Пошук

28.09.2022 10:30   Vatican News
Кардынал Курт Кох. Фота: Ahn Hoon / The Korea Herald

У інтэрв’ю швейцарскаму штодзённіку Neue Zürcher Zeitung Прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох распавёў пра сваю сустрэчу з патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам, а таксама скептычна выказаўся адносна так званага «сінадальнага шляху» ў нямецкім Касцёле.

Як паведаміла 27 верасня Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, паводле кардынала Коха, патрыярх Маскоўскі спадзяваўся на нейкі «стратэгічны саюз з Рымам», каб падтрымаць сваю рэлігійную легітымізацыю расійскай ваеннай агрэссіі ва Украіне.

Кіраўнік дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству заўважыў, што Кірыл быў перакананы ў нейкай «асаблівай місіі Расіі», якая нібы заключаецца «ў абароне хрысціянскіх каштоўнасцяў ад дэкадэнцкага Захаду». Таму падчас візіту кардынала Коха ў Маскву ён прапанаваў яму «стратэгічны саюз» для абароны гэтых каштоўнасцяў.

Ватыканскі іерарх адназначна адхіліў прапанову кіраўніка Рускай праваслаўнай царквы.

«Я ведаў ідэі Кірыла. Тым не менш, не чакаў, што ён пойдзе так далёка і стане ўзаконьваць агрэсіўную вайну. Гэта мяне вельмі здзівіла», — прызнаўся кардынал.

Патрыярх Маскоўскі «на кожнай сустрэчы» крытыкаваў Украінскую Грэка-Каталіцкую Царкву. Ён абвінавачваў яе ў «браканьерстве» супраць праваслаўных вернікаў. Кардынал заявіў, што яму неаднаразова прыходзілася адхіляць гэтыя беспадстаўныя абвінавачванні.

Прэфект дыкастэрыі звярнуў увагу на тое, што дагэтуль няма «канкрэтнага адказу» на прапанову Папы паехаць у Маскву і сустрэцца з расейскім прэзідэнтам Пуціным і Кірылам. Ён таксама лічыць малаверагоднай на дадзены момант паездку Пантыфіка ва Украіну. «Дактары не раяць ехаць цягніком у Кіеў. Папа поўны энергіі, але стан калена ўсё роўна прымушае яго перасоўвацца ў інвалідным вазку», — сказаў кардынал.

Высокі ватыканскі іерарх не бачыць маральнай праблемы ў пастаўках зброі ва Украіну.

«Абсалютны пацыфізм, які трымаецца ў баку, калі ўжываецца насілле, не з’яўляецца хрысціянскім. Калі існуе несправядлівае насілле, і я магу ўмяшацца, я павінен гэта зрабіць», — патлумачыў швейцарскі тэолаг. Ён спаслаўся на словы Папы Францішка, які падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта, вяртаючыся з Казахстана, назваў пастаўкі зброі Кіеву маральна апраўданымі, «калі гаворка ідзе пра дапамогу ахвярам агрэсіі ў іх абароне».

У інтэрв’ю кардынал таксама падтрымаў крытыку Папы адносна так званага «сінадальнага шляху» ў Германіі. Ён нагадаў, што Папа Францішак крытыкаваў ініцыятыву ў тым ліку за тое, што ў ёй удзельнічае толькі малая частка вернікаў. «Насамрэч, гэта людзі з рознымі функцыямі, якія цяпер вядуць дыскусію аб будучыні Касцёла», — кардынал заўважыў Кох, патлумачыўшы, што сам сачыў за рознымі дэбатамі праз інтэрнэт-трансляцыі і з цяжкасцю разумеў некаторыя з іх.

«Ці магчымая змястоўная, сапраўды сінадальная дыскусія, калі час прамовы абмежаваны адной хвілінай? Замала месца для сапраўднага абмеркавання спрэчных момантаў», — сказаў Прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.