20 снежня ў будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшла аплаткавая сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў, якія нясуць служэнне ў парафіях Гродзеншчыны.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, у сустрэчы ўдзельнічалі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, больш за 70 прэзбітэраў і законных сясцёр.
Гэтая аплаткавая сустрэча духавенства стала ў Гродзенскай дыяцэзіі трэцяй за сёлетні перыяд Адвэнту.
Папярэднія прайшлі 16 снежня ў Ашмянах і 18 снежня ў Лідзе.
На пачатку сустрэчы ўдзельнікі выслухалі канферэнцыю аб пакліканні да Божай любові, якую прамовіў ксёндз Андрэй Шчупал CSsR, духоўны айцец святароў дыяцэзіі.
Молячыся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, удзельнікі сустрэчы дзякавалі Богу за чарговы год, які падыходзіць да заканчэння, і ў прыватнасці за час Адвэнту, які для духоўных асобаў заўсёды напоўнены інтэнсіўным служэннем у парафіяльных супольнасцях.
Канцлер біскупскай курыі ў Гродне ксёндз канонік Аляксандр Мацкевіч ад імя ўсіх прысутных выказаў віншаванні біскупам, падзякаваўшы ім за штодзённы клопат, за дабрыню, пажадаўшы шчодрых дароў Езуса Хрыста, чыё прыйсце ў свет будзе неўзабаве святкаваць Касцёл.
Біскуп Гуляй падзякаваў духавенству за руплівае служэнне ў сваіх парафіях, асабліва ў перыяд Адвэнту.
«Кожная ваша сустрэча з іншым чалавекам — гэта Бэтлеем», — сказаў іерарх, віншуючы святароў і законных сясцёр, і з гэтай нагоды пажадаў ім «моцна і жыва адчуваць прысутнасць Бога сярод нас».
Біскуп падкрэсліў, што важна «ніколі не губляць моцнай веры, бо яна з’яўляецца натхненнем усяго і адкрывае нам вялікую надзею, што з Богам мы можам вытрываць».
«Будзем жа прабываць у Божай прысутнасці і з вялікім запалам абвяшчаць яе ўсім, да каго мы пасланыя», — заахвоціў біскуп Уладзімір Гуляй.
Завяршэннем сустрэчы сталі дзяленне аплаткай і супольны абед.