Пошук

14.11.2026 09:47   Марыя Валодзіна, Аляксандр Панчанка / Vatican News BY / Catholic.by
Фота: www.vaticannews.va

12 лістапада, другі дзень апостальскага падарожжа па Перу, Папа Леў XIV правёў актыўна. На працягу шэрагу сустрэч Пантыфік заклікаў Касцёл не баяцца прызнаваць уласныя памылкі, будаваць масты прымірэння і захоўваць еднасць, а маладых людзей — шукаць адказаў на жыццёвыя пытанні ў сяброўстве з Езусам.

Дзень 12 лістапада Леў XIV распачаў са святой Імшы ў капліцы Апостальскай нунцыятуры ў Ліме. Для Святога Айца гэта быў не проста чарговы пункт праграмы: тут, у Перу, на працягу многіх гадоў ён служыў місіянерам-аўгустынам, а пазней — біскупам дыяцэзіі Чыклая. Таму, звяртаючыся да мясцовых іерархаў, Леў XIV гаварыў не толькі як Наступнік святога Пятра, але і як чалавек, які добра ведае мясцовы Касцёл, яго людзей і выклікі. Далей Пантыфіка чакала насычаная праграма, якая ўключала наведванне катэдральнай базылікі і сустрэчу з грамадствам і біскупамі, а завяршылася чуваннем з моладдзю.

Хрыстус — фундамент, прымірэнне — місія

У катэдральную базыліку святога Яна Леў XIV накіраваўся пешшу. Тут, у святыні, дзе спачываюць рэліквіі святога Турыбія дэ Магравеха — аднаго з апекуноў лацінаамерыканскіх біскупаў, Папа ўзначаліў Літургію гадзін. На малітву сабраліся іерархі, святары, кансэкраваныя асобы, семінарысты, прадстаўнікі сінадальных груп і душпастырскіх рад.

Звяртаючыся да прысутных, Леў XIV узгадаў сваё першае прыбыццё ў Перу і гады служэння мясцоваму Божаму народу. Ён нагадаў, што вярнуўся сюды, каб падтрымаць Касцёл у яго місіі і разам з вернікамі працягваць будаваць Божае Валадарства.

У гаміліі падчас Літургіі гадзін Папа прапанаваў некалькі арыенціраў для жыцця перуанскага Касцёла. Першым з іх стала вера ў Езуса Хрыста — адзіны фундамент, на якім можа будавацца сапраўдная касцёльная супольнасць.

Леў XIV нагадаў прыклад святога Турыбія дэ Магравеха, біскупа Лімы, які аддаваў усе сілы служэнню людзям. Менавіта ў наследаванні Езусу, ажно да крыжа, святы знаходзіў сэнс і моц для сваёй місіі. Далей Пантыфік звярнуўся да словаў святога апостала Паўла пра тое, што Бог праз Хрыста прымірыў свет з Сабой і даверыў людзям служэнне прымірэння (пар. 2 Кар 5, 18–19). Таму Касцёл не можа абмяжоўвацца заклікамі да міру, але павінен сам станавіцца месцам, дзе людзі вучацца слухаць, прабачаць і аднаўляць парушаныя адносіны.

Святы Айцец падкрэсліў, што сапраўднае прымірэнне пачынаецца з гатоўнасці прызнаць уласныя памылкі, пакорна папрасіць прабачэння і ўзяць адказнасць за раны, нанесеныя іншым. Касцёл павінен будаваць масты там, дзе ўзводзяцца сцены, і не адказваць на канфлікты новай варожасцю.

«Перу вельмі патрэбны Касцёл, які сее любоў, будуе масты там, дзе іншыя ўзводзяць сцены, умее слухаць, аздараўляць і прабачаць»,

— падкрэсліў Леў XIV.

Гаворачы пра мір, Папа зноў звярнуўся да свайго закліку да бяззбройнага і абяззбройваючага міру. Ён нагадаў пра неабходнасць адмаўляцца ад логікі насілля і палярызацыі, умацоўваць дыялог і братэрства. Гэты заклік мае не толькі міжнароднае вымярэнне: «Мір заўсёды пачынаецца тут і цяпер».

Яшчэ адной важнай тэмай стала еднасць. Разважаючы над словамі Езуса падчас Апошняй Вячэры, калі Ён маліўся, каб усе былі адно і каб свет паверыў (пар. Ян 17, 21), Папа нагадаў:

Еднасць не азначае аднолькавасці і не патрабуе, каб усе мелі адны і тыя ж погляды. Яна нараджаецца там, дзе розныя людзі здольныя слухаць адно аднаго і разам шукаць Божую волю.

У гэтым кантэксце Леў XIV заклікаў мясцовы Касцёл да місійнай адкрытасці. Кожны ахрышчаны, незалежна ад свайго паклікання, мае ўдзел у абвяшчэнні Евангелля, у сувязі з чым Святы Айцец выказаў шэраг пажаданняў:

  • біскупам — уважліва распазнаваць Божы голас у жыцці даручанага ім народа;
  • святарам — паглыбляць любоў да Хрыста і быць блізкімі да людзей;
  • кансэкраваным асобам — аднаўляць вернасць свайму пакліканню;
  • семінарыстам — клапаціцца пра ўнутранае жыццё і захоўваць свежасць паклікання.

Папа звярнуўся і да свецкіх вернікаў, якія ўдзельнічаюць у сінадальных групах і душпастырскіх радах: «Касцёл мае патрэбу ў вас, у вашым укладзе, у вашай веры».

Напрыканцы гаміліі Святы Айцец прапанаваў вобраз вялікай сімфоніі еднасці, у якой кожны мае свой голас, але Маэстрам застаецца Хрыстус. Гэтае адзінства не можа існаваць без узаемнай адказнасці, даверу і гатоўнасці разам абвяшчаць любоў Бога.

Біскуп — не самотны падарожнік

У другой палове дня Леў XIV сустрэўся з членамі Ордэна святога Аўгустына, якія служаць у Перу. Гэтая сустрэча мела асабістае значэнне для Папы, які сам належыць да аўгустынскай сям’і, а перад чуваннем з моладдзю ён таксама сустрэўся з перуанскімі біскупамі, да якіх звярнуўся з асобнай прамовай.

Каб раскрыць сэнс біскупскага служэння, Леў XIV выкарыстаў вобраз старажытнай Дарогі інкаў, якая злучала розныя тэрыторыі, супольнасці і культуры. Гэтак жа і біскуп павінен быць чалавекам, які злучае, суправаджае і дапамагае людзям адчуваць сябе часткай адной супольнасці. Спаслаўшыся на дэвіз свайго візіту — «Адкрыем сэрцы», Папа падкрэсліў, што для біскупа гэты заклік азначае ў першую чаргу распазнаваць шлях, якім Бог ужо ідзе разам са сваім народам, і дапамагаць яму рухацца наперад.

«Дарагія браты, адкрыць сэрца для біскупа азначае азначае таксама пазнаваць сваю дыяцэзію: уваходзіць у дамы, суправаджаць хворых, сустракацца з моладдзю і набліжацца да супольнасцяў, якія з-за геаграфічнай аддаленасці або сацыяльнай уразлівасці рэдка маюць магчымасць выказацца ці быць пачутымі»,

— сказаў Леў XIV.

Разам з тым Пантыфік нагадаў, што біскупскае служэнне не бывае пазбаўленым цяжкасцяў і параўнаў гэты шлях з нясеннем крыжа. Душпастырскія праблемы, грамадскія падзелы і балючыя рашэнні — неад’емная частка гэтага шляху. Ён зноў звярнуўся да прыкладу святога Турыбія дэ Магравеха, які не ўхіляўся ад праблем, але заставаўся верным Хрысту і шукаў найбольшага дабра для людзей. «Як перашкоды на шляху з’яўляюцца неад’емнай часткай горнага падарожжа, так крыж Езуса з’яўляецца неад’емнай часткай нашага служэння», — адзначыў Папа.

Асабліва Леў XIV падкрэсліў адказнасць біскупаў за святароў. Біскуп павінен не толькі паказваць ім шлях, але і падзяляць іх цяжкасці, спадзяванні і душпастырскія клопаты. Важна, каб ніхто не заставаўся сам-насам са сваімі праблемамі.

«Сумеснае падарожжа стварае еднасць», — нагадаў Пантыфік.

Святы Айцец заахвоціў перуанскіх іерархаў працягваць сінадальны працэс, будаваць узаемны давер і ствараць супольнасць, у якой кожны адчувае адказнасць за місію Касцёла. Пры гэтым Папа перасцярог ад празмернай ўлады і паслухмянасці, якая ператвараецца ў пасіўнае падпарадкаванне. «Няхай кожны жыве згодна са сваім пакліканнем, узаемна давяраючы адно аднаму, каб улада не ажыццяўлялася дэспатычна, а паслухмянасць не ператваралася ў звычайную пакорлівасць», — дадаў Святы Айцец.

Папа таксама закрануў і тэму злоўжыванняў у Касцёле. Ён падкрэсліў, што адказам на такія злачынствы павінны быць праўда, справядлівасць, прабачэнне, выпраўленне нанесенай шкоды, а таксама рашучыя намаганні дзеля стварэння культуры прафілактыкі і абароны найбольш уразлівых.

Напрыканцы выступу Леў XIV асобна спыніўся на важнасці еднасці паміж біскупамі, назваўшы яе падмуркам даверу да абвяшчанага Евангелля.

«Ніводны мясцовы Касцёл не павінен ажыццяўляць сваю місію так, нібыта яна не мае нічога агульнага з місіяй іншых»,

— дадаў Святы Айцец, а пасля сфармуляваў тры заклікі:

  • не пераставаць ісці разам з Божым народам,
  • захоўваць еднасць паміж біскупамі,
  • пастаянна адкрываць сэрцы Богу, братам і вернікам.

Ён пажадаў, каб людзі знаходзілі ў сваіх пастырах блізкіх, мужных і міласэрных айцоў.

Годнасць чалавека — падмурак сапраўднага міру

Пасля сустрэчы з біскупамі і супольнай малітвы ў катэдральнай базыліцы Леў XIV накіраваўся на галоўную плошчу Лімы — Пласа-дэ-Армас. Там, перад катэдрай святога Яна, адбылася сустрэча з прадстаўнікамі перуанскага грамадства, прысвечаная выклікам і надзеям краіны. У ёй узялі ўдзел каля 40 тысяч чалавек.

Як і ў папярэдніх краінах Лацінскай Амерыкі, дзе Пантыфік ужо пабываў падчас гэтага падарожжа, ён зноў закрануў тэмы сям’і, эканомікі, адукацыі, культурнай разнастайнасці. Скразной думкай стала перакананне, што ў цэнтры грамадскага жыцця павінен знаходзіцца чалавек і яго годнасць.

Спачатку Леў XIV звярнуўся да сям’і, назваўшы яе першай натуральнай супольнасцю і асновай грамадства. Пантыфік нагадаў, што чалавечае жыццё нараджаецца з любові мужчыны і жанчыны, якія адкрываюцца на дар новага жыцця. Дзіця, паводле яго слоў, — не прадукт, а плод гэтай еднасці.

Папа звярнуў увагу на тое, што сучасныя культурныя тэндэнцыі ўплываюць на разуменне роляў мужчыны і жанчыны. Таму, на яго думку, важна захоўваць гармонію і ўзаемадапаўняльнасць у сям’і, а таксама супольную адказнасць за выхаванне дзяцей і будучыню грамадства.

Асобна Святы Айцец закрануў цяжкасці, з якімі сутыкаюцца перуанскія сем’і: эканамічныя праблемы, эміграцыю, залежнасці, злоўжыванні і хатні гвалт. У якасці духоўнага арыенціра Папа прапанаваў прыклад Святой Сям’і, якая таксама перажывала нявызначанасць, змушана была змяняць месца жыхарства, працаваць, перажываць адзіноту і боль. 

«Бог любіць усе сем’і, асабліва тыя, якія перажываюць цяжкія часы. Ім хачу сказаць: не здавайцеся перад цяжкасцямі!»

— заклікаў Леў XIV і нагадаў, што Марыя, Юзаф і Езус, нягледзячы на няпростыя абставіны, захавалі веру і давер да Бога. «Яны вучаць нас, што пакуль Бог прысутнічае ў нашай сям’і, мы можам расці і працягваць свой шлях, пераадольваць праблемы, заставацца каля крыжа і дзяліцца радасцю веры», — сцвердзіў Папа.

Пантыфік таксама звярнуў увагу на ўплыў лічбавых тэхналогій, якія часам выцясняюць жывое сямейнае ўзаемадзеянне і адкрываюць дзецям доступ да шкоднага кантэнту. Адказнасць за вырашэнне гэтай праблемы, паводле Папы, павінны падзяляць сем’і, адукацыйныя ўстановы і дзяржава.

Разважаючы пра эканоміку, Святы Айцец падкрэсліў, што прадпрыемства павінна быць не проста механізмам атрымання прыбытку, але супольнасцю людзей, у якой капітал, кіраўніцтва і праца служаць цэласнаму чалавечаму развіццю. Багацце краіны не павінна канцэнтравацца ў руках нямногіх, а мусіць спрыяць дабрабыту ўсіх.

Асаблівую ўвагу Леў XIV надаў адукацыі, назваўшы яе ўкладам у будучыню справядлівага грамадства.

«Выхаванне сённяшніх дзяцей і моладзі ў павазе да іх уласнай годнасці — гэта гарантыя сумленнага грамадства заўтра»,

— сказаў Папа.

Яшчэ адной важнай тэмай стала культурная разнастайнасць Перу. Гэта краіна, як і іншыя лацінаамерыканскія, аб’ядноўвае людзей розных моў, традыцый і гістарычнага досведу. Леў XIV заклікаў бачыць у гэтай разнастайнасці не прычыну для падзелаў, а магчымасць для сустрэчы і ўзаемнага ўзбагачэння. «Культурная разнастайнасць можа стаць сродкам умацавання міру, калі мы пачынаем бачыць у чалавеку, які адрозніваецца ад нас, брата, вартага павагі. Адзінства ў разнастайнасці — гэта справа Духа Святога, але адначасова і тое, што мы самі павінны развіваць і ўмацоўваць, каб быць знакам еднасці ў Хрысце», — адзначыў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў не дапускаць выказванняў і паводзін, якія навешваюць ярлыкі, абражаюць або асуджаюць людзей з-за іх знешнасці, паходжання ці сацыяльнага становішча, нават калі гэта падаецца жартам або звычайным народным выслоўем.

Асобны заклік прагучаў у абарону жанчын. «Сумна бачыць, што па-ранейшаму захоўваецца мачысцкі светапогляд, які праяўляецца ў адсутнасці бацькі ў сямейным жыцці, злоўжываннях і гвалце ў адносінах да жанчын. Гэта ігнаруе навізну хрысціянства, якое прызнае і абвяшчае роўную годнасць і адказнасць мужчын і жанчын», — сказаў Леў XIV.

Пантыфік нагадаў, што жанчыны нясуць незаменны ўклад у грамадскае і касцельнае жыццё, а іх годнасць і адказнасць павінны быць прызнаныя ва ўсіх сферах.

Завяршаючы прамову, Папа аб’яднаў усе закранутыя тэмы — сям’ю, працу, адукацыю, культурную разнастайнасць і становішча жанчын — вакол адной мэты: будаваць грамадства, у якім кожны чалавек можа жыць годна і ўносіць свой уклад у агульнае дабро.

«Для гэтага неабходныя справядлівыя структуры, але іх недастаткова. Патрэбныя таксама сумленныя сэрцы, адданыя пошуку агульнага дабра і гатовыя пераадольваць карупцыю, гвалт і індывідуалізм»,

— падкрэсліў Святы Айцец.

