18 снежня ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе прайшла аплаткавая сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Гродзенскай дыяцэзіі, якая стала другой у серыі традыцыйных перадсвяточных сустрэч.
Першая з іх прайшла ў панядзелак у Ашмянах, а заключная праходзіць у пятніцу ў Гродне.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, сустрэчу ў Лідзе ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. У ёй удзельнічалі больш за 50 святароў і некалькі законных сясцёр, якія нясуць служэнне пераважна ў парафіях на тэрыторыі Лідскага рэгіёна.
Распачалася сустрэча канферэнцыяй, з якой выступіў ксёндз Андрэй Шчупал CSsR, духоўны айцец святароў дыяцэзіі.
аворачы пра новую энцыкліку Папы Францішка Dilexit nos, рэдэмптарыст нагадаў, што святары і кансэкраваныя асобы пакліканыя да Божай любові і павінны паказваць іншым людзям шлях да яе.
Таксама быў час для адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і магчымасць прыступіць да споведзі.
Біскупскі вікарый па справах агульнага душпастырства ў Лідскім рэгіёне ксёндз Віталій Сідорка, прызначаны нядаўна пробашчам фарнай парафіі Узвышэння Святога Крыжа, дзе яго папярэднікам больш за 20 гадоў быў біскуп Гуляй, ад імя ўсіх прысутных выказаў віншаванні іерарху, пажадаўшы яму шмат энергіі ў выкананні функцый, даручаных яму Касцёлам па рашэнні Папы Францішка, а таксама суправаджэння Духа Святога.
Пастыр Касцёла Гродзенскай дыяцэзіі падзякаваў духавенству за руплівае служэнне ў сваіх парафіяльных супольнасцях, асабліва ў перыяд Адвэнту. Ён пажадаў прысутным радасных святаў Божага Нараджэння і досведу блізкасці Бога.
Завяршэннем сустрэчы сталі дзяленне аплаткамі і супольны абед.