Пошук

01.06.2026 18:50   Тэкст і фота: беларусы замежжа / Catholic.by

З 29 па 31 мая ў польскім горадзе Познань адбыўся IV З’езд беларусаў католікаў замежжа. Падзея, якая ўжо стала прыгожай традыцыяй беларускай каталіцкай супольнасці па-за межамі краіны, сабрала больш за сто ўдзельнікаў з розных гарадоў Польшчы.

Сярод прысутных былі таксама госці з Германіі і Літвы, што надало сустрэчы міжнародны характар.

Сёлетні з’езд стаў працягам сустрэч, арганізаваных у папярэднія гады: першы адбыўся ў Варшаве, другі — у Кракаве, трэці — у Гданьску, а цяпер гаспадаром мерапрыемства стала Познань. Сустрэчы служаць інтэграцыі католікаў беларусаў, якія жывуць па-за Бацькаўшчынай, абмену душпастырскім досведам, а таксама ўмацаванню веры і супольных сувязяў.

Беларускія душпастырствы дзейнічаюць сёння ў васьмі гарадах Польшчы, ствараючы прастору для малітвы, фармацыі і ўзаемнай падтрымкі вернікаў, якія жывуць у замежжы.

Праграма з’езду ўключала супольную малітву, Эўхарыстыю, канферэнцыі, сведчанні веры, а таксама час для роздуму і размоў. Выдзяляўся час і для засяроджання, духоўных разважанняў і супольнага пошуку адказаў на выклікі, перад якімі стаяць беларускія каталіцкія супольнасці па-за межамі краіны.

Першая частка дня ў суботу прайшла ў касцёле святога Антонія Падуанскага айцоў францішканаў. Падчас канферэнцыі ўдзельнікі дзяліліся досведам развіцця беларускіх душпастырстваў, распавялі пра дзейнасць сваіх супольнасцяў і сведчылі пра сваё хрысціянскае жыццё.

У сустрэчы ўдзельнічаў ксёндз Лешэк Крыжа TChr, каардынатар душпастырства беларусаў у Польшчы. Душпастырствам беларусаў у Познані з кастрычніка мінулага года апякуецца езуіт, ксёндз Гжэгаж Дабрачыньскі SJ. Сярод удзельнікаў былі таксама беларускія святары, якія служаць па-за межамі краіны.

У другой частцы асноўнага дня ў галерэі езуітаў адбыўся ўрачысты канцэрт, які стварыў прастору для інтэграцыі, размоў і ўмацавання сувязяў паміж удзельнікамі.

Удзельнікі з’езду выказваюць шчырую падзяку супольнасцям езуітаў і францішканаў у Познані, дабрачыннай арганізацыі Caritas, а таксама ксяндзу Лешэку Крыжа TChr за падтрымку, гасціннасць і стварэнне магчымасці для супольнай сустрэчы, малітвы і будавання супольнасці.

Абноўлена 01.06.2026 23:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця