
12 лютага 2016 года ў зале дзяржаўнага пратакола міжнароднага аэрапорта імя Хасэ Марці ў Гаване (Куба) сустрэліся кіраўнікі Рыма-каталіцкага Касцёла і адной з буйнейшых Праваслаўных Цэркваў свету.
Яны паціснулі адзін адному рукі, абняліся і тройчы пацалаваліся. Патрыярх сказаў па-руску: «Мяне не пакідае пачуццё, што мы сустракаемся з вамі ў правільны час у правільным месцы». Папа адказаў на роднай для яго іспанскай мове: «Я дзякую Святой Тройцы, што такая магчымасць адбылася. Нарэшце! Мы — браты».
Іерархі гутарылі больш за дзве гадзіны. Ацэньваючы сустрэчу, Папа Францішак сказаў: «Я адчуў унутраную радасць, якая была сапраўды ад Бога». Патрыярх Кірыл адзначыў: «Пры ўсіх наяўных багаслоўскіх адрозненнях паміж праваслаўнымі на Усходзе і католікамі на Захадзе мы ясна разумеем сёння нашу агульную адказнасць».
Па выніках сустрэчы была падпісана дзесяціаркушавая дэкларацыя з 30 пунктаў. У ёй іерархі адзначылі:
«З радасцю мы сустрэліся як браты па хрысціянскай веры, пабачыўшыся, каб «паразмаўляць» (пар. 2 Ян 12).Папа і Патрыярх таксама зазначылі, што яны смуткуюць аб страце адзінства, якая сталася вынікам «чалавечай слабасці і грахоўнасці і адбылася насуперак Першасвятарскай малітве Хрыста Збаўцы».
У дэкларацыі былі пазначаны самыя важныя тэмы, якія іх аб’ядноўваюць:
- абарона хрысціян на Блізкім Усходзе, пазбаўленне ад тэрарызму і насілля на планеце, асабліва ў Сірыі і Іраку;
- забеспячэнне свабоды рэлігіі ў некаторых краінах і неабходнасць міжрэлігійнага дыялогу;
- неабыякавасць да лёсу бежанцаў, якія стукаюцца ў дзверы багатых краін;
- павага неад’емнага права на жыццё немаўлят і цяжкахворых людзей;
- шкадаванне з прычыны ўраўнівання ў правах аднаполых саюзаў з традыцыйнымі сем’ямі;
- спыненне канфлікту ва Украіне;
- прымірэнне грэка-католікаў з праваслаўнымі і пошук паміж імі шляхоў да ўзаемапрымальных форм суіснавання;
- выключэнне любых форм празелітызму («пераманьванне» ў сваю канфесію), бо католікі і праваслаўныя «не сапернікі, а браты».
Сустрэча Святога Айца Францішка і Патрыярха Кірыла мела вялікі станоўчы водгук ва ўсім свеце як вельмі актуальная і важная праява экуменізму і яскравага разумення негатыўнага ўплыву на адносіны паміж народамі факта падзелу хрысціянскіх канфесій.
Праўда, асобнымі рэлігійнымі дзеячамі і грамадскімі плынямі як у Паўсюдным Касцёле, так і ў Праваслаўнай Царкве крытыкаваліся як сама сустрэча ў Гаване, так і яе вынікі.

Спыненне эўхарыстычных зносін паміж Рымам і Канстанцінопалем адбылося ў 1054 годзе, пасля чаго пачалося канчатковае адасабленне Рыма-каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы. У студзені 1965 года Святы Айцец Павел VІ і патрыярх Канстанцінопальскі Афінагор І знялі ўзаемныя анафемы 1054 года.