«Што вы шукаеце?» — пытанне, з якога пачынаецца шлях

Апошняй і, магчыма, найбольш эмацыйнай падзеяй дня стала малітоўнае чуванне з моладдзю і студэнтамі на Нацыянальным стадыёне Лімы, дзе сабраліся каля 60 тысяч чалавек, яшчэ прыкладна 300 тысяч, паводле ацэнак уладаў, знаходзіліся на прылеглай тэрыторыі.

Падчас сустрэчы Папа выслухаў сведчанні маладых людзей, якія распавядалі пра ўласныя пошукі знайсці сваё месца ў жыцці. У адказ Леў XIV звярнуўся да пытання, якое Езус задаў першым вучням: «Што вы шукаеце?» (пар. Ян 1, 38). Леў XIV заклікаў не спяшацца з адказам, а спачатку задумацца пра тое, што найбольш захапляе, пра людзей, якіх мы любім, і мары, за якія гатовы змагацца. Пры гэтым важна не хаваць трывог, якія часам пазбаўляюць сну, і пытанняў, на якія пакуль няма адказу. «Езус цікавіцца ўсім гэтым, бо Ён цікавіцца вамі», — запэўніў Пантыфік.

Першае слова, над якім прапанаваў паразважаць Папа, — «запал» або «pasión».

Папа патлумачыў, што гэтае слова азначае не толькі моцную любоў да таго, што нас натхняе, але і муку або пакуты, якія гасяць наша жаданне жыць далей.

Тут Святы Айцец не абышоў увагай цяжкія перажыванні, знаёмыя многім маладым людзям: адзіноту нават у атачэнні іншых, страту блізкіх, няўпэўненасць у будучыні, пытанні пра тое, чаму Бог дапускае балючыя падзеі і чаму здаецца, што Ён маўчыць менавіта тады, калі найбольш патрэбны.

У адказ Леў XIV звярнуўся да Мукі Хрыста. Езус таксама спазнаў трывогу і цемру, але не перастаў любіць. Ён не жадаў крыжа самога па сабе — Ён жадаў нашага збаўлення. З любові да чалавека прыняў крыж і нёс яго да канца. Так прылада смерці стала праз ахвяру Хрыста месцам аб’яўлення любові, мацнейшай за смерць. Таму Пантыфік заклікаў маладых людзей у хвіліны пакутаў не адварочвацца ад Езуса, а шчыра гаварыць з Ім, нават калі цяжка знайсці словы для малітвы.

«Вера падтрымлівае нас на гэтым шляху і нагадвае, што мука ніколі не мае апошняга слова», 

— сказаў Папа. Разам з тым ён заахвоціў моладзь не губляць запалу да таго, што сапраўды мае каштоўнасць: праўды, дабра і прыгажосці. Важна развіваць свае таленты, адкрываць багацце ўласнай культуры і не баяцца высакародных ініцыятываў.

Другім словам у разважанні Папы стала слова «пакліканне». Леў XIV падкрэсліў, што яно не зводзіцца толькі да выбару паміж святарствам, кансэкраваным жыццём або сужэнствам. Кожны чалавек пакліканы рэалізаваць атрыманыя дары дзеля іншых. Адным з важных крокаў на гэтым шляху становіцца ўменне распазнаваць Божы голас сярод шматлікіх галасоў, якія прапануе сучасны свет.

Каб растлумачыць сваю думку, Пантыфік зноў звярнуўся да евангельскага аповеду пра першых вучняў. На пытанне, дзе жыве Езус, яны пачулі адказ: «Ідзіце і ўбачыце» (Ян 1, 38–39). У гэтым моманце Езус не раскрывае вучням увесь шлях адразу, а кліча зрабіць першы крок. Але важна не баяцца, папярэдзіў Святы Айцец і перасцярог моладзь ад меркавання, нібыта Божая воля патрабуе адмовы ад уласных мар, а паўната жыцця немагчымая без досведу граху. 

