Пошук

13.10.2026 09:50   Тэкст і фота: Прэс-служба ККББ / Catholic.by

У Рыме працягваецца праца старшыняў біскупскіх канферэнцый і прадстаўнікоў усходніх Касцёлаў разам з прадстаўнікамі сямей розных кантынэнтаў і этнічных культур з нагоды 10-годдзя апостальскай адгартацыі Amoris laetitia.

Праца чацвёртага дня пасяджэння, 12 кастрычніка, у якім бяруць удзел таксама прадстаўнікі ККББ, прайшоў пад тэмай: «Першыя гады шлюбу: вырашальны перыяд — слуханне і падтрымка сужонкаў».

Як зазначыў у сваёй прамове па дадзенай тэме Старшыня беларускага епіскапата арцыбіскуп Юзаф Станеўскі,

«першыя гады сумеснага жыцця пасля шлюбу — гэта падмурак, на якім будуецца будучыня "хатняга касцёла", і сёння гэты перыяд патрабуе нашай асаблівай пастырскай пільнасці».

Арцыбіскуп Юзаф дазволіў сабе распачаць прамову ад сучаснай прыпавесці, якая можа выклікаць усмешку ці быць успрынятай як сваеасаблівы жарт (хоць у гэтай справе жартаў няма). У’явім сабе прыгожы, сучасны трохпавярховы дом. Дом, які па сваіх тэхнічных характарыстыках дае магчымасць пражывання ажно трох сямей (бабуля з дзядуляй, бацькі і маладыя, якія ледзь ажаніліся) — аднаго сямейнага клану. Вясенняя раніца, сумесны сняданак у нядзелю, які быў папярэджаны гучнай размовай маладых. Дзядуля на правах старэйшага звяртаецца да «маладога мужа» з заўвагай і пытаннем: «Што вы не можаце падзяліць, чаму ізноў пачынаеце дзень са спрэчкі? Паглядзіце, мы з бабуляй спакойна і з падзякай распачынаем дзень. Тата твой з матуляй як адзін чалавек жывуць поплеч, вы ж — як кот з сабакам…» У адказ пачуў наступнае: «Добра вам гаварыць, у цябе бабуля, у таты матуля — свае людзі, а мы з жонкай — чужыя, толькі пачынаем свой шлях». Чужыя! Сапраўды, да моманту шлюбу, да слоў прысягі і благаслаўлення дэлегаванага распарадчыка з боку Касцёла гэта людзі з розных сем’яў і нават часам розных культур.

Паўстае пытанне: Калі настае той момант, калі «Я + Ты = Мы». Адказ з боку Касцёла, Хрыстовай навукі аб сужанстве вельмі просты: «Яны ўжо не двое, але адно цела. Таму, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае» (пар. Мц 19,6).

Аднак «мы» — гэта працэс, а калі працэс, тады час і дыстанцыя. У прыродзе мы ведаем аб такіх з’явах, калі розныя рэкі з водамі рознага колеру злучаюцца ў аднародны паток толькі на адлегласці ад упадзення адна з адну нават да 5 кіламетраў. Гэта называецца «канфлюенцыя двух колераў». Такім прыкладам можа быць рака Рыо Негро і Амазонка ў Бразіліі. Воды двух рэк становяцца адным патокам толькі пасля 5-6 кіламетраў супольнага патоку. Каб аб’яднацца — патрэбен час.

Вернікі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі жывуць на скрыжаванні культур і канфесій, у грамадстве, якое перажыло дзесяцігоддзі вымушанага атэізму. Адсюль, маладыя людзі, калі заключаюць сужэнства, адкрываюць не толькі натуральныя адрозненні сужонка і сужонкі, якія патрабуюць адаптацыі, але сутыкаюцца таксама і са знешнім ціскам свету, які «падказвае» ім, што пры наступленні першых цяжкасцей і непаразуменняў сужэнства можна «скасаваць», як кажуць, развесціся, бо яны не падыйшлі па характары.

Папа Францішак, аўтар Amoris laetitia, нястомна нагадваў, што маладыя пары не павінны заставацца адны пасля шлюбу. Таму арцыбіскуп Станеўскі зрабіў наступную заяву:

«Як Касцёл, мы павінны перайсці ад парадыгмы "падрыхтоўкі да шлюбу" да парадыгмы доўгатэрміновай пастырскай падтрымкі сужэнцаў».

Што гэта азначае на практыцы ў нашай рэальнасці?

  • Культура слухання: мы павінны ствараць бяспечныя прасторы ў парафіях, дзе маладыя пары могуць адкрыта абмяркоўваць свае страхі, фінансавыя цяжкасці і духоўныя крызісы, не баючыся асуджэння. Аб такіх магчымасцях «выказацца аб сваіх цяжкасцях», месцы і канкрэтнай гадзіне маладыя людзі павінны быць праінфармаваныя душпастырамі.
  • Прафесійнае служэнне сем’ям: мы павінны развіваць групы падтрымкі сем’яў, дзе сталыя хрысціянскія сямейныя пары мелі магчымасць дзяліцца сваім вопытам пераадолення крызісаў. У Беларусі такія рухі, як «Хатні касцёл», «Сужэнскія сустрэчы» і г. д. ўжо дэманструюць сваю выратавальную сілу.
  • Душпастырская даступнасць: святар не павінен быць проста распарадчыкам сакрамэнтаў. Тут важная яго прысутнасць, асабліва сярод маладых сем’яў: наведванне, супольная малітва і зацікаўленасць іх паўсядзённым жыццём.

На думку арцыбіскупа, важным фактарам з'яўляецца месца жыхарства новай сям’і: ці жывуць сужэнцы асобна ад бацькоў, ці разам з сям'ёй аднаго з іх, г. зн. «з бацькамі». Таму трапнае і зразумелае выслоў’е: «З каханым рай і ў шалашы» — прамаўляе само за сябе. Важна, каб маладыя, як кажуць, «жылі на сваім», асобна ад бацькоў, самастойна. «Не, мы не супраць выказвання папы Францішка, што нельга маладых пакідаць саміх — мы кажам толькі, што новае павінна знаходзіцца на новым: “Ніхто не прышывае латы з нябеленага палатна да старой вопраткі” (Мц 9, 16), “Не ўліваюць таксама маладое віно ў старыя мяхі” (Мц 9, 17)», — растлумачыў прамоўца. — Я ведаю, што часам гэта немагчыма — жыць адразу “на сваім”. Аднак, дзеля стварэння і захавання “новага арганізму — сям’і”, трэба ў яе інвеставаць».

Кажуць: «Любоў — гэта не тое, з кім жывеш. Любоў — гэта тое, з кім паміраеш». Іерарх падкрэсліў:

«Захаванне маладой сям'і ў першыя гады азначае захаванне будучыні парафіі і стабільнага грамадства».

Таму, завяршаючы сваю прамову, арцыбіскуп выказаў упэўненасць: «Калі мы навучымся слухаць і падтрымліваць нашы маладыя сем’і, мы адкрыем ім аблічча Маці-Касцёла: любячае, гасціннае і міласэрнае. Дзеля гэтага — слухання — у нашым грамадстве мы святкуем не толькі Дзень мамы і Дзень таты, але і Тыдзень бацькоўскай любові — час падзякі і роздуму над нашай будучыняй — моцнай сям’і, якая з’яўляецца залогам шчаслівай будучыні грамадства».

Абноўлена 13.10.2026 10:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа