй прызначыў ксяндза Юрыя Федука дэканам Шчучынскага дэканату. На гэтай пасадзе святар зменіць ксяндза Юрыя Кузьміча, нядаўна прызначанага пробашчам парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Астраўцы.
Біскуп удзяліў ксяндзу Юрыю Федуку пастырскае благаслаўленне на выкананне адказных абавязкаў на новай пасадзе.