«Зло заўсёды атручвае», — нагадаў Леў XIV словы Бэнэдыкта XVI.

Яшчэ пакліканне, паводле Папы, не абавязкова пачынаецца з незвычайнай падзеі. Часам гэта простае запрашэнне сябра, досвед служэння або сустрэча з чалавекам, чыё жыццё дапамагае задумацца пра сапраўды важнае. Таму Святы Айцец заахвоціў маладых людзей знаходзіць час для малітвы, дзяліцца з Езусам сваімі планамі і чытаць Яго Слова. «Не бойцеся спытаць Яго, чаго Ён чакае ад вас», — заклікаў Пантыфік.

Асобна Леў XIV звярнуўся да тых, хто думае, што праз памылкі ўжо позна пачынаць нанова. Варта разумець, што Езус ведае гісторыю кожнага і кліча за Сабой, таму не трэба планаваць усю будучыню — дастаткова зрабіць пасільны крок сёння з даверам да Божай любові.

Трэцім словам стала «сяброўства». Папа звярнуў увагу на тое, што першыя вучні, пачуўшы запрашэнне Езуса, «засталіся ў Яго ў той дзень» (Ян 1, 39). Евангеліст Ян нават запомніў дакладны час гэтай сустрэчы — было каля дзясятай гадзіны. Менавіта з яе і пачалося сяброўства з Хрыстом, якое Езус пазней пацвердзіў словамі падчас Апошняй Вячэры: «Я ж назваў сябрамі вас» (Ян 15, 15). Леў XIV заклікаў моладзь развіваць гэтае сяброўства праз малітву, Эўхарыстыю і слуханне Божага Слова.

Чым больш чалавек вучыцца любіць Езуса, тым больш здольны любіць так, як Ён. Касцёл нараджаецца і жыве дзякуючы гэтаму сяброўству.

Звяртаючыся да тых, хто каардынуе моладзевыя групы і суправаджае іншых людзей, ён заклікаў дазваляць іншым клапаціцца пра сябе. У якасці прыкладу Папа нагадаў пра Езуса ў Гетсэманскім садзе, які ў хвіліну смутку хацеў, каб вучні засталіся побач з Ім (пар. Мц 26, 38).

Працягваючы разважанне пра сяброўства, Леў XIV звярнуў увагу на наступны эпізод з гісторыі першых вучняў, калі пасля сустрэчы з Езусам Андрэй пайшоў шукаць свайго брата Сымона і сказаў яму: «Мы знайшлі Месію» (Ян 1, 41), а затым прывёў яго да Хрыста. Папа прапанаваў моладзі наследаваць гэты прыклад: не замыкацца ва ўласным досведзе веры, але дзяліцца ім з іншымі.

«Сяброўскі жэст можа змяніць жыццёвы шлях чалавека»,

— заўважыў Пантыфік. 

Святы Айцец заклікаў не баяцца гаварыць пра Езуса і сведчыць уласным жыццём, колькі дабра прыносіць сяброўства з Ім. У гэтым кантэксце Леў XIV зноў нагадаў словы Бэнэдыкта XVI: «Пан не забірае нічога, а дае ўсё».

Напрыканцы чування Папа папрасіў заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі і перуанскіх святых, каб давер да Езуса штодня ўзрастаў, а маладыя людзі маглі з запалам жыць сваім пакліканнем і заставацца ў сяброўстве з Хрыстом.

Завяршылася сустрэча супольнай малітвай, у якой Леў XIV разам з моладдзю паўтарыў словы даверу:

«Езу, на Цябе спадзяюся.
Езу, на Цябе спадзяюся.
Езу, на Цябе спадзяюся.
Прыйдзі, Пане Езу!
Прыйдзі ў маё сэрца,
прыйдзі ў маю сям’ю,
прыйдзі ў маю супольнасць.
Прыйдзі хутчэй у маё жыццё!
Прыйдзі хутчэй, Пане!»

Абноўлена 14.11.2026 11:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